Маладзічок-маладзічок, табе на прыбытак, мне на здароўе

Сяргей Вітушка, Вільня Эфір 10 траўня
Калі першы раз пабачыш на небе месячык-маладзічок, трэба сказаць: маладзічок-маладзічок, табе на прыбытак, мне на здароўе. Гэтак трэба паўтарыць тры разы. Потым трэба перахрысьціцца й адчытаць малітву “Ойча наш”. І будзеш здаровы.

Вось так наш продак вучыўся глядзець на навакольны сьвет зычліва, спагадліва, уважліва, і гэта дадавала яму здароўя.

Тут яшчэ важна патлумачыць, як адрозьніць маладзічок ад сходу. Трэба да сярпочка-месячыка прыставіць рысачку, і калі атрымаецца літара Р, значыцца, месячык расьце – гэта маладзічок, а калі мы бачым літару С, значыцца, ён сходзіць – гэта сход. Дык вось, сачыце за месяцам, шукайце маладзічок і гаварыце: маладзічок-маладзічок, табе на прыбытак, мне на здароўе.