Для вызначэньня лёсу газэты “Згода” cпатрэбіцца мастацтвазнаўчая экспэртыза

Ігар Карней, Менск Заснавальнік незалежнай газэты “Згода” Аляксей Кароль атрымаў ліст з пракуратуры дзе гаворыцца: знойдзеныя падчас нядаўняга ператрусу ў офісе рэдакцыі матэрыялы могуць быць кваліфікаваныя як зьнявага прэзыдэнта. Што сталася падставай да размоваў пра магчымы судовы перасьлед чарговай недзяржаўнай газэты?
Сытуацыя вакол “Згоды” склалася ў пэўным сэнсе трагікамічная. Справа ў тым, што прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў праваахоўных органаў меўся якраз Аляксей Кароль. Нагадаю, што пры канцы сакавіка ў арандаваную рэдакцыяй кватэру ўварваліся міліцыянты, якія ўчынілі ператрус і канфіскавалі рэдакцыйную аргтэхніку. Дарэчы, кампутары дагэтуль знаходзяцца ва ўпраўленьні ўнутраных справаў Партызанскага раёну, у зьвязку з чым выпуск газэты моцна ўскладніўся.

Спадар Кароль напісаў скаргу ў пракуратуру Партызанскага раёну Менску, каб прыцягнуць да адказнасьці ініцыятараў ператрусу. Аднак у пракурорскім адказе перад “Згодай” завіднела зусім іншая пэрспэктыва. Паводле Караля, у лісьце наўпрост напісана: ніякіх парушэньняў у часе агляду кватэры міліцыя не дапусьціла. Затое ў рэдакцыі былі знойдзеныя палітычныя каляжы, якія, на думку пракурорскіх работнікаў, падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэксу “Аб зьнявазе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”.

Цяпер кіраўніцтва “Згоды” не выключае, што пракуратура можа распачаць супраць выданьня крымінальную справу. Тым больш што прэцэдэнты ўжо маюцца: гарадзенскія журналісты Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка, рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч, кіраўнікі прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі і Аляксандар Васільеў, апазыцыйная актывістка Аксана Новікава ды іншыя ўжо пакараныя менавіта па гэтым артыкуле.

Аўтар каляжаў, бальшыня зь якіх былі надрукаваныя ў “Згодзе” – рэдактар газэты Алесь Зьдзьвіжкоў. Ён сам камэнтуе іх мастацкія вартасьці:

(Зьдзьвіжкоў: ) “Каляжоў было недзе 30-40, пачынаючы яшчэ ад 1999 году”.

(Карэспандэнт: ) “Мне апавялі, што там выявы ня толькі афіцыйных палітыкаў, але і апазыцыйных…”

(Зьдзьвіжкоў: ) “Так, і Шушкевіч быў, і Мікола Статкевіч, Вячорка, Лябедзька. Зразумела, што Пуцін, Кучма… Усё гэта калажы дзеля ілюстрацыі асобных артыкулаў. І амаль усе яны былі надрукаваныя”.

(Карэспандэнт: ) “А Аляксандар Лукашэнка ў якой быў выяве?”

(Зьдзьвіжкоў: ) “У вельмі розных. Чытачы, пэўна, памятаюць каляж паводле карціны Пікаса “Стары габрэй і хлопчык”. Хлопчыкам, зразумела, быў Лукашэнка, а стары габрэй – гэта Фідэль Кастра”.

Колькі яшчэ часу рэдакцыя будзе вымушаная абыходзіцца без кампутараў ды іншай аргтэхнікі? Як паведаміў мне напярэдадні пракурор Партызанскага раёну Уладзімер Раманоўскі, уся тэхніка застанецца ў праваахоўных органах да таго часу, пакуль будзе ісьці праверка.

(Раманоўскі: ) “Не магу вам нічога сказаць па выніках няскончанай праверкі. Праверка скончыцца, тады і будзе прынятае рашэньне”.

(Карэспандэнт: ) “І на колькі яна зацягнецца – сказаць цяжка?”

(Раманоўскі: ) “Разумееце, там неабходная мастацтвазнаўчая экспэртыза. І ўжо пасьля экспэртызы будзе прынятае адпаведнае рашэньне”.

Заснавальнік і рэдактар яшчэ аднаго незалежнага выданьня, “Белорусской деловой газеты” Пётар Марцаў мяркуе, што ўлады паставілі перад сабой цалкам канкрэтную мэту – пакінуць на рынку толькі некалькі адносна лібэральных, але падкантрольных газэтаў.

(Марцаў: ) “Пытаньне распаўсюду на тэрыторыі Беларусі газэтаў празь нейкі час стане ня проста камэрцыйным пытаньнем. Гэта стане грамадзкім пытаньнем, палітычным. Таму што вельмі мала газэтаў у Беларусі засталося, якія здольныя выказваць сваю пазыцыю па грамадзка-палітычнай тэматыцы. 2-3 газэты ў краіне на сёньняшні дзень не кантралююцца дзяржавай. Усе астатнія кантралююцца. Дастаткова гэтыя газэты проста пачытаць”.