Консул Украіны абвяргае беларускага амбасадара

Юры Сьвірко, Кіеў У Кіеве працягваецца пікетаваньне беларускай амбасады, кіраўнік якой Валянцін Вялічка сёньня правёў прэсавую канфэрэнцыю й заявіў, што амбасадар Украіны ў Менску, адрозна ад свайго расейскага калегі, дагэтуль не зьвярнуўся з просьбай вызваліць сваіх суайчыньнікаў. Спадар Вялічка таксама сказаў, што ўкраінскі консул у Беларусі ў першыя дні не хацеў сустракацца з затрыманымі ўкраінцамі. Аднак сам консул Васіль Сярдэга гэта абвяргае.
Пад барабанны бой удзельнікаў пікету каля беларускай амбасады ў Кіеве распачалася сёньня прэсавая канфэрэнцыя амбасадара Беларусі ва Ўкраіне Валянціна Вялічкі. Апрача гэтых гукаў, ён пачуў і заклік на свой адрас:

(Пікетоўцы: ) “Вялічка, выходзь! Вялічка, выходзь!”

Аднак спадар Вялічка сказаў журналістам, што выходзіць “да невядома каго” не зьбіраецца, і заявіў пра парушэньне праз гэты пікет Венскае канвэнцыі й беларуска-ўкраінскае дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і дружалюбных адносінах. Паводле амбасадара, дыпляматычная місія Беларусі ўжо тыдзень ня можа працаваць нармальна. Што да агульнай ацэнкі падзеяў вакол арышту 5 украінцаў, Валянцін Вялічка сказаў:

(Вялічка: ) “Рэспубліка Беларусь заўсёды адкідала мову ціску, у тым ліку інфармацыйнага. Спадзяемся, што ўкраінскі бок ня будзе капіяваць псэўдадэмакратычныя мэтады й формы пабудовы міждзяржаўных стасункаў, якія актыўна навязваюцца апошнім часам асобнымі краінамі й міжнароднымі арганізацыямі. Цяперашні інцыдэнт – гэта правакацыя, скіраваная на тое, каб убіць клін у нашыя добрасуседзкія беларуска-ўкраінскія стасункі, якія складаліся стагоддзямі”.

Амбасадар Вялічка заявіў, што яшчэ 26 красавіка МЗС Беларусі паінфармавала ўкраінскую амбасаду ў Менску пра затрыманьні, а консул Васіль Сярдэга ў той дзень наведаў міліцэйскія пастарункі. “Пры гэтым ад яго не паступіла просьбаў пра сустрэчу з затрыманымі”, -- падкрэсьліў Валянцін Вялічка й дадаў, што нота з такой просьбай прыйшла з украінскае амбасады ў беларускае МЗС толькі раніцай 28 красавіка.

На маё пытаньне, ці значыць гэта, што МЗС Украіны хлусіць, калі сьцьвярджае пра парушэньне Венскае канвэнцыі і незабесьпячэньне доступу консула да суайчыньнікаў, амбасадар Вялічка адказаў гэтак:

(Вялічка: ) “Я б не хацеў казаць, што міністэрства хлусіць. Як кажуць? Што не былі супрацоўнікі амбасады дапушчаныя да гэтых... Я абвясьціў, што быў консул, яму паведамілі, консул не патрабаваў сустрэчы!”

Гэтую заяву амбасадара Вялічкі я папрасіў пракамэнтаваць украінскага консула ў Менску Васіля Сярдэгу:

(Сярдэга: ) “У мяне няма словаў, калі былі такія заявы!”

На просьбу Радыё Свабода патлумачыць, чаму для беларускіх судоў ёсьць тры гатункі грамадзян – расейцаў выпускаюць неўзабаве пасьля арышту, справы ўкраінцаў пераглядаюць, а беларускім грамадзянам даводзіцца проста сядзець, амбасадар Вялічка адказаў гэтак:

(Вялічка: ) “Я б не дзяліў на нейкія гатункі – дзе першага, дзе другога ці трэцяга. Людзі, якія затрыманыя ды асуджаныя. Але я казаў, што быў зварот амбасадара Расеі да пракурора. Пракурор унёс як пратэст, перадаў гэты зварот, які быў, старшыні Менскага гарадзкога суду. Яны разгледзелі. З украінскага боку такога звароту не было”.

(Карэспандэнт: ) “Украінскі амбасадар у Менску дагэтуль не зьвяртаўся?”

(Вялічка: ) “Я ж кажу, што не было”.

Спадар Вялічка дадаў, што арышт беларускіх грамадзян -- гэта ўнутраная справа дзяржавы.

Сёньня ж, хаця ва Ўкраіне да 3 траўня працягваюцца выходныя, сытуацыю з украінцамі ў Беларусі пракамэнтавала прэсавая сакратарка прэзыдэнта Ўкраіны Ірына Герашчанка. “Мы паважаем права грамадзян на свабоду выказваньня. Для новай украінскай каманды свабода выказваньня, свабода слова, свабода сходаў ня ёсьць пустым гукам”, -- заявіла спадарыня Герашчанка й падкрэсьліла: “Гэта тыя каштоўнасьці, за якія змагаўся Майдан і якія адстойвае цяперашняя ўкраінская ўлада”.

А намесьніца кіраўніка моладзевай арганізацыі “Нацыянальны альянс” Аліна Шпак заявіла Радыё Свабода пад сьценамі беларускай амбасады ў Кіеве:

(Шпак: ) “Ад заўтрашняй раніцы, мы, як і абяцалі, калі хлопцаў не адпусьцяць да сёньня, пачынаем масавыя акцыі пратэсту. І сёньня будзем даносіць да амбасадара інфармацыю, таму што ён сказаў на прэсавай канфэрэнцыі, што не да канца ўсё ведае. Няхай ён да канца даведаецца, што тут адбываецца. Да нас сёньня далучыўся прафсаюз таксістаў, далучаюцца іншыя грамадзкія арганізацыі. Заўтра гэта будзе яшчэ больш уражваць”.

Сапраўды, насупраць беларускай амбасады ў Кіеве сёньня стала прыпаркаваліся 5 таксовак з памаранчавай сымболікай – кіеўскія таксісты патрабуюць вызваленьня суайчыньнікаў. Ужо тыдзень на газоне амбасады стаіць 3 намёты, у якіх жывуць пікетоўнікі. Украінская міліція заяўляе, што прэтэнзіяў да іх ня мае.