В. Навадворская: “Лукашэнка трымаецца дзякуючы памяркоўнасьці беларусаў “

Іна Студзінская, Менск 16-17 траўня ў Варшаве адбыўся саміт кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краінаў Рады Эўропы. У нарадзе бралі ўдзел прэзыдэнты, прэм’еры альбо высокапастаўленыя прадстаўнікі 48 дзяржаваў. Не было толькі Беларусі. Але беларускае пытаньне гучала з вуснаў прэзыдэнта Літвы, міністра замежных спраў Расеі, дэпутатаў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.
Дэпутат Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдыс заявіў, што ў Беларусі няма шанцу ўвайсьці ў склад Рады Эўропы, пакуль ва ўладзе будзе Аляксандар Лукашэнка. Аўтар дакладу па праблемах зьніклых у Беларусі падкрэсьліў, што “са зьменай улады, з усталяваньнем дэмакратыі мы будзем вельмі рады прыняць краіну ў склад Рады Эўропы. Гэта не праблема імя, гэта праблема палітыкі, якую праводзіць Лукашэнка”, лічыць спадар Пургурыдзыс. І дадаў, што Беларусь павінна стаць ня толькі сябрам Рады Эўрапы, але і Эўразьвязу. А пакуль спадар Пургурыдыс выступае за ізаляцыю Беларусі.

Супраць ізаляцыі Беларусі з боку Рады Эўропы выступіў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. На думку Лаўрова, "Рада Эўропы павінна імкнуцца да далучэньня краінаў да сябе, а не да выключэньня зь яе”.

Камэнтуючы апошнія выказваньні і дзеяньні ў дачыненьні Беларусі расейскага кіраўніцтва, вядомы расейскі палітоляг Андрэй Піянткоўскі выказаў такое меркаваньне:

(Піянткоўскі: ) “Ідзе працэс такой “лукашэнізацыі” расейскага грамадзкага жыцьця. І таварыша Карымава, які расстраляў тысячу чалавек, тыя ж Пуцін і Лаўроў безапэляцыйна падтрымалі. Гэта рэакцыя страху, што тое ж самае адбудзецца і ў Расеі. Страху, на маю думку, некалькі перабольшанага – наўрад ці ў Расеі адбудзецца памаранчавая рэвалюцыя. Але ўлада сапраўды гэтага баіцца. І таму яна, ужо абсалютна не саромеючыся, салідарызуецца з блізкімі па духу Карымавым, Януковічам, Лукашэнкам і ўсёй гэтай кампаніяй”.

Лідэр расейскай партыі “Дэмакратычны Саюз” Валерыя Навадворская такім чынам ацэньвае дзеяньні Крамля ў дачыненьні Беларусі.

(Навадворская: ) “Што тычыцца Пуціна, ня трэба сумнявацца, што ён жадае зла беларускаму народу і хоча яго падгрэбсьці і прыбраць да рук. І таму ён падтрымае ня толькі Лукашэнку, але й каго заўгодна - Гітлера, Гімлера, Гэбельса разам узятых. Але Пуцін баязьлівы, толькі ў Чачэнію ён мог паслаць танкі, дый там ня справіўся. І ў вас ён будзе дзейнічаць акольнымі шляхамі, прамой інтэрвэнцыі ня будзе. Таму падтрымка Пуціна не дапамагла б Лукашэнку, як яна не дапамагла Кучму, калі б быў свабодны народ”.

У Варшаве прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус выказаў шкадаваньне, што на сэсіі саміту “Адзіная Эўропа, эўрапейскія каштоўнасьці” не прадстаўленая Беларусь. “На форуме не хапае адной эўрапейскай краіны, для грамадзян якой блізкія каштоўнасьці гэтай арганізацыі, але яны пазбаўленыя магчымасьці выкарыстоўваць іх на практыцы. Краіна пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі і надалей ізалюе сябе ад сям’і свабоднай Эўропы і дэмакратычных каштоўнасьцяў, тым самым ізалюючы і людзей Беларусі”, – сказаў прэзыдэнт Адамкус.

Польская Фундацыя імя Стэфана Баторыя разам з праскай Асацыяцыяй па міжнародных сувязях ў межах праекту “Эўрапэйскі выбар Беларусі” распрацоўвае палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні Беларусі. Тыдзень таму апублікаваная першая частка праекту, кароткатэрміновая – да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году; прыканцы траўня будзе падрыхтаваная і другая частка, доўгатэрміновая – па будаўніцтву грамадзянскай супольнасьці ў краіне.

Распавядае экспэрт Фундацыі імя Стэфана Баторыя, адзін зь кіраўнікоў праекту “Эўрапэйскі выбар Беларусі” Гжэгож Грамадзкі.

(Грамадзкі: ) “У дэмакратызацыі Беларусі асабліва зацікаўленыя яе непасрэдныя суседзі, сябры Эўразьвязу Літва, Латвія, Польшча .

Гэта было відавочна падчас саміту Рады Эўропы, дзе беларускае пытаньне вылучалася менавіта кіраўнікамі краінаў-суседак Беларусі. Кароткатэрміновая пэрспэктыва для нас – да выбараў 2006 году. Мы ня можам дапусьціць, каб прэзыдэнт Лукашэнка застаўся на пасадзе на трэцюю кадэнцыю”.

Экспэрты лічаць, што неабходна каардынацыя дзеяньняў Рады Эўразьвязу, Эўракамісіі, парлямэнту Эўразьвязу, усіх краінаў-сябраў Эўразьвязу, а таксама ЗША. У дакумэнце адзначаецца, што досьвед Украіны “можа быць больш карысны для Беларусі, чым досьвед тых суседзяў, якія ўвайшлі ў Эўразьвяз летась”. І асабліва падкрэсьліваецца бессэнсоўнасьць абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі з Расеяй, паколькі – цытую – “у расейскага боку няма жаданьня спрыяць зьмене рэжыму”.

Экспэрты Фундацыі Стэфана Баторыя прапануюць пашырыць сьпіс невыязных асобаў, спрасьціць візавую палітыку для простых грамадзянаў, увесьці эканамічныя санкцыі, знайсьці і замарозіць рахункі беларускага прэзыдэнта да іншых чыноўнікаў. Ёсьць і праграма падтрымкі апазыцыі.

Для Эўракамісіі польскія экспэрты вылучаюць тры асноўныя задачы – падтрымку СМІ, незалежнага трэцяга сэктару і арганізацыю абмену беларускіх студэнтаў. Таксама падтрымліваецца ідэя адкрыцьця прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску.

Але і самі беларусы павінны прагнуць пераменаў, а не чакаць дапамогі і паратунку звонку. Тут нельга не пагадзіцца з лідэрам “Дэмакратычнага Саюзу” Валерыяй Навадворскай.

(Навадворская: ) “Лукашэнка трымаецца дзякуючы адсутнасьці голасу народу і, на жаль, памяркоўнасці беларусаў. Народ маўчыць, пратэстуе толькі інтэлігенцыя. У Расеі Пуцін прыйшоў па просьбе працоўных, у Беларусі царствуе Лукашэнка таксама па просьбе адсталай большасьці. Так што выхоўвайце народ”.