Беларускія праваабаронцы называюць рашэньні Менскага гарадзкога суду ў справе арыштаваных украінцаў палітычнымі

Валер Каліноўскі, Менск Сёньняшнія рашэньні гарадзкога суду Менску пакінуць у сіле прысуды 5 актывістам украінскай моладзевай арганізацыі “Нацыянальны альянс”, пры тым, што гэты ж суд у мінулую суботу вызваліў 14 расейскіх грамадзянаў, таксама асуджаных за ўдзел у акцыі 26 красавіка, беларускія праваабаронцы называюць палітычнымі.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі называе апошнія рашэньні Менскага гарадзкога суду паказальнымі для судовай сыстэмы краіны:

(Бяляцкі: ) “Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае поўную залежнасьць беларускіх судоў ад выканаўчай улады. У мяне няма ніякага сумненьня, што зьмена тых выракаў, якія былі вынесеныя раённым судом, зьвязана менавіта з прамымі ўказаньнямі гэтым судам з боку беларускай выканаўчай адміністрацыі”.

Спадар Бяляцкі мяркуе, што гэтыя рашэньні выразна дэманструюць і палітычныя вэктары беларускай замежнай палітыкі: да Ўкраіны афіцыйны Менск ставіцца зусім іначай, чым да Расеі.

(Бяляцкі: ) “Расейскіх афіцыйных уладаў цяперашняя беларуская ўлада проста баіцца, паважае і дрыжыць перад імі. Толькі такім чынам можна растлумачыць рознасьць паміж гэтымі групамі прадстаўнікоў нашых суседніх краінаў, якія фактычна рабілі адно і тое ж”.

Тое ж, як змагаліся, расейскія і ўкраінскія дыпляматы за сваіх грамадзянаў, павінна быць прыкладам і для беларускіх уладаў, перакананы Алесь Бяляцкі.

Юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак таксама лічыць перадузятым стаўленьне беларускага суду да ўкраінскіх грамадзянаў:

(Гулак: ) “Працэс увесь з пачатку да канца палітычны. Калі людзей абвінавацілі ў адных і тых жа правапарушэньнях, але адных узялі і выпусьцілі, а іншых пакінулі трымаць, то гэта лішні доказ таго, што гэта чыстая палітыка, адміністрацыйнае рашэньне. Тут юрыдычнага аспэкту, на жаль, вельмі мала”.

Тым ня менш, спадар Гулак лічыць, што на імідж беларускага правасудзьдзя гэтыя рашэньні асабліва не паўплываюць.

(Гулак: ) “Беларуская судовая сыстэма ўжо столькі ўсякага бруду на сябе прыняла, што горшай яна ад гэтага не становіцца... Тое, што ў гэтым выпадку адбываецца, канечне, нельга параўнаць з тым, што было, напрыклад, у справе Марыніча. Бо там ганьбы было больш”.

У Менскім гарадзкім судзе тым часам адмовіліся камэнтаваць рашэньне ў справе ўкраінскіх грамадзянаў. Прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін таксама адмовіўся ад камэнтароў гэтай сытуацыі:

(Есін: ) “Міністэрства замежных справаў у кампэтэнцыю праваахоўчых органаў і судовых органаў ня ўмешваецца”.