Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Старажытная наша Вільня, апяваная і ўслаўленая, мроеная й страчаная, і да сёньня ёсьць Мэкай, да якое самотна прыцягнены сэрцы й думы людзкія. Спамін пра сябе, прыналежных да сьвятое Літвы й велічнае Вільні, бывае, быццам недарэчы, выяўляецца нават у дакорлівых заўвагах ды кпінах. Вось і ў гэтым азначэньні – за рубель жабу ў Вільню пагоніць – чутна ледзь ня зьдзеклівая насьмешнасьць з чалавечае скнарнасьці.
Як толькі ні высьмейвае народная мудрота залішнюю прагнасьць! Пра тых, каго нядрэмна сьцеражэ ахвота ўхапіць і спажыць, кажуць ярка й дакладна: і з камара кроў высмакча; за шэлег у бажніцы плюне; за рубель павесіўся б; па рубель у пекла палез бы. Дый жабу з жадобы лёгкага рубля некаторыя гатовы гнаць ажно да Вільні, іншыя ж – за капейку – дубцом да Барысава.
Абрасеены суайчыньнік часьцей скажа: “За копейку удавится”. Альбо: “Жаба душыць”. Можа, праз аналёгію з хваробай сэрца, што пераймае дых, называнай грудной жабай. Колісь, пэўне, дзеяньне гіпэрбалізавалася за кошт вобразу жабы. Бо гэта ж трэба набрацца цярпеньня злавіць тую жабу й гнаць яе, няшчасьніцу, у белы сьвет! І дагэтуль памятаю асабістую крыўду за чалавека, пра якога якраз так меркавалі ў нашым мястэчку: за рубель жабу ў Вільню пагоніць. Па-дзіцячаму адчувала несправядлівасьць і тады, а затым жыцьцё пераканала: гаспадаром ён быў, дбайным і ашчадным. Заможнікам сярод калгасных жабракоў. І разьядала слабыя душы зайздрасьць.
Выходзіць: няма ні лепшых, ні горшых там, дзе адзін зайздросьціць, а другі за рубель жабу ў Вільню пагоніць.
Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал)