Вацлаў Гавэл заснаваў аб’яднаньне ў дапамогу беларускай апазыцыі (фотарэпартаж)

RFE/RL Сёньня ў Празе, у будынку Сэнату Чэскай Рэспублікі, адбылася прэзэнтацыя Міжнароднага аб’яднаньня “Грамадзянская Беларусь”. Яна створаная для дапамогі беларускім недзяржаўным арганізацыям, якія адчуваюць ціск уладаў альбо ўвогуле былі зачыненыя. Заснавальнікам новага аб’яднаньня выступіў Вацлаў Гавэл, а таксама іншыя вядомыя чэскія палітыкі і дысыдэнты.
Акрамя Вацлава Гавала, заснавальнікамі “Грамадзянскай Беларусі” выступілі сэнатары Ярамір Шчэціна і Карэл Шварцэнбэрг, намесьніца ўпаўнаважанага ў справах правоў чалавека Чэскай Рэспублікі Анна Шобатова, дысыдэнт Ян Румл, кіраўнік фонду “Чалавек у нядолі” Томаш Пояр.

Прадстаўнікі правааабарончай арганізацыі “Вясна”, якія былі запрошаныя ў Прагу, распавялі пра апошнія судовыя працэсы над актывістамі апазыцыі і адзначылі, што для іх вельмі важна адчуваць сябе не ў адзіноце. Праваабаронца Паліна Сьцепаненка сказала, што практычна ва ўсіх судовых працэсах, якія распачыналіся супраць недзяржаўных арганізацыяў Міністэрствам юстыцыі, суд выступаў на баку ўладаў.

Гаворачы пра мэты новага аб’яднаньня, вядомы чэскі дысыдэнт Ян Румл падкрэсьліў, што яго мэта – выступіць своеасаблівым юрыдычным парасонам для тых недзяржаўных арганізацыяў у Беларусі, дзейнасьць якіх забароненая.

“Грамадзянская Беларусь” будзе зарэгістраваная і ў Чэхіі, і ў Брусэлі пры Эўрапейскім Зьвязе – – актывісты ж забароненых беларускіх арганізацыяў будуць прадстаўнікамі ў Беларусі.

Сёньня ў чэскім Сэнаце неспадзявана сышліся тэмы дзьвюх краінаў, вельмі далёкіх адна ад другой – Беларусі і Кубы. Сэнатар Ярамір Шчэціна прыехаў на сустрэчу ў Сэнат адразу з аэрапорту – у Маямі, ЗША, ён сустракаўся з прадстаўнікамі кубінскай палітычнай эміграцыі. Спадар Шчэціна сказаў, што для абаронцаў правоў чалавека не існуе межаў і кантынэнтаў.

Сэнатар князь Карэл Шварцэнбэрг некалькі тыдняў таму быў дэпартаваны з Кубы, што выклікала дыпляматычны скандал. А сэнатар Святаплук Карасэк, які таксама быў сёньня на прэзэнтацыі, у гэтыя дні плянаваў быць у Менску – але беларуская амбасада адмовіла яму ў візе.

Вацлаў Гавэл на гэты конт сказаў, што ўсе рэжымы ў нечым падобныя – і ў Кітаі, і ў Паўночнай Карэі, і на Кубе. Але для чэхаў вельмі важна спрыяць дэмакратыі ў Беларусі – бо з усіх таталітарных дзяржаваў яна геаграфічна бліжэйшая да Чэхіі. Паводле Гавэла, дапамога беларускім недзяржаўным арганізацыям будзе садзейнічаць агульнай духоўнай атмасфэры ня толькі ў самой Беларусі, але і ў посткамуністычных краінах.

На сустрэчы у Сэнаце Чэскай Рэспублікі прысутнічалі супрацоўнікі міністэрства замежных спраў Чэхіі, прадстаўнікі Рады БНР, беларускіх арганізацыяў і студэнты зь Беларусі, якія вучацца ў Празе.

Фота:

Падчас прэзэнтацыі аб’яднаньня “Грамадзянская Беларусь”

Вацлаў Гавэл.

Вацлаў Гавэл.

Ярамір Шчэціна, Карэл Шварцэнбэрг, Ян Румл.

Выступае праваабаронца Паліна Сьцепаненка (“Вясна”)

Сяргей Навумчык, Уладзіслаў Яндзюк.





Фота: "Чалавек у Нядолі", Ільля Глыбоўскі