Фацэція з панскіх ботаў

Мікола Раманоўскі, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Фацэція – слова лацінскае. У Цыцэрона яно азначала досьціп, показку, вострае слоўца. А з XV стагодзьдзя, зь лёгкай рукі італьянца Поджа Брачаліні, фацэція робіцца літаратурным жанрам, накшталт нашага анэкдоту. Фацэціі пісаліся і чыталіся ўва ўсёй Эўропе. Натуральна, былі яны папулярныя і ў Рэчы Паспалітай – у Польшчы і ў Беларусі. У тыя часы, пэўна, гэтае слова і трапіла ў беларускія гаворкі.

Адна такая фацэція засталася ў народнай памяці аж да нашых дзён. Нейкі пан вельмі ж даглядаў свае панскія боты. А ў тыя часы даглядаць боты значыла мазаць іх ня ваксаю, як цяпер, а тлушчам. Вось ужо тлушч ледзь не плыве па халявах, а пан усё не адпускае: яшчэ ды яшчэ падмаж. Намазалі нарэшце, паставілі каля печы. Ажно прыбег сабака, пачуў, што ад бота смачна пахне, цоп зубамі за бот і лататы. Пакуль за ім ганяліся, з печы вылецела жарынка, упала на другі бот, тлушч заняўся, ды так бот і згарэў. От і выйшла: пан так добра дагледзеў свае боты, што босы застаўся.

У памяць гэтага гістарычнага здарэньня на што сьмешнае могуць сказаць ня проста: во, фацэція, – а фацэція з панскіх ботаў. Або нават так: сьмех з панскіх ботаў: адзін згарэў, другі сабака зьеў.