Польшча ня можа даведацца прозьвішчы ўсіх ахвяраў Катынскай трагедыі з-за пазыцыі беларускіх уладаў

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Cакратар польскай дзяржаўнай Рады Аховы Памяці Змаганьняў і Пакутніцтва Анджэй Пшэвозьнік заявіў нашаму радыё, што Польшча ня можа даведацца прозьвішчы ўсіх ахвяраў Катынскай трагедыі з-за пазыцыі беларускіх уладаў.
Анджэй Прэвозьнік кажа, што ў Беларусі супрацоўнікамі НКВД маглі быць расстраляныя каля 3 тысячаў палякаў з 22-х.

(Пшэвозьнік: ) “Імёны гэтых людзей мы, аднак, ня ведаем. Ніякіх дакумэнтаў, дзе гаварылася б пра іхныя імёны, мы не пабачылі”.

Сакратар дзяржаўнай Рады Аховы Памяці Змаганьняў і Пакутніцтва кажа, што імёны ахвяраў сталінскага тэрору нельга даведацца з-за пазыцыі беларускіх уладаў.

(Пшэвозьнік: ) “Мы пачалі размаўляць зь беларуcкім бокам яшчэ на пачатку 1990-х, і нейкія вынікі сапраўды былі. Але потым, калі прэзыдэнтам стаў Аляксандар Лукашэнка, усё зьмянілася, і цяпер ніякага супрацоўніцтва ўвогуле няма”.

Анджэй Пшэвозьнік кажа, што асабіста пачуў ад прадстаўнікоў беларускіх уладаў, што палякаў, якія ляжаць у Курапатах, расстралялі немцы.

(Пшэвозьнік: ) “Несумненна, што калі паглядзець на тое, што мы сёньня ведаем пра генацыд польскага народу, які завецца Катынскай трагедыяй, дык тут ёсьць толькі адна пляма, калі гаворка ідзе пра Беларусь”.