Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Калісьці ў дзяцінстве я дужа моцна любіла задаваць пытаньні, да якіх дарослыя не заўсёды маглі дабраць адказ. І часьцяком маю дзіцячую прагу спазнаньня ўтаймоўвалі любовенькай фразай маёй бабці па кудзелі, якая родам была з Палесься: “Цікаўны кот у калодзеж упаў!” Тады я шчэ не магла ацаніць усяе пекнаты гэтага выразу. А галоўнае – старажытнасьці.
Для сытуацыяў, калі хтосьці назбыт цікавіцца не сваім, у нашай мове ёсьць розныя выразы: напрыклад, цікаўнай Амілі нос прышчамілі; цікаўная Тэкля палезе і ў пекла; на цікаўныя вочы парушынкі падаюць; цікавы, як Марцін да кавы. Выраз цікаўнай Амілі нос прышчамілі сугучны расейскаму любопытной Варваре (на базаре) нос оторвали. Але пры гэтым вылучаецца большым гуманізмам: беларусы ня сталі пазбаўляць цікаўную Амілю ейнае прыгажосьці. Паказальны й выраз цікавы, як Марцін да кавы – ён сьведчыць, што на цікаўнасьць хварэюць ня толькі жанкі. Аднак усё гэтыя прымаўкі “ня цягнуць” на старажытнасьць.
Калі ж я пачула, што кажуць ангельцы ў такой сытуацыі, дык тут мой гонар за родную мову чарговы раз быў невыказны: сuriosity killed the cat (цікаўнасьць забіла ката). Вось калі я прыгадала бабульчына цікаўны кот у калодзеж упаў! У гэтых прыказках, беларускай ды ангельскай, супадае ня толькі сэмантыка, але й вонкавыя рэаліі. Вось дзе індаэўрапейская супольнасьць нагадвае пра сябе. Але ж, заўважце, і ў гэтай паралелі беларускі аналяг адлюстроўвае большы гуманізм: лёс катка ня вызначаны. Мы можам толькі меркаваць, што зваліўшыся ў калодзеж, кот-гаротнік забіўся. Але гэта яшчэ невядома. Мо ён і выжыў, той каток-цікунок. Хутчэй за ўсё. І шчэ парадуе нас сваім цікаўным норавам. Жывуць беларускія каты́ – найхітрэйшыя каты́ ў сьвеце!