Пэрформанс у Варшаве, прысьвечаны гадавіне зьнікненьня Захаранкі

Ул. інф Сёньня ў цэнтры Варшавы сябры Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі наладзілі пікет, прысьвечаны гадавіне зьнікненьня Юрыя Захаранкі.
Каля 15 чалавек раздавалі мінакам матар’ялы зь інфармацыяй пра зьнікненьні апанэнтаў беларускага рэжыму, трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і плякаты з надпісамі: “Мы памятаем пра ахвяры рэжыму Лукашэнкі” ды іншыя. Адначасова з пікетам адбыўся пэрформанс. Вось што сказаў нашаму радыё адзін з удзельнікаў акцыі Антось Цялежнікаў.

(Цялежнікаў: ) “Мы наладзілі своеасаблівы пэрформанс – чалавек, пераапрануты ў Лукашэнку, у вайсковым мундуры і касцы, ходзіць вайсковым крокам з аркушамі паперы, дзе, прыкладам, напісана: “Я не парушаю правы чалавека”, “Я не зачыняю незалежныя газэты”, “Я не перасьледую апанэнтаў рэжыму” і “Я ня нішчу беларускую культуру”. Потым, калі гэтыя аркушы перагортваюцца, дык бачна , што з другога боку напісана: “Я ня маю з гэтым нічога супольнага”. Людзі падыходзяць, цікавяцца”.

Сказаў Антось Цялежнікаў.