Пачаўся суд над лідэрамі вулічных акцыяў – першы дзень у судзе

Любоў Лунёва, Менск У Цэнтральным судзе Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца. Іх абвінавачваюць у арганізацыі вулічных дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.
У суд Цэнтральнага раёну на знак салідарнасьці з Паўлам Севярынцам і Міколам Статкевічам прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. У судовай залі месца ўсім не хапіла. Каля трыццаці чалавек вымушаны былі стаяць на вуліцы пад вокнамі суду. Час ад часу былі чуваць воклічы: “Свабоду Статкевічу! Свабоду Севярынцу!” Мікола Статкевіч адразу заявіў, што не прызнае гэты суд.

(Статкевіч: ) “Гэтая справа палітычна матываваная. Ва ўлады ёсьць дзьве матывацыі: першая, палітычная помста за тое, што я ўзьняў свой голас супраць нахабных і грубых фальсыфікацыяў у часе парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Такім чынам сапсаваў прапагандысцкі эфэкт так званай “элегантнай” перамогі спадара Лукашэнкі. Другая матывацыя зьвязана з намерам сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” і “Эўрапейскай кааліцыі”вылучыць мяне кандыдатам у прэзыдэнты. У зьвязку з гэтым я заявіў суду, што не лічу яго незалежным, а таму і сэнсу ў ім няма. Гэта імітацыя суду”.

Прамову Міколы Статкевіча прысутныя падтрымалі воплескамі. Нягледзячы на пратэсты, судзьдзя паклікаў у суд адвакатку для спадара Статкевіча, каб выканаць судовую працэдуру.

Павал Севярынец, адрозна ад Міколы Статкевіча, на пытаньні судзьдзі адказваў. Ён патлумачыў сваю пазыцыю:

(Севярынец: ) “Я даваць паказаньні буду дзеля таго, каб усе акалічнасьці справы былі зафіксаваныя і захаваныя для гісторыі, каб потым гэтую справу можна было перагледзець. Каб потым выявіць тых, хто паводіў сябе незаконна 18 і 19 кастрычніка і ў працэсе гэтай палітычнай расправы. Менавіта таму я зараз дастаткова падрабязна даю паказаньні. Я кажу праўду, чаму абураныя беларусы 18 і 19 кастрычніка выйшлі на Кастрычніцкую плошчу”.

На судзе прысутнічалі лідэр АГП Анатоль Лябедзька і лідэр БНФ Вінцук Вячорка. 19 кастрычніка Анатоля Лябедзьку ў часе так званай “зачыткі” моцна зьбілі. Ён падаваў скаргу ў пракуратуру, каб вінаватых прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці, але безвынікова.

(Лябедзька: ) “У нас няма судовай сыстэмы. Ёсьць паліткілеры, якія атрымліваюць заробак ад адміністрацыі Лукашэнкі. Гэта фактычна чыноўнікі. Пракуратура насамрэч занятая толькі тым, што абараняе гонар адной асобы. Пры гэтым яна топча гонар іншых людзей, ходзячы бруднымі ботамі па канстытуцыі. Вось сёньня ўзьнікла гэтая “Патыё-Піцца”. Быццам бы былі перашкоды працы рэстарацыі. Але мяне туды зацягнулі невядомыя, якія не прадставіліся. Цікава было, чаму б пракуратуры ці суду не разгледзіць гэтага пытаньня? Але яны адмовіліся”.

Вінцук Вячорка лічыць, што ўлады парушылі дзейнае заканадаўства, прыцягнуўшы да адказнасьці Паўла Севярынца і Міколу Статкевіча двойчы. Яны раней ужо адбылі адміністрацыйны арышт за арганізацыю дэманстрацыяў.

(Вячорка: ) “Недарэчным выглядае тое, што фігурантаў у гэтай справе, у прыватнасьці, міліцыя 18 кастрычніка не затрымлівала, то бок, затрымаўшы яго, адпусьціла. Я ўжо не кажу пра больш важную структуру — КГБ. Фактычна, на той момант, так званыя праваахоўныя структуры, складу злачынства ня ўгледзелі. Апроч таго, я разумею, што дзейнічае правіла, паводле якога двойчы за адно і тое ж судзіць нельга. Гэта чыста палітычны працэс”.

У крымінальнай справе фігуруюць паказаньні каля двух дзясяткаў сьведкаў. Разгляд справы можа доўжыцца цягам тыдня.

Гл. таксама • За што іх судзяць Статкевіча і Севярынца?