Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Новая перадача сэрыі "Магія мовы"
Рыба ў народным фальклёры – архетып істотаў маўклівых і безгалосых. І рыба запела б, калі б (каб) голас мела – сьведчыць беларуская прымаўка. Мудрыя стварэньні, гэтыя водныя пазваночныя. Ня маюць голасу – і не сьпяваюць. Іншая рэч – людзі. Многія зь іх таксама безгалосыя, але сьпяваюць на ўсе застаўкі. І, што дзіўна, паслухаць безгалосіцу зьбіраюцца вялікія аўдыторыі. Вось і аднаму нашаму земляку ня даў Бог голасу. Што тут рабіць: маўчы, як жаба ў карчы. Але земляку пад карчом не сядзелася – падаўся ў сталіцу братняй краіны і стаўся там знакамітым сьпеваком. Сьпявае дуэтам з тамтэйшым tenore di grazia песьню пра блакітную поўню. І калі тэнар, узяўшы ля другой актавы, на хвілю замірае, зямеля яму рэчытатыўна рэфрэнуе: “Г-галубая-а!” Яшчэ адна наша зямлячка, якая з натугаю бярэ ля, але не другой, а толькі першай актавы, таксама падалася ў Маскву, знайшла там багатага спонсара і цяпер нязводна мільгае на тэлеэкране.
Так што, беручы пад увагу сёньняшнія рэаліі, згаданая намі прымаўка мае поўнае права гучаць так: і рыба запела б, каб грошы мела. Скажам, пускае які карась пару бурбалак з сажалкі, і ўзмоцнены электронікай зык у аздобе кампутарнай інструмэнталкі дзень да ночы трансьлююць у FM-дыяпазоне. Напісаў гэта і падумаў, што безгалосым рыбам, у адрозьненьне ад безгалосых людзей, пускаць бурбалкі ў эфіры не дазволіць сумленьне. А таму пакінем прымаўку у старой рэдакцыі:
і рыба запела б, каб голас мела.