У нядзелю ў сьвеце адбыліся акцыі эколягаў, а ў Беларусі сьвяткавалі мэліяратары

Вячаслаў Кулік, Менск 5 чэрвеня ва ўсім сьвеце адзначаўся Дзень аховы навакольнага асяродзьдзя. У Беларусі ў гэты ж дзень афіцыйна сьвяткавалі і Дзень мэліяратараў.
Усясьветны дзень аховы навакольнага асяродзьдзя быў абвешчаны Генэральнай асамблеяй ААН у 1972 годзе і з таго часу штогод адзначаецца ўсясьветнай супольнасьцю. Дырэктар Беларускага аддзяленьня Міжнароднай акадэміі экалёгіі Яўген Шырокаў падкрэсьлівае, што гэты дзень ня ёсьць прафэсійным сьвятам эколягаў, а падставай прыцягнуць увагу да праблемы аховы навакольнага асяродзьдзя, якую лічаць у сьвеце адной з самых важных.

(Шырокаў: ) “Гэта праблема клімату, гэта значыць энэргетыка. Ахова водных рэсурсаў, захаваньне лясоў, балотаў і гэтак далей. І экалёгія самога чалавека, барацьба з устойлівымі арганічнымі забруджвальнікамі, якіх становіцца ўсё больш і больш у сучасным жытле, офісе і іншых месцах. Ну, а вырашаюцца яны якім чынам? Існуюць дзяржпраграмы, а недзяржаўныя арганізацыі выступаюць з вызначанымі ініцыятывамі, рэзалюцыямі. Праз сваіх прадстаўнікоў у Эўрапарлямэнце ці ва ўрадах краінаў даводзяцца да тых, хто прымае рашэньні і такім чынам ажыцьцяўляюць узаемадзеяньне”.

Калі лічыць прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў з удзелам чыноўнікаў Мінпрыроды за дзяржаўны ўзровень, то Усясьветны дзень аховы навакольнага асяродзьдзя ўзгадвалі і ў Беларусі. Але адбылася проста чарговая справаздача. На пытаньне, чаму Беларусь не далучаецца да Кіёцкага пратаколу па чысьціні атмасфэры, хаця мае ў сярэднім па 600 кіляграмаў шкодных выкідаў на чалавека, пэўнага адказу не было. Як і на наступныя – напрыклад, чым пагражаюць радыяцыйныя могільнікі, дзе назапасілася болей за адзін мільён тон друзу, альбо, што рабіць з атрутнымі ядахімікатамі, якія ня выкарыстаныя ў калгасах яшчэ з савецкіх часоў? Пра нейкія мерапрыемствы ў зьвязку з Усясьветным днём аховы навакольнага асяродзьдзя супрацоўнікі Мінпрыроды не змаглі паведаміць.

(Супрацоўніца Мінпрыроды: ) “Якой-небудзь дадатковай інфармацыі ня ведаю. Ніхто не паведамляў дадаткова”.

Адметным у краіне стала прафэсійнае сьвята мэліяратараў. Напярэдадні я размаўляў з адным з кіраўнікоў Пінскага праектнага інстытута мэліярацыі Анатолем Амельчанкам. Мяркуючы па тым, як яны адзначылі сваё сьвята, мэліярацыя беларускага Палесься працягвае разьвівацца пасьпяхова.

(Амельчанка: ) “100 чалавек у рэстаран сёньня ідзём. Ужо заказана ўсё. Заахвоцілі пераможцаў, уручылі граматы. На ўшанаваньне ў сувязі са сьвятам выдаткавана 20 мільёнаў рублёў”.

А вось што кажа пра мэліярацыю вядомы публіцыст Анатоль Казловіч.

(Казловіч: ) “З іроніяй мы ставімся да мэліяратараў, таму што яны асушылі ў Беларусі 3 мільёны гектараў зямлі. Асушылі дрэнна, закапалі грошы, а эфэкту яны не даюць.Трэба падумаць, каб не паўтарыць так званай татальнай мэліярацыі, калі асушаюцца цалкам вялікія масівы балотаў. Паляпшаць можна толькі невялікія кавалкі. І пакідаць тыя, якія самі ўзнаўляюць беларускую флёру і фаўну”.