Посьпехі і праблемы беларускіх гандбалістаў у Нямеччыне

Ганна Сурмач, Прага (03.05.2005) Новая перадача сэрыі “Беларусы за мяжой”. Удзельнікі: Андрэй Клімавец (Фленсбург), Раіса Ціхановіч (Франкфурт на Одры), Андрэй Сіняк (Гамбург).
Дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі “Аб мерах у супрацьдзеяньні гандлю людзьмі” распаўсюджваецца і на беларускіх спартоўцаў, якія хацелі б працаваць за мяжой. У адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам ліцэнзія на працаўладкаваньне ў замежных камандах будзе выдавацца толькі з адмысловага дазволу Міністэрства ўнутраных справаў. У замежжы сёньня працуе шмат беларускіх спартоўцаў. Чаму яны вымушаныя былі пакідаць сваю краіну, як ім пачуваецца на новым месцы, што яны думаюць пра новы парадак выезду? Адказы на гэтыя пытаньні вы пачуеце ў чарговым выпуску перадачы “Беларусы за мяжою”, удзельнікамі якога будуць беларускія гандбалісты і гандбалісткі ў Нямеччыне.

Нямеччына асабліва прыцягальная для беларускіх гандбалістаў. Сёньня яна належыць да ліку тых краінаў, дзе гэты від спорту пасьпяхова разьвіваецца. Высокі ўзровень, на якім знаходзіцца нямецкі гандбол, дае беларускім гульцам магчымасьць для прафэсійнага росту. Прываблівае спартоўцаў і больш высокае фінансавае забесьпячэньне. Сёньня ў розных клюбах Нямеччыны працуе цэлая каманда беларускіх гандбалістаў, як мужчын, так і жанчын.

(Клімавец: ) "Вельмі шмат людзей іграе са зборнай Беларусі. Вы кантактуем, перазвоньваемся. Гэта не ад добрага жыцьця. Калі б мне прапанавалі тыя ж умовы ў Беларусі, то навошта мне было б некуды са сваёй Радзімы ехаць".

Гэта быў Андрэй Клімавец, які цяпер гуляе за гандбольны клюб з горада Фленсбургу, на поўначы Нямеччыны.

У Беларусі Андрэй быў у нацыянальнай камандзе, згуляў там, па ягоных словах, больш сотні гульняў за зборную Беларусі. Потым дастаў кантракт у Нямеччыне.

Як там склалася Ваша прафэсійная кар''ера, не шкадуеце, што выехалі?

(Клімавец: ) "Не, не шкадую. У першы год, вядома, было вельмі цяжка, ня ведаў мовы, я нават хацеў вяртацца дадому. Але потым зьявіліся сябры, шмат знаёмых, зь цягам часу прывык. Восем гадоў гуляў у Фленсбургу, зараз пераходжу ў іншы клюб гуляць, тут мяне ўжо не пакідаюць. Але таксама ў Нямеччыне. З маім узроўнем у мяне няма праблемаў знайсьці іншы клюб. Я тут восем гадоў, і я зрабіў сабе імя. З тых людзей, хто цікавіцца гандболам, маё імя вельмі многія ведаюць".

Жонка Андрэя таксама спартоўка, у Беларусі займалася пяцібор’ем, а цяпер працуе трэнэрам, вучыць дзяцей плаваць.

Іхныя дзеці ўжо вырасьлі ў Нямеччыне. І таму на маё пытаньне да Андрэя, ці не зьбіраюцца яны вяртацца на Радзіму, ён з сумам адказаў так:

(Клімавец: ) "Вяртацца як, у мяне дзеці ўжо лепш размаўляюць па-нямецку. Калі мы вернемся, то нам з жонкай можа будзе і добра, але для дзяцей горш, бо пэрспэктывы ніякай няма ў Беларусі. Для іх ужо родны дом у Нямеччыне. Мы езьдзілі на адпачынак у Беларусь і мяне дачка пыталася, калі паедзем дахаты. Яна нарадзілася ў Менску, але калі ад''ехалі, ёй было 6 месяцаў, сын нарадзіўся ўжо тут у Нямеччыне. Я лічу, што ў іх тут шанцаў болей, чым у нас".

***

Былая капітан нацыянальнай жаночай зборнай Беларусі па гандболе Раіса Ціхановіч таксама ўжо восем гадоў працуе ў Нямеччыне, выехала туды па кантракце з адным з клюбаў у Заходняй Нямеччыне і некаторы час жыла каля Кёльну. Цяпер яна жыве і выступае за гандбольны клюб у Франкфурце на Одры.

На якім узроўні знаходзіцца Ваш клюб у Нямеччыне?

(Ціхановіч: ) "Мы цяпер на чацьвёртым месцы, у мінулым годзе мы былі чэмпіёнамі Нямеччыны".

Вы задаволеная, што выехалі, я маю на ўвазе ў сэнсе прафэсійнага росту?

(Ціхановіч: ) "Канечне, я задаволеная тым, што выехала".

Будзеце заставацца там назусім?

(Ціхановіч: ) "Ня ведаю яшчэ. Цягне вельмі дадому".

***

Андрэй Сіняк прыехаў у Нямеччыну ў 1996 годзе таксама на працу па кантракце. Зараз ён выступае за гандбольны клюб у Гамбургу, які лічыцца адным з пасьпяховых.

Па словах Андрэя, у Беларусі ён ўжо дарос да нацыянальнай каманды, гуляў за зборную.

Чаму ж тады, спадар Андрэй, Вы ўсё ж пагадзіліся на прапанову нямецкага клюбу?

(Сіняк: ) "Беларускі чэмпіянат быў не настолькі высокага ўзроўню, каб можна было разьлічваць на далейшы рост. У Нямеччыне гуляюць больш моцныя гульцы ў нашым спорце, так што нямецкая ліга дала мне нашмат больш. Узровень падрыхтоўкі тут вельмі высокі. Калі распаўся СССР, у нас, у Беларусі, была адна каманда і спартоўцам стала вельмі цяжка, бо не стала канкурэнцыі, і ўзровень паступова падаў. А тут узровень высокі ўвесь час таму, што лепшыя гульцы з розных краінаў іграюць у Нямеччыне".

А хто ў камандзе побач з Вамі, ці ёсьць яшчэ беларусы ў Вашым клюбе?

(Сіняк: ) "Не, з постсавецкіх краінаў няма нікога, ёсьць французы, немцы, югаславы, гішпанцы".

Са сваім прафэсійным багажом, набытым ў Беларусі, наколькі цяжка было прывыкаць у Нямеччыне?

(Сіняк: ) "Зразумела, перастройвацца заўсёды цяжка. Тут зусім іншая сыстэма. У нас гульцы выхоўваліся разам зь дзяцінства, расьлі разам і потым разам ігралі. Тут склад каманды мяняецца практычна штогод, таму было вельмі складана да гэтага прывыкнуць. Моўны бар''ер быў вельмі адчувальны плюс новыя людзі, зь якімі ты ня можаш нармальна кантактаваць, ня ведаеш, чаго ад іх чакаць, як яны гуляюць. Гандбол тут шмат чым адрозьніваецца ад беларускага, так што складанасьці былі".

А як цяпер Вы можаце ацаніць узровень гандболу ў Беларусі, Вы цікавіцеся гэтым?

(Cіняк: ) "Справа ў тым, што я гуляю за нацыянальную зборную Беларусі да гэтага часу. Канечне, узровень беларускага чэмпіянату зараз ня вельмі высокі. У Беларусі ёсьць толькі адзін моцны клюб – гэта ў Берасьці. Ён стаў моцным, дзякуючы фінансавым магчымасьцям, яны прыцягнулі ўсіх лепшых гульцоў зь Беларусі.

Узровень беларускіх клюбаў, вядома, нельга параўнаць з узроўнем заходніх клюбаў. Справа, найперш, у фінансавай сытуацыі. Клюбны гандбол у Беларусі практычна адсутнічае. Фінансавая база настолькі слабая, што яе хапае толькі на тое, каб падрыхтавацца і выступіць на чэмпіянаце Беларусі. Грошай на паездкі на спаборніцтвы няма.

Калі ў Беларусі гулец вырастае да прыстойнага ўзроўню, то ён потым ад''яжджае, Заходнія клюбы прапануюць яму больш выгодныя фінансавыя ўмовы. І іх можна зразумець. Так што ў Беларусі толькі кузьня, добрая школа, добрыя спэцыялісты. Тут гэтага няма. Тут не рыхтуюць добрых спартоўцаў, тут іх толькі выкарыстоўваюць.

У нас яшчэ засталася з часоў Савецкага Саюзу свая спартыўная індустрыя. Гэта дзіцячыя спартовыя школы, потым юнацкія. Спартовец з дзіцячага ўзросту ішоў па ступеньках і падымаўся да каманды майстроў і далей да ўзроўню гульца нацыянальнай каманды, калі ён быў таленавіты і працавіты. А тут бяруць гатовага гульца і плацяць яму грошы, прапануюць лепшыя фінансавыя ўмовы, калі хочаш – гуляй, не хочаш, як хочаш".

Так што адзінае, чым спартоўцы могуць аддзячыць Бацькаўшчыне за выхаваньне – іграць у нацыянальнай зборнай?

(Сіняк: ) "Так, у нацыянальнай камандзе, практычна, толькі адзіны шанец".

Наколькі Вы там матэрыяльна забясьпечаны?

(Сіняк: ) "Гандбол ня той від спорту, які можа забясьпечыць чалавека на ўсё жыцьцё. Гандболам можна зарабляць на сёньня, нават, калі ты гуляеш у такой моцнай лізе, як нямецкая. Гэта не футбол і не хакей. У нас заробкі нашмат меншыя. Пакуль я гуляю, я не адчуваю ніякіх фінансавых цяжкасьцяў. Але я зарабляю прыкладна, як сярэдні немец”.

А калі скончыцца кар''ера ў спорце, якая пэрспэктыва там можа чакаць спартоўца?

(Сіняк: ) "Канечне, тут можна застацца трэнэрам, можна пайсьці некуды вучыцца, тут няма праблемаў. Я магу пайсьці вучыцца ва ўнівэрсытэт, магу пайсьці працаваць і вучыцца. Гэта тое пытаньне, якое сёньня мяне моцна цікавіць. Я пакуль не магу вырашыць, у якім накірунку далей працаваць".

А трэнэрам, наколькі гэта магчыма?

(Сіняк: ) "Канечне, шмат трэнэраў тут працуе, нават беларусы. Тут няма школаў, але тут ёсьць 10 лігаў гандбольных. У Нямеччыне 10 тысяч чалавек займаецца гандболам, гэта даволі папулярны від спорту ў немцаў".

Я так разумею, што Вы яшчэ не пакінулі думкі вярнуцца ў Беларусь?

(Сіняк: ) "Абсалютна не. У мяне нават больш цяпер тэндэнцыя, што трэба вяртацца дадому. Сумую па Менску, у мяне там бацькі і ўся радня, усе сябры. Я заўсёды з задавальненьнем прыяжджаю ў Менск і праводжу там час. Але ж пытаньне, што я там буду рабіць?”

Як Вы ставіцеся да гэтай праблемы з дазволам на выезд, які цяпер патрэбны спартоўцу?

(Сіняк: ) "Ну напрыклад, у Расеі яна таксама існуе, гульцы ня могуць выяжджаць да 25-гадовага ўзросту. Спартовец мусіць заставацца да 25 гадоў у краіне і гуляць за клюб, які не стварае яму лепшых умоваў. Але трэба прызнаць, што ў Расеі гэтыя ўмовы дастаткова добрыя, у адрозьненьні ад Беларусі.

З аднаго боку – цябе выхавалі, затрацілі на цябе сродкі, і ты павінен нешта аддаць назад, гуляць за сваю краіну. Але гульца таксама можна зразумець. Калі ён сёньня атрымлівае добрую прапанову, то магчыма пасьля 25 гадоў ён такіх прапановаў ужо мець ня будзе".

Вы кажаце, што ў Беларусі рыхтуюць добрых спартоўцаў, але пытаньне – для чаго, калі няма магчымасьцяў для іх самарэалізацыі, для іх далейшага прафэсійнага росту ў сваёй краіне? Калі таленавіты спартовец даходзіць да пэўнага ўзроўню, а далей разьвівацца ня можа ў тых умовах, якія ёсьць у беларускім спорце, што яму рабіць?

(Сіняк: ) "Яму трэба ад''яжджаць, шукаць далейшыя шляхі разьвіцьця, калі ён гэтага хоча".

А калі яму цяпер не дазволяць?

(Сіняк: ) "Гэта будзе, вядома, ня вельмі добра. Я думаю, што гэта будзе неяк адрэгулявана, нейкі кампраміс павінен быць знойдзены. Калі ў спартоўцаў не будзе пэрспэктывы зарабляць нармальныя грошы, то трэба плаціць яму ў сваёй краіне дастатковыя грошы. Калі гэтая праца будзе беспэрспэктыўнай, а пакуль што гэтая пэрспэктыва магчымая толькі пры ўмове выезду за мяжу працаваць па кантракце. Калі такую магчымасьць забраць у людзей, то гэтаю справаю проста ніхто ня будзе займацца".

Не падрэжа ў корані гэты новы парадак выезду за мяжу падрыхтоўку маладых спартоўцаў у Беларусі?

(Сіняк: ) "Тады, канечне, будзе вялікая праблема, спорт зусім перастане разьвіваецца. Альбо калі зьменіцца сыстэма і будуць падтрымліваць клюбы на дзяржаўным узроўні, як гэта, напрыклад, робіцца ў скандынаўскіх краінах, там дзяржавы падтрымліваюць спорт і спартоўцы даволі добра сябе пачуваюць. Калі б мне ў Беларусі дадуць добрую зарплату, я таксама вярнуся назад і буду гуляць за беларускі клюб".

Як я Вас разумею, выйсьце ў тым, каб беларуская дзяржава лепш стварала адпаведныя ўмовы для спартоўцаў на Радзіме, а не ішла шляхам забаронаў на выезд. Што на Вашу думку трэба было зрабіць канкрэтна?

(Сіняк: ) "Зрабіць так, як робіцца тут. Тыя ж спонсары. Калі, напрыклад, нейкая фірма падтрымлівае нейкі спартовы клюб, то яна мае льготы. У Нямеччыне і на Захадзе ўвогуле існуе такая практыка, што кожная вялікая фірма мае пэўны гадавы бюджэт на рэкляму, гэты бюджэт можа аддавацца нейкай камандзе, як спонсарскія сродкі, а каманда абавязваецца іграць з рэклямаю фірмы – у зале знаходзіцца гэтая рэкляма на шчытах, ці на пляцоўцы. Грошы зарабіць для спонсара, напрыклад, у гандболе немагчыма. Спонсар як бы нясе затраты, ён толькі дае грошы і нічога на гэтым не зарабляе, а мае толькі магчымасьць рэклямы. Па гэтай прычыне ўсе каманды, ці клюбы хочуць удзельнічаць у эўрапейскіх спаборніцтвах, каб рэкляма была не толькі ў сваёй краіне, але і на эўрапейскім узроўні".

Гэта і ёсьць стымул для спонсарства. Лічыце, што ў Беларусі гэтая сыстэма можа быць рэалізаваная?

(Сіняк: ) "Я думаю, што магчыма. Але павінна вырасьці не адно пакаленьне. У нас на сёньняшні дзень калі і ёсьць у людзей грошы, то яны лепш іх некуды схаваюць на "чорны дзень", бо ніхто ня ведае, што будзе заўтра ў Беларусі. У нас няма ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні, нестабільнасьць".