У Беларусі распачынаецца фэстываль Эўрапейскага кіно

галіна Абакунчык, Менск З 14 да 19 траўня ў Беларусі пройдзе фэстываль Эўрапейскага кіно. Ён арганізаваны амбасадамі краінаў Эўразьвязу й прымеркаваны да Дня Эўропы, які ў Беларусі адзначаецца ўпершыню.
Краіны Эўразьвязу Дзень Эўропы адзначаюць 9 траўня, пачынаючы з 1985 году. У зьвязку са сьвяткаваньнем 60-годзьдзя завяршэньня Другой усясьветнай вайны, ва ўсходнеэўрапейскіх дзяржавах сьвяткаваньне перанесенае на 14 траўня. Дарэчы, ня першы раз гэты дзень адзначаюць і тыя краіны, якія толькі рыхтуюцца стаць сябрамі Эўрапейскай супольнасьці. Да прыкладу, Украіна адзначае гэты дзень трэці раз і на самым высокім дзяржаўным узроўні. Прэзыдэнт Віктар Юшчанка заўтра выступіць з адмысловым зваротам да ўкраінскага народу, вышэйшыя дзяржаўныя асобы будуць сустракацца і тлумачыць ролю Эўразьвязу прадстаўнікам ўрадавых структураў, у асяродку студэнцтва й моладзі пройдуць розныя мастацкія імпрэзы, конкурсы.

У Беларусі сьвята Эўропы пройдзе ў рамках фэстывалю кіно, арганізаванага 11 краінамі Эўразьвязу, якія маюць свае дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў Беларусі. Кожная з гэтых дзяржаваў прэзэнтуе кінастужку ў менскім кінатэатры “Перамога”. Аналягічныя мерапрыемствы таксама пройдуць у Берасьці, Віцебску і Горадні – гэта тыя вобласьці, якія мяжуюць з краінамі Эўразьвязу. Арганізатары запрасілі да ўдзелу ў фэстывалі і беларускіх аўтараў. Свае работы пакажуць маладыя рэжысэры школы Міхаіла Пташука. У тым ліку дакумэнтальны фільм паводле творчасьці Васіля Быкава “Пайсьці і не вярнуцца”.

Хоць кінафэстываль да Дня Эўропы ў Беларусі праходзіць упершыню, але, як паведамілі ў кінатэатры “Перамога”, аматары даўно цікавяцца праграмай. Кіназаля амаль на паўтысячы месцаў, але адміністрацыя ўпэўненая: усе яны будуць запоўненыя кожны сэанс. Вось што паведаміла Свабодзе мэтадыст Нэлі Бураўская.

(Бураўская:) “Натуральна, гэта незвычайная падзея. Але нашых гледачоў заўсёды цікавіла эўрапейскае кіно. Таму, думаю, што ў нас будзе аншляг.”

Тое, што менчукі пачуваюцца эўрапейцамі альбо намагаюцца далучыцца да эўрапейскіх падзеяў пацьвердзіла й апытаньне на вуліцах Менску.

(Карэспандэнтка:) “Ці адчуваеце вы сябе эўрапейцам і ці пачуваеце, што жывяце ў эўрапейскай краіне?”

(Юнак:) “Так, адчуваю. Мне вельмі падабаецца ў нашым горадзе. Я эўрапеец і адчуваю гэта.”

(Юначка:) “Апошнім часам я сапраўды адчуваю, што жыву ў эўрапейскай краіне. Наш горад стаў вельмі прыгожым і ён захоўвае сваю беларускую адметнасьць і мне гэта вельмі падабаецца.”

(Спадар:) “Калі б вы спыталіся ў мяне пра гэта гадоў пяць таму, то я не сказаў бы што адчуваю сябе эўрапейцам. Але зараз магу сказаць, што гэта так. Бо нашая краіна й Менск вельмі падобная на тыя эўрапейскія краіны, дзе я пабываў. Думаю, што яшчэ праз гадоў пяць Беларусь стане па-сапраўднаму эўрапейскай краінай і сёньня яна на гэтым шляху.”

Як бачым, паводле адказаў, людзі на менскіх вуліцах пачуваюць сябе эўрапейцамі, бо жывуць у дагледжаным і сучасным горадзе. Але ніхто не згадаў, што далучаны да інфармацыйных, культурных ці палітычных эўрапейскіх працэсаў. Вось як гэтыя выказваньні пракамэнтаваў культуроляг, чалавек, які шмат гадоў пражыў у эўрапейскім замежжы Сяргей Харэўскі.

(Харэўскі:) “Тое, што людзі атаясамліваюць сваю эўрапейскасьць з чысьцінёй, сьведчыць на тое, што яны маюць досыць высокую плянку патрабаваньняў да жыцьця. І гэта зусім ня мала. А тое, што яны не называюць іншых каштоўнасьцяў – культурных, рэлігійных, палітычных – такія рэаліі сёньняшняга дня. Насамрэч, мы адлучаныя ад усіх гэтых працэсаў. Бо, каб пачуваць сябе эўрапейцам, трэба сесьці й вольна выехаць у Эўропу. Трэба, каб эўрапейцы вольна сюды праяжджалі й мелі аб”ектыўнае ўяўленьне пра нашую краіну. Гэтага, на жаль, не прадбачыцца ў агляднай пэрспэктыве.”

У рамках фэстывалю з 14 да 19 траўня гледачы змогуць пабачыць 11 кінастужак Эўрапейскіх кінематаграфістаў. У тым ліку латвійскую кінастужку “Жорны лёсу”, польскую “Цішыню”, італьянскую “Калі прыйдуць дзяўчаты?”, славацкую “Сакольнічы Томас”, ангельскую “Рэальнае каханьне”, чэскую “Норка”, эстонскую “Сэрца мядзьведзіцы”, нямецкую “Нідзе ў Афрыцы” і францускую “Вандомская плошча”.