Чэрыкаў (фота)

Ягор Маёрчык, Чэрыкаў, Магілёўшчына (эфір 18 красавіка). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.
З надыходам вясны кіраўнік фатагуртку чэрыкаўскага Дому піянэраў Сямён Панізоўцаў стараецца не адкрываць фортак і вокнаў, як мага меней праветрываць службовыя памяшканьні і ўласную кватэру. Людзі навокал падстаўляюць твары цёпламу сонейку і лёгкаму ветрыку, а спадару Панізоўцаву не да радасьці. Спадар Панізоўцаў некалі ачольваў тутэйшую суполку Беларускага Народнага Фронту. І нават ладзіў акцыі памяці з нагоды 26 красавіка.

(Панізоўцаў: ) “Увесну пачынаюць паліць высахлую траву, увосень пачынаюць паліць салому. І так паляць, што іншы раз у горадзе няма чым дыхаць. Наступствы такія: радыянукліды трапляюць у паветра і пераносяцца ў іншыя рэгіёны”.

(Карэспандэнт: ) “Дзевятнаццаць гадоў прайшло пасьля чарнобыльскай аварыі. У гэтым сэнсе — як мяняецца жыцьцё Чэрыкава?”

(Панізоўцаў: ) “З нас зрабілі чыстую зону, у нас скасавалі ўсялякія льготы. Мне падаецца, што нічога ў гэтым кірунку ня робіцца. Людзі звыкліся з гэтай сытуацыяй. Яны згубілі ўсялякі страх перад Чарнобылем. А я лічу, што нікуды тая радыяцыя не падзелася — яна тут”.

(Карэспандэнт: ) “Чатыры гады таму была ў нас праграма пра Чэрыкаў. Вы ў ёй удзельнічалі, распавядалі пра актуальныя праблемы. З таго часу ці нешта зьмянілася? Ці праблемы засталіся тыя самыя?”

(Панізоўцаў: ) “Вонкава праблемы вырашаюцца. Паглядзіш — горад папрыгажэў, пачысьцеў, у цэнтры паклалі асфальт, зрабілі ходнікі. Але так падаецца толькі на першы погляд. Добраўпарадкаваны толькі цэнтар. А пяць крокаў управа, пяць улева — і можна загрузнуць па калена. Усё тут паказушна! Прыкладам, наш двор. Яго трохі добраўпарадкавалі, паклалі асфальт. А калі глянуць, дзе нашыя гаражы, там цяпер, дзе былі ходнікі, адкрытая глеба, можна садзіць бульбу”.



Да тэмы добраўпарадкаваньня мы яшчэ вернемся. Цяпер усё той жа Сямён Панізоўцаў, але ўзору чатырохгадовай даўніны. Запіс зроблены часам падрыхтоўкі першай праграмы пра Чэрыкаў:

(Панізоўцаў: ) “Я даўно ўжо жыву ў Чэрыкаве. Дзяцінства тут прайшло. Але я ня памятаю такой колькасьці пахаваньняў, як цяпер. Раней пахаваньні былі незвычайнай падзеяй у горадзе. А цяпер літаральна кожны дзень адыходзяць людзі. І старыя, і маладыя. І яшчэ — стала зашмат самагубстваў. Горш за тое: дзіцячых самагубстваў. Бо дзетак жа нашых таксама ганяюць на сельгаспрацы. Я заўжды сустракаю вясну і восень з дрыжыкамі ў сэрцы”.



Я знаходжуся на вуліцы Першамайскай. Яна ўсяго за некалькі дзясяткаў мэтраў ад тутэйшага райвыканкаму. Мінакі зьмейкай абыходзяць шырачэзныя калюгі. Тым самым шляхам рухаюцца і раварысты. А машыны фарсуюць лужыны, рызыкуючы забуксаваць там. Насустрач мне крочыць пэнсіянэр Аляксей Ушакоў.

(Карэспандэнт: ) “А што гэта ў вас на вуліцы асфальту няма?”

(Ушакоў: ) “Абы ў начальства было, а мы можам без асфальту. Я па гэтай вуліцы на ровары не магу праехаць. А калі едзеш — сьціскай зубы, каб не адкусіць язык”.

(Карэспандэнт: ) “Усё ж такі — што з асфальтам?”

(Ушакоў: ) “Не кладуць, таму і няма яго. А куды яны яго падзелі, д’ябал іх ведае!”

(Карэспандэнт: ) “Ужо б жыхары самі пяску прывезьлі ды лужыны засыпалі б...”

(Ушакоў: ) “Я сабе прывёз. Прыехала начальства, загадалі прыбраць, каб на дарозе нічога не было. Я просты працоўны, атрымаў інваліднасьць ў 1986 годзе, жыву ў гэтай халупе. Стаў на чаргу на жыльлё. І па сёньня стаю. А чыноўнікі ўсе жытло маюць і дзяцей сваіх пазабясьпечвалі. А нам толькі дулю”.



(Карэспандэнт: ) “А што яны вам кажуць, апроч канфігурацыі з трох пальцаў?”

(Ушакоў: ) “Мне сказалі, што “не чакай, не хадзі, твой час прайшоў”. Начальнікі будуюць сабе хаты на вуліцы Палявой, газ туды сабе праводзяць. А рабацяга застаецца ў дурнях, як і раней быў”.

Колішняя краязнаўца Тамара Сямёнава цяпер першая намесьніца кіраўніка службы камунальнай гаспадаркі. Прычына павароту лёсу, як яна прызнаецца, — хранічны недахоп грошай на жыцьцё. А яшчэ сын на платным вучыцца. Так што параўнальна большы заробак у камунгасе вельмі дарэчы.

(Карэспандэнт: ) “Як за чатыры гады зьмянілася жыцьцё Чэрыкава? Як людзі жывуць?”

(Сямёнава: ) “Чатыры гады таму я вяла размовы пра палітычныя дачыненьні. І тады я гэта разглядала са званіцы краязнаўцы. А цяпер я гляджу на падзеі як намесьніца дырэктара службы камунальнай гаспадаркі ў справах ідэалягічнай працы і вырашэньня сацыяльных пытаньняў. І я мушу сказаць, што горад наш становіцца прыгажэйшым і чысьцейшым. За гэты час шмат зьмянілася. Ровень жыцьця нашых людзей таксама мяняецца. Чатыры гады таму заробак нашых рабочых быў нізкі. А сёньня ў нас мінімальных заробак — 200 тысяч рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “Нявырашаныя праблемы ёсьць, альбо ўсё як трэба?”

(Сямёнава: ) “Праблемы ёсьць. У нас многія жыхары пражываюць у добраўпарадкаваных кватэрах і адначасна будуюць такія мазанкі, дзе трымаюць кураў і парсюкоў, нават кароваў. Атрымліваецца, што ў нас у цэнтры побач з дамамі ёсьць ачагі антысанітарыі. Мы будзем змагацца з гэтым. У нас будзе весьціся ліквідацыя”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ўжо знайшлі паразуменьне з уладальнікамі?”

(Сямёнава: ) “Не, паразуменьня не знайшлі. Але ёсьць загад раённых выканаўчых уладаў зьнесьці іх”.

(Карэспандэнт: ) “Але людзі з гэтых падворкаў жывуць...”

(Сямёнава: ) “Выйсьце ёсьць — хай мяняюць кватэры на прыватныя дамы”.

(Карэспандэнт: ) “Быў на вуліцы Першамайскай, дзе людзі праз лужыны скочуць, дый машыны там добра трасе...”

(Сямёнава: ) “Гэта вельмі цяжкае пытаньне. Я сама жыву на такой вуліцы, і мне патрэбныя гумовыя боты, каб дабрацца да сваёй хаты”.

(Карэспандэнт: ) “Калі-небудзь вуліцу пакрыюць асфальтам?”

(Сямёнава: ) “Ня думаю, што гэта адбудзецца. Грошай заўсёды не хапае. Сёлета асфальтаваньне будзе, але не на завулках”.



Тут я перапыню спадарыню Сямёнаву. На нейкі час мы перанясемся ў мінулае. У 2001 годзе яна разважала пра ўласны лёс пасьля Чарнобылю.

(Сямёнава: ) “Цяжка мне ўсё гэта згадваць. Таму што ўсё ж несправядліва дзяржава абышлася з намі. У 1986 годзе, калі ўсё гэта здарылася, я была там з маленькім дзіцем. Вясна была вельмі цёплая. Усё квітнела навокал. А на дарогах былі нейкія жоўтыя плямы. Нам тлумачылі, што гэта пыльца з дрэваў. Але ж раней ніколі гэткага не было. Потым усіх нас пачалі вывозіць. У нашай вёсцы Вепрын засталіся толькі сабакі ды мужыкі. І калі мне сьняцца сны, то толькі пра гэтую вёску. Я ўжо шмат год жыву тут у горадзе, але пра яго сноў ня сьню. Яшчэ адна адметнасьць: тут я жыву на такой жа радыяцыйнай вуліцы, што і ў Вепрыне”.

Цяпер на двары 2005-ты. Пры мікрафоне намесьніца кіраўніка службы камунальнай гаспадаркі Тамара Сямёнава.

(Карэспандэнт: ) “Некалі вы распавядалі пра тое, што сны сьняцца толькі пра родную вёску. Туга застался?”

(Сямёнава: ) “Ведаеце, час лекуе ўсё. Але, калі прыяжджаю туды, сэрца пачынае балець”.

Фармальна Чэрыкаў лічыцца чыстай зонай. На тэрыторыі гэтага раёну Магілёўскай вобласьці плямы радыяцыйнага забруджваньня ёсьць, аднак людзей адтуль вывезьлі 19 гадоў таму.

Пасьля адсяленьня Генадзь Раўкоў наведваўся на мёртвыя тэрыторыі сотні разоў. Ён працаваў у дарожнай управе, якая абслугоўвала аўтатрасы. Запіс з архіву Радыё Свабода:

(Раўкоў: ) “Да людзей, што жывуць у гэтым раёне, ажыцьцяўляецца самы сапраўдны генацыд. Таму што накіроўваюць людзей працаваць у самыя брудныя зоны. Асабліва шмат радыяцыі каля дарог, куды змываецца бруд. Там, можна сказаць, усё сьвеціцца. Паводле нормаў, у такіх зонах нельга працаваць больш як чатыры гадзіны, а насамрэч там працуюць па восем гадзінаў. Людзі баяцца спрачацца з такімі парушэньнямі. Бо адразу ж сьмелых запалохваюць — маўляў, можаш звальняцца. Адным словам, людзей лічаць за быдла”.



З дарожнай управы Генадзь Раўкоў звольніўся. Цяпер ён працуе экскаватарнікам у фэрмэра. Тэмы гутаркі тыя самыя: мясцовыя ўлады і радыяцыя.

(Карэспандэнт: ) “Якімі словамі можна апісаць стасункі ўладнай вэртыкалі і людзей? Людзі могуць дамагчыся ад улады вырашэньня праблемаў?”

(Раўкоў: ) “Калі б улада была ад народу, яна б зь ім сустракалася, а так мы яе практычна ня бачым. Улада працуе для тых, хто яе прызначае”.

(Карэспандэнт: ) “Пра радыяцыйнае становішча. Шараговыя жыхары ведаюць, якія цяпер радыяцыйны фон? Дзе мясцовасьць больш забруджаная, дзе меней?”

(Раўкоў: ) “Там, дзе пражываюць мясцовыя чыноўнікі, там фон заўжды падвышаны. Калі вуліца, паводле дакумэнтаў будзе з падвышаным радыяцыяйным фонам, значыць, камунікацыі і газ туды будуць праведзеныя бясплатна. А калі няма чыноўніка, туды і газ задарма не правядуць, бо там чыстая тэрыторыя”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, а калі казаць больш сур’ёзна, людзі адчуваюць радыяцыю, ці небясьпека ўжо не такая актуальная, як раней?”

(Раўкоў: ) “Калі людзям няма чаго есьці, увагі на гэта не зьвяртаюць. Людзі стараюцца выжыць, таму ідуць па грыбы і ягады”.

Чатыры гады таму Чэрыкаўскім раёнам кіраваў Андрэй Мядзьведзеў. Тады ён даў інтэрвію Радыё Свабода:

(Мядзьведзеў: ) “Мне прыемна, што я ўзначальваю Чэрыкаўскі раён. Я тут рос. Бацька мой у свой час працаваў тут старшынём калгасу. Так што я раён добра ведаю. Мясцовыя жыхары вельмі любяць свой край. Хаця і ёсьць у нас цяжкасьці. Але ў нас не нашмат зьменшылася колькасьць жыхароў у параўнаньні з дааварыйным часам. Я чалавек дысцыплінаваны. Загадалі сюды прыйсьці працаваць — я прыйшоў. А скажуць сысьці — сыду. Самае галоўнае, каб чалавек на кіраўнічай пасадзе мог вырашаць пытаньні”.



Спадар Мядзьведзеў свае словы пра дысцыплінаванасьць пацьвердзіў дзеяньнямі. Ён пакінуў пасаду кіраўніка вэртыкалі. Кажуць, што ня справіўся са сваімі абавязкамі. Наўзамен прызначылі чыноўніка з суседняга раёну. Лепшы ён ці горшы, супрацоўнікі райвыканкаму яшчэ не разабраліся. Кажуць, што новапрызначаны да ўсіх без разбору зьвяртаецца на “ты” — першае ўражаньне ў падначаленых ужо склалася.