Тэгеран: рашэньне аднавіць ядзерныя экспэрымэнты "канчатковае"

ТЭГЕРАН. Хусэйн Мусавіян - адзін з высокапастаўленых іранскіх прадстаўнікоў у справе перамоваў, якія тычацца ядзернай праграмы Тэгерану, заявіў, што рашэньне ягонай краіны аднавіць некаторыя ядзерныя экспэрымэнты “канчатковае”. Мусавіян адзначыў, што Іране працягне экспэрымэнты нават калі гэтае пытаньне будзе вынесенае на абмеркаваньне Рады Бясьпекі ААН. Іранскі прадстаўнік заявіў таксама, што заплянаваныя на наступны тыдзень перамовы паміж Іранам і міністрамі замежных справаў Вялікай Брытаніі, Францыі і Нямеччыны адбудуцца толькі ў выпадку, калі бакі знойдуць прымальныя для ўсіх падставы будучага паразуменьня. Між тым раней сёньня, прэзыдэнт Ірану Махамад Хатамі заявіў, што перамовы, заплянаваныя на 24 траўня – адбудуцца напэўна. Хатамі адзначыў, што Іран дагэтуль спрабуе знайсьці прыймальны выхад што да вырашэньня пытаньняў, зьвязаных са сваёй ядзернай праграмы, але ня будзе паддавацца на ўціск “эўрапейскіх сяброў”.