На Віцебшчыне заведзеныя дзьве новыя крымінальныя справы супраць чыноўнікаў кіраўнічага складу

Браніслава Станкевіч, Віцебск Намесьнік старшыні Браслаўскага райвыканкаму падазраецца ў злоўжываньні службовым становішчам, а начальнік аўтамабільнага пункту пропуску “Рэдзькі –Ляды”, што знаходзіца ў Дубровенскім раёне, на мяжы з Расеяй, знаходзіцца пад сьледзтвам за атрыманьне буйнога хабару.
Намесьнік старшыні Браслаўскага райвыканкаму, які ёсьць адначасова і дэпутатам райсавету, быў упаўнаважаны кіраваць выкананьнем праграмы будаўніцтва на сяле – ўзьвядзеньнем так званых “прэзыдэнцкіх” дамкоў.

Абласная пракуратура завяла супраць яго крымінальную справу за тое, што ён загадваў сваім падначаленым прымаць у якасьці гатовых незавершаныя аб”екты, як сказана ў афіцыйнай фармулёўцы пракурора, “ з мэтаю даць станоўчую справаздачу пра выкананьне высокіх паказьнікаў”.

Пракуратура лічыць, што ён нанёс істотную шкоду дзяржаве, бо сваімі злоўжываньнямі “падрываў аўтарытэт і прэстыж дзяржаўнае ўлады”. Паводле адпаведнага артыкулу Крымінальнага кодэксу, за гэта чыноўніку пагражае тэрмін зьняволеньня ад 3-х да 10-ці гадоў.

Супрацоўніка транспартнага ведамства з памежнага пункту пропуску таксама вінавацяць у незаконных стасунках з падначаленымі: начальнік аўтамабільнага пункту пропуску “Рэдзькі-Ляды” быў затрыманы ў момант перадачы хабару трыста даляраў ад інспэктара. Управа КГБ па Віцебскай вобласьці падазрае яго ў сыстэматычным вымаганьні хабару на суму 900 даляраў штомесяц. Пакуль што вядзецца сьледзтва.