Былой жонцы і сынам Марыніча суд пакінуў толькі прас, трэнажор і тэлевізар

Алег Грузьдзіловіч, Менск У Цэнтральным судзе Менску вырашаны лёс маёмасьці сям’і Міхаіла Марыніча — амаль уся яна сканфіскаваная. Сыны Марыніча назвалі гэтая рашэньне зьдзекам з правасудзьдзя і іх сям’і.
7 чэрвеня ў Цэнтральным судзе Менску завяршыўся працэс па скарзе сваякоў Міхаіла Марыніча на рашэньне Менскага раённага суду аб канфіскацыі маёмасьці палітыка. Толькі прас, вэлятрэнажор і тэлевізар пакінула судзьдзя Натальля Вайцэховіч былой жонцы і ягоным сынам з усіх рэчаў у кватэры на былым праспэкце Машэрава, дзе раней жыў Міхаіл Марыніч.

Сваякі прасілі судзьдзю скасаваць рашэньне аб канфіскацыі на той падставе, што Міхаіл Марыніч стварыў новую сям’ю і забраў сваю маёмасьць. Гэта пацьвярджалі пэўныя дакумэнты і расповеды сьведкаў. Але суд вырашыў спрэчку на карысьць сваякоў палітыка толькі ў трох выпадках. Уся астатняя маёмасьць, якую ацанілі прыкладна на 2 тысячы даляраў, будзе сканфіскаваная. Сын Міхаіла Марыніча Ігар гэтак пракамэнтаваў рашэньне суду:

(Марыніч: )“Бацька жыў у той кватэры да 1999 году… Лічу, што гэта зьдзек з усёй нашай сям’і. Нас вырашылі яшчэ раз пнуць. Гэта дастаткова дробна, непрыемна, мы гэта перажывём, але ўсё роўна — так ня робяць”.

Сыны Міхаіла Марыніча ўжо заявілі, што ня згодныя з рашэньнем суду і зьбіраюцца яго абскардзіць.

Пасля суду я спытаў у Ігара Марыніча, што вядома пра стан здароўя ягонага бацькі.

(Марыніч: ) “Нас цяпер да яго не дапускаюць. Але людзі, якія яго бачылі, а таксама дактары, кажуць, што ён адчувае сябе добра, усе зьдзіўляюцца ягонай волі”.

У сакавіку ў Аршанскай калёніі Міхаіл Марыніч перанёс інсульт, у яго былі часткова паралізаваныя рука і нага. З траўня Міхаіл Марыніч знаходзіцца ў менскай калёніі. Палітык спадзяецца на амністыю, якая дазволіць яму разьлічваць на датэрміновае вызваленьне.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч быў асуджаны летась на тры з паловай гады зьняволеньня за крадзеж. Марыніч сваёй віны не прызнаў і заявіў, што яго перасьледуюць паводле палітычных прычынаў. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.