Ці Францыя скажа "не!" – Эўразьвязу?

Юры Дракахруст, Прага Вельмі імаверна, што на нядзельным рэфэрэндуме французы не падтрымаюць праект Эўрапейскай Канстытуцыі, паводле апытаньняў перавага праціўнікаў ухвалы складае ўва Францыі 6-8%. Якія наступствы будзе мець такое рашэньне? Большасьць экспэртаў сыходзяцца на тым, што гэта запаліць “чырвонае сьвятло” для ўсіх магчымых новых кандыдатаў на ўступленьне ў Зьвяз.
Чыноўнікі, палітыкі і экспэрты ў Брусэлі мяркуюць, што францускае “не” праекту Эўрапейскай Канстытуцыі можа затармазіць прыняцьцё ў Зьвяз Баўгарыі і Румыніі, якія ўжо падпісалі дамовы аб ўступленьні. А для плянаў далучыцца да Зьвязу такіх краінаў, як Украіна і Грузія, адмоўны вынік францускага рэфэрэндуму можа наагул стаць сьмяротным ударам.

Гаворыць Майкл Эмэрсан, аналітык з брусэльскага цэнтра эўрапейскіх дасьледаваньняў.

(Эмэрсан: ) "Гэта азначае, што лідэры Ўкраіны і Грузіі, якія прамаўляюць наконт жаданьня іх краінаў далучыцца да Эўразьвязу, адчуюць, што працягваць падобныя прамовы недарэчна. Матывацыя далучыць гэтыя краіны да Эўразьвязу будзе разбураная".

Энтузіязм наконт далейшага пашырэньня Зьвязу зьмяншаецца нават у Эўрапарлямэнце, які да апошняга часу быў з ўсіх інстытутаў аб’яднанай Эўропы найбольш прыхільным да гэтых ідэяў. Гаворыць Мэрыян Міка, дэпутат Эўрапарлямэнта ад Эстоніі, якая ўзначальвае рабочую групу па Малдове.

(Мікка: ) "Што тычыцца Ўкраіны і Малдовы, то за выключэньнем адной рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, мы абяцалі гэтым краінам далучэньне. Урэшце застаецца актуальнай праграма добрасуседзтва, так што інтэграцыя з Эўразьвязам будзе працягвацца. Зь іншага боку я нядаўна была ў Малдове, і я заўважыла, што ў кулюарах парлямэнта размовы ідуць выключна пра праграму добрасуседзтва і ніхто не спадзяецца, што Малдова далучыцца да Эўразьвязу раней чым праз 10-15 гадоў".

Экспэрты адзначаюць, што зьмена настрояў у Эўропе не на карысьць далейшага пашырэньня мае некалькі чыньнікаў: гэта і антымусульманскія пачуцьці, зьвязаныя з пэрспэктывай уступленьня Турэччыны, і жаданьне захаваць Эўразьвяз больш-менш кампактным і больш-менш кіраваным.

Паводле экспэртаў, у выпадку адмоўнага адказу на францускім рэфэрэндуме менавіта Турэччына хутчэй за ўсё стане першай яго ахвярай, перамовы аб яе ўступленьні ў Зьвяз зацягнуцца тады да завяршэньня новага эўрапейскага выбарчага цыклю – парлямэнцкіх выбарах у Нямеччыне, на якіх вельмі імавернай выглядае перамога хрысьціянскіх дэмакратаў, і прэзыдэнцкіх выбараў ува Францыі ў 2007 годзе, дзе фаварытам зьяўляецца правы палітык Нікаля Саркозі.

Стаўленьне гэтых палітыкаў і сілаў да пашырэньня Зьвязу больш стрыманае, чым у цяперашніх уладаў.

Далучэньне Баўгарыі і Румыніі заплянавана на 2007 год, але нямецкія хрысьціянскія дэмакраты заявілі на гэтым тыдні, што гэтыя краіны праз два гады ня будуць гатовыя да ўступленьня. Нямеччына, дарэчы, падтрымлівае ідэю на працягу 6 гадоў зьнізіць ўнёскі сябраў у супольны бюджэт да ранейшага ўзроўню, які быў да 2004 году, да далучэньня да Зьвязу 10-ці новых сябраў. Але няма дадатковых выдаткаў – няма і пашырэньня.

Праўда, шэраг экспэртаў мяркуе, што калі Францыя скажа Эўрапейскай Канстытуцыі “не”, ад гэтага могуць выйграць краіны, якія не выказвалі аніякага імкненьня стаць сябрамі Зьвязу, напрыклад, арабскія краіны ці дзяржавы Сярэдняй Азіі. Гаворыць брусэльскі экспэрт Майкл Эмэрсан.

(Эмэрсан: ) "Я мяркую, што зьнешняя палітыка Эўразьвязу можа стаць больш актыўнай. Краіны-суседзі Зьвязу будуць больш сур''ёзна ставіцца да праграмы партнэрства і добрасуседзтва, бо гэта робіцца адзінай стратэгіяй. Паколькі стратэгія пашырэньня немагчымая, застаецца стратэгія добрасуседзтва і пытаньне ў тым, як яе рэалізоўваць".

Варта дадаць, што Беларусь зьяўляецца ці не адзінай краінай суседам Эўразьвязу, на якую праграма добрасуседзтва распаўсюджваецца ў мінімальнай ступені. Так што нават калі цытаваны прагноз спраўдзіцца, Беларусь выйграе найменш з тых, хто не імкнуўся далучыцца да аб’яднанай Эўропы.