Калега затрыманага расейскага журналіста параўнаў Беларусь з Чачнёй

Алесь Дашчынскі, Менск Расейскі віцэ-консул Дзьмітры Багданаў 28 красавіка наведаў расейскіх грамадзянаў, якія адбываюць пакараньне ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.
Расейскаму віцэ-консулу і актывістцы СПС, дэпутатцы муніцыпальнага сходу Масквы Юліі Малышавай дазволілі сустрэцца зь некаторымі грамадзянамі Расеі. Паводле Малышавай, яны скардзіліся на вельмі жорсткія затрыманьні й распавядалі пра несправядлівасьць судоў.

(Малышава: ) “Ад судоў яны засталіся, мякка кажучы, у шоку. Фактычна суду не было, бо не было незалежных сьведкаў. Сьведчылі супрацоўнікі АМОНа, якія насамрэч не прысутнічалі пры затрыманьні. Прысуды выносіліся вельмі хутка.”

Паводле Юліі Малышавай, затрыманым перададзена цёплае адзеньне, прадукты харчаваньня й спальнікі, хаця адзін спальнік і яшчэ некаторыя рэчы да асуджаных чамусьці не дайшлі. Увогуле, паводле Юліі Малышавай, у расейскіх грамадзянаў ёсьць намер пачаць галадоўку.

Затрыманаму на 8 сутак карэспандэнту газэты “Московский комсомолец” Міхаілу Раманаву сёньня прывёз перадачу ягоны калега Вадзім Рэчкалаў. Ён прывёз нумар газэты з фотаздымкам Міхаіла, а таксама сала, цыгарэты, цукеркі, хлеб і пітную ваду. Спадар Рэчкалаў аплаціў знаходжаньне ягонага калегі ў спэцпрыёмніку – 26 тысячаў рублёў. Яшчэ ў яго рэдакцыйнае заданьне – напісаць артыкул, дзе знаходзіцца карэспандэнт газэты. Спадар Рэчкалаў параўноўвае Чачэнію і Беларусь.

(Рэчкалаў: ) “Там быццам бы ўсе пакланяюцца Рамзану Кадыраву, але практычна немагчыма знайсьці чалавека, які яго любіць. У Беларусі нешта падобнае. Няма шчырасьці ў гэтай любові да Аляксандра Рыгоравіча. Нават у чыноўнікаў вельмі вялікая дуліна ў кішэні на самой справе.”

Вадзім Рэчкалаў сказаў, што рэдакцыя робіць намаганьні дзеля вызваленьня калегі і лічыць яго затрыманьне беспадстаўным.