Аляксандар Лукашэнка забараніў назвы шэрагу недзяржаўных газэтаў

Ганна Соусь, Менск Указ Аляксандра Лукашэнкі аб рэглямэнтацыі выкарыстаньня словаў “нацыянальны” і “беларускі” ў назвах дзяржаўных і недзяржаўных арганізацыяў Беларусі найбольш закране незалежныя сродкі масавай інфармацыі, якія цягам трох месяцаў павінны прайсьці перарэгістрацыю.
Як успрымаюць гэтую пэрспэктыву ў рэдакцыях газэтаў, якія маюць у назвах словы “беларускі “ і “нацыянальны”?

Намесьніца галоўнага рэдактара “Белорусской деловой газеты” Ірына Халіп называе ўказ Аляксандра Лукашэнкі чарговай спробай зьнішчыць незалежную прэсу.

(Халіп: ) “Гэта фактычнае зьнішчэньне гандлёвых знакаў. І “Белорусская деловая газета”, і “Белорусская газета”, і “Белорусский рынок” — гэта вельмі вядомыя гандлёвыя знакі.

Цяпер я нават не ўяўляю сабе, як чытач можа здагадацца, што нейкая газэта з новай назвай — гэта тое самае, што ён прызвычаіўся чытаць. Я нават ня ведаю, як мы, я маю на ўвазе “БДГ”, пройдзем гэтую працэдуру перарэгістрацыі, і што мы возьмем сабе ў якасьці назвы газэты… Але ўсе гэтыя спробы Лукашэнкі перайменаваць вуліцы, адабраць у газэтаў слова “беларускі”, вельмі падобна на псыхалягічную агонію”.

А вось што сказаў Радыё Свабода ў сувязі з будучым перайменаваньнем галоўны рэдактар “Белорусской газеты” Ігар Высоцкі:

(Высоцкі: ) “У мяне няма камэнтароў. Добры ўказ. Называцца будзем “Sexus” — інфармацыйна-аналітычны штотыднёвік па назьве нашай укладкі штомесячнай”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэта абсалютна сур’ёзна?”

(Высоцкі: ) “Абсалютна”.

Зьмяніць назву давядзецца і “Нацыянальнай эканамічнай газэце”. Як паведаміў Радыё Свабода намесьнік галоўнага рэдактара Мікалай Зянько, у рэдакцыі пакуль ня вызначыліся з новай назвай, але тое, што будзе захаваная ўжо звыклая абрэвіятура НЭГ — дакладна.

Падпала пад перайменаваньне і “Белорусская торговая газэта”, якая ўжо дзесяць гадоў выходзіць з такой назвай. Гаворыць выканаўца абавязкаў рэдактара Валер Квілорыя:

(Квілорыя: ) “Газэта ў гэтым пляне страціць свой імідж. Проста “Торговая газета” — няма той фундамэнтальнасьці, той саліднасьці”.

А галоўны рэдактар “Белорусской строительной газеты” Эдуард Грэкул спадзяецца знайсьці паразуменьне зь Міністэрствам інфармацыі і адміністрацыяй прэзыдэнта і захаваць назву выданьня.

Я папрасіла кіраўніка прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі Паўла Лёгкага распавесьці пра тое, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі ўказу.

(Лёгкі: ) “На жаль, не падкажу, паколькі я ўчора быў у камандзіроўцы, і гэты ўказ мы выпускалі, так бы мовіць “з колаў”.

Заслужаны юрыст Беларусі, былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў зьвяртае ўвагу на няроўнасьць умоваў для дзяржаўных і недзяржаўных арганізацыяў і мэдыяў, бо ў адпаведнасьці з указам словы “нацыянальны” і “беларускі” могуць выкарыстоўваць у сваіх назвах дзяржаўныя органы і арганізацыі зь дзяржаўнай формай маёмасьці, а таксама СМІ, заснавальнікамі якіх зьяўляюцца дзяржаўныя органы.

(Фадзееў: ) “Прыйдзецца, па-першае, уносіць зьмены ў назвы. Улічваючы, што гэта зьмена заканадаўства, рэгістрацыя ў дзяржаўных органах будзе бясплатнай. Але ж трэба будзе мяняць пячаткі, штампы. Гэта ўжо будзе каштаваць грошай. І яшчэ да натарыюса — таксама заплаціць грошы. Можа, хтосьці баіцца, што нехта возьме на сябе занадта многа, калі напіша, што ён нацыянальны альбо беларускі. Гэта ж нацыянальная прыналежнасьць, беларуская мова і гэтак далей”.

Як заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі міністар юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў, указ Аляксандра Лукашэнкі накіраваны на тое, каб словы, якія падкрэсьліваюць сувэрэнітэт краіны, “маглі выкарыстоўваць толькі асобы, які гэтага заслугоўваюць”.

Міністар Галаванаў запэўніў, што ў выніку перарэгістрацыі “ніхто з тых, хто законна носіць гэтыя назвы, не пацерпіць”. У адпаведнасьці з указам, палітычныя партыі, рэспубліканскія грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы і банкі могуць выкарыстоўваць у назвах слова “беларускі”, але ня маюць права выкарыстоўваць слова “нацыянальны”. А недзяржаўныя мэдыі ня маюць права выкарыстоўваць ані слова “беларускі”, ані “нацыянальны”.