Джордж Буш у Грузіі

ТБІЛІСІ. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, пакінуў тэрыторыю Грузіі, якая была апошнім пунктам ягонага падарожжа па Эўропе – раней амэрыканскі лідэр наведаў Латвію, Нідэрлянды і Расею. Зьвяртаючыся да дзесяткаў тысячаў грузінаў, што прыйшлі на пляц Свабоды ў Тбілісі, Джордж Буш высока ацаніў крокі, якія грузінскае кіраўніцтва зрабіла каб захаваць законнасьць і парадак пасьля зьмены рэжыму напрыканцы 2003-га году. (Буш) “Вы зрабілі моцныя крокі ў накірунку рэфармаваньня эканомікі і барацьбы з карупцыяй. Вы будуеце дэмакратычнае грамадзтва , у якім паважаюцца правы меншасьцяў, дзе ёсьць свабодная прэса, апазыцыя, а адзінства дасягнутае мірным шляхам. У гэтай новай Грузіі будзе гаспадарыць закон, а свабода будзе правам кожнага чалавека ад нараджэньня” Джордж Буш заявіў таксама, што Вашынгтон падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі, адначасова папярэдзіўшы, што галоўным варункам для будучай інтэграцыі Грузіі ў НАТА і Эўропу будзе пошук мірнага вырашэньня канфліктаў з Абхазіяй і Паўночнай Асэтыяй. Буш дадаў, што прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін запэўніў яго, што Масква гатовая зьліквідаваць дзьве свае вайсковыя базы, якія застаюцца на тэрыторыі Грузіі. Між тым прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі заявіў сёньня, што ягоны ўрад дапаможа ЗША пашыраць дэмакратыю ва ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі. (Саакашвілі) “Я скажу вам адну рэч – мы ўсе разам адказныя за нашыя краіны. Мы адказныя за пашырэньне дэмакратыі ва ўсім сьвеце, пачынаючы ад Беларусі, бо людзі гэтай краіны заслугоўваюць каб быць вольнымі” Два тыдні таму грузінскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю з падтрымкай дэмакратычных пераменаў у Беларусі.