МЗС Украіны падкрэсьлівае праблему з правамі чалавека ў Беларусі ды абвяргае існаваньне даўгоў перад Менскам

Юры Сьвірко, Кіеў Беларуская тэма застаецца актуальнай для Ўкраіны. Яшчэ да сёньняшніх Лукашэнкавых абвінавачваньняў на адрас Кіева ў падрыхтоўцы на ўкраінскай тэрыторыі беларускіх рэвалюцыянэраў, МЗС Украіны на чарговым брыфінгу адрэагавала на ранейшую заяву кіраўніка Беларусі пра ўкраінскія даўгі. Афіцыйны Кіеў заяўляе, што нічога Менску ня вінен, а таксама пацьвярджае існаваньне праблемы з правамі чалавека ў Беларусі.
Брыфінг ва ўкраінскім дыпляматычным ведамстве распачаўся з чарговай заявы пра Беларусь, а менавіта пра падтрымку Кіевам рэзалюцыі з асуджэньнем беларускіх уладаў на сэсіі Камісіі правоў чалавека ААН у Жэнэве.

Намесьнік прэсавага сакратара МЗС Украіны Дмітро Сьвісткоў нагадаў пра “тыя каштоўнасьці, на якіх прыйшла новая ўлада падчас памараначавай рэвалюцыі – на асновах барацьбы за права народу не фальсыфікоўваць яго волю”, і заявіў, што Кіеў ня мае намеру ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў, але:

(Сьвісткоў: ) “Наша дзяржава ня будзе заставацца абыякавай да пытаньня датрымоўваньня правоў чалавека ў іншых краінах, у прыватнасьці на постсавецкай прасторы. Тое, што гэтыя праблемы ёсьць не надуманымі, сьведчыць той факт, што ў органах ААН, а таксама ў іншых аўтарытэтных міжнародных арганізацыях (нагадаю – АБСЭ, Рада Эўропы, ААН, ЭЗ) менавіта такім чынам абмяркоўваюцца сытуацыі ў Беларусі ды на Кубе”.

МЗС Украіны ўжо ў трэці раз за апошні тыдзень назвала неадэкватнымі паводзіны Менску ды Гаваны, якія абразіліся на Кіеў за падтрымку рэзалюцыі ў Жэнэве:

(Сьвісткоў: ) “Неадэкватная рэакцыя беларускіх і кубінскіх уладаў выкліканая тым, што заклік спрыяць сьцьвярджэньню дэмакратыі ў гэтых краінах прагучаў менавіта з боку Ўкраіны. І гэта зразумела, бо ў мінулыя гады падвойныя стандарты былі вызначальнай рысай папярэдняй украінскай улады. Украіна зьмянілася, і гэтыя працэсы незваротныя. Перакананыя, што з часам гэтыя зьмены стануць відавочнымі для ўсіх нашых міжнародных партнэраў”.

Спадар Сьвісткоў дадаў, што цяпер, пасьля Жэнэвы, Беларусь абяцае вярнуцца да пытаньня ўкраінскага доўгу, і перадаў слова адмыслова запрошанаму на брыфінг начальніку ўправы эканамічнага супрацоўніцтва МЗС Украіны Сяргею Кругліку.

(Круглік: ) "У 2001 годзе была праведзеная рэструктурызацыя дзяржаўнага доўгу Ўкраіны перад афіцыйнымі крэдыторамі ў рамках так званага Парыскага клюбу крэдытораў. Дзяржаўнага доўгу Ўкраіны перад Рэспублікай Беларусь не існуе ў прыродзе".

Спадар Круглік дадаў, што “да сёньня афіцыйнага звароту або ніводнай фінансавай прэтэнзіі ад суб’ектаў гаспадараньня Рэспублікі Беларусь ва Ўкраіну не прыходзіла”.