У Міколы Статкевіча апісалі маёмасьць

Любоў Лунёва, Менск Кватэру лідэра сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча наведаў судовы выканаўца Першамайскага суду Менску, які апісаў маёмасьць. Паводле рашэньня суду, Мікола Статкевіч мусіць заплаціць штраф 2000 даляраў за выступ на мітынгу прадпрымальнікаў 1 сакавіка. Лідэр “Народнай грамады” лічыць, што працэдурай вопісу маёмасьці ўлады імкнуцца аказаць на яго псыхалягічны ціск напярэдадні суду.
Судовы выканаўца, які назваўся Аляксандрам, прыйшоў на кватэру Міколы Статкевіча з дакумэнтамі аб тым, што яшчэ ў 1998 годзе апазыцыйны палітык падзяліў сваю маёмасьць з жонкай. Ён мусіў пераканацца, што за гэты час у доме не зьявілася якіх-небудзь каштоўных рэчаў. Ён засьпеў у кватэры самога гаспадара і яго дачку Ганну. Ганна позна ўначы працавала над дыплёмнай працай, рана прачнулася, бо чакала судовага выканаўцу. Яна была ўсхваляваная.

(Ганна: ) “Вельмі непрыемна, калі сюды прыходзяць чужыя людзі, але гэта ня так страшна. Нашмат горш, калі майго бацьку пасадзяць, пазбавяць яго волі… Судовы выканаўца доўгі час у нас знаходзіцца ня будзе, таму што ў нас няма ніякай раскошнай маёмасьці, брыльянтаў, золата, каштоўнай тэхнікі”.

Ганна вельмі непакоілася за свайго ката Серафіма. Калі прыйшоў судовы выканаўца, кот схаваўся, і пакуль той не сышоў, не выходзіў са сваёй схованкі.

Судовы выканаўца паведаміў Радыё Свабода, што маёмасьці ня хопіць, каб кампэнсаваць суму штрафу — 2000 даляраў. Менавіта столькі каштаваў Міколу Статкевічу выступ на мітынгу прадпрымальнікаў 1 сакавіка.

(Аляксандар: ) “Я судовы выканаўца і выконваю рашэньні суду. Калі няма маёмасьці, то тады трэба шукаць іншы від даходу. Гэтыя паперы пойдуць у суд, а потым будзем вылічваць штраф з вайсковай пэнсіі”.

Мікола Статкевіч ня першы раз праходзіць праз працэдуру вопісу маёмасьці. У 1997 і 1998 гадах за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях суд аштрафаваў яго агулам на 3000 даляраў.

(Статкевіч: ) “Безумоўна, калі займаесься палітыкай на першым пляне, то трэба быць падрыхтаваным да такой сытуацыі. Магчыма, гэта не заўсёды будзе выратоўваць, але пакуль хаця б зьнешнія прыкметы законнасьці ўлада імкнецца выконваць. Пакуль гэта ўратавала маю сям’ю ад таго, каб і без таго ня вельмі багатую маёмасьць, якую нажыла мая сям’я за ўсе гады, сканфіскавалі”.

23 траўня а 10 раніцы пачнецца суд над Міколам Статкевічам і Паўлам Севярынцам. Іх абвінавачваюць у арганізацыі вулічных акцыяў 18 і 19 кастрычніка на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.