Сяргей Дубавец, Вільня Колішнія прароцтвы на гэтую тэму ня вытрымалі выпрабаваньня часам... Этэр 17 красавіка 2005 году.
(Дубавец: ) "Як нам уладкаваць Расею? Дакладней, што зь ёй, з Расеяй, будзе праз год, празь дзесяць, празь пяцьдзесят гадоў? Гэтага ня ведае ніхто. Больш за тое, многія нашы суайчыньнікі скажуць, што самі гэтыя пытаньні неправамерныя і нават абразьлівыя. Але як бязь іх плянаваць будучыню – нашу і нашых дзяцей? Калі Расея і сапраўды – апошняя на эўрапейскім кантынэнце імпэрыя (а паводле ўсіх парамэтраў гэта так), значыць, яна ўжо перажыла самую сябе і ў любы момант і ў любой форме можа пачацца яе распадзел. Вы скажаце: а пры чым тут мы, беларусы? Пры самым пры тым. Нават у большай ступені, чым расейцы. Бо яны ўрэшце жывуць сваім уласным жыцьцём і сваім гістарычным лёсам, гавораць сваёй мовай і мысьляць вобразамі сваёй уласнай культуры і толькі ад іх залежыць, як яны распарадзяцца сабою і сваёй краінай на перакатах эвалюцыі. Мы ж, беларусы, у сваю чаргу, жывем іхным жыцьцём і іхным гістарычным лёсам, гаворым іхнай мовай і мысьлім вобразамі іхнай культуры… Апошнія 200 гадоў Расея кіруе намі і вырашае за нас, мы цалкам залежым ад ейнае нафты і, выбіраючы сабе кіраўніка, разважаем, ці падтрымае таго ці іншага кандыдата Масква. Словам, мы да падзелу Расеі больш чым пры чым. Асабліва калі ўлічыць, што наша роля ў гэтым усім ніякая, а наш лёс у гэтым усім – увесь.
Ёсьць і цалкам аб’ектыўныя фактары, якія вымагаюць распадзелу апошняй імпэрыі. Найперш гэта стандарты цяперашняй Эўропы, калі ўсе народы разышліся па сваіх нацыянальных кватэрах і пасьля гэтага сталі аб’ядноўвацца ў Эўразьвяз менавіта ў такой кандыцыі – тытульная нацыя, тытульная мова, тытульная дзяржава. І калі б Расея імкнулася сесьці за эўрапейскі стол як роўная зь іншымі, яна мусіла б прыняць гэткі стандарт. Па-другое, усе бачаць калясальныя дыспрапорцыі тэрыторыі і насельніцтва паміж Расеяй і Кітаем, Расеяй і Японіяй... Як доўга гэты дысбалянс можна будзе апраўдваць казкамі пра паходы Ермака і Хабарава ды эмацыйнымі воклічамі пра “исконно русские земли”, невядома. Па-трэцяе, мы ведаем дзесяткі народаў, нярускіх і неправаслаўных, якія сёньня ў складзе імпэрыі маюць свае дзяржаўныя ўтварэньні, але застаюцца нераўнапраўнымі побач зь іншымі эўрапейскімі народамі. Чым, да прыкладу, татары або тувінцы горшыя за малдаван ці харватаў? Чаму гэтыя другія выступаюць суб’ектамі ўласнага лёсу на сусьветнай арэне, а першым трэба прасіць Маскву, каб сказала там за іх сваё слова? Па-чацьвёртае, і самі этнічныя расейцы расьсяліліся і жывуць так далёка адны ад адных, у такіх розных шыротах і клопатах, што не аднойчы загаворвалі пра распадзел на асобныя краіны-рэспублікі: Уральскую, Сыбірскую, Паўднёвую… Сьпіс гэткіх фактараў можна доўжыць, калі кіравацца сучаснымі стандартамі, здаровым сэнсам і простай лёгікай, а не аднымі эмоцыямі, забабонамі і звычкамі.
Тым часам самі расейцы вырашаюць праблему распадзелу сваёй краіны дастаткова прагматычна. Днямі папулярная расейская радыёстанцыя “Эхо Москвы” задала сваім слухачам наступнае пытаньне: ці лічыце вы рэальным распад Расеі ў агляднай будучыні? 57 адсоткаў апытаных выказаліся за распад, а 43 – супраць. Прызнаюся, асабіста мне такі вынік падаўся сэнсацыйным. А вось калега Зьміцер Бартосік лічыць, што нічога сэнсацыйнага ў гэтым няма. Што тут скажаш, ён Расею – сваю радзіму – ведае лепей. Яму слова".
(Бартосік: ) “Пачну са старога расейскага анэкдота. Яшчэ з галодных 90-х гадоў. Прачынаецца рускі пасьля доўгага летаргічнага сну. Гадоў сто праспаў. Ідзе па Маскве. А яна чыстая, прыгожая. Народ вакол шчасьлівы, усе ўсьміхаюцца адзін адному. Куды ні зірні – дастатак і радасьць. “Во, думае рускі, у якім я шчасьлівым часе прачнуўся. Можам, блін, калі захочам”. Заходзіць у краму. Тавараў – поўна. Кілбасы, сыры, ікра... “І гэта ўсё можна купіць?” – пытаецца рускі ў прадавачкі. “Калі ласка, – кажа тая, – купляйце”. “Колькі каштуе гэтая кілбаса?” – пытаецца рускі. “Нядорага, – усьміхаецца прадавачка, – усяго тры юані..."
Вынікі галасаваньня на радыё “Эхо Москвы” ніякія не сэнсацыйныя. Як дакладна выказаўся кінарэжысэр Сакураў пра расейскую сталіцу, “яна настолькі самадастатковая, што ні Масква не патрэбная Расеі, ні Расея не патрэбная Маскве”. Ня думаю, што на Каўказе, у Паволжы ці на Далёкім Усходзе гэтыя лічбы былі б іншыя.
А што думаюць пра сваю суседку і саюзьніцу беларусы зь менскага праспэкту Скарыны? Пашпацыраваўшы з гадзіну, я атрымаў даволі нечаканыя вынікі.
(Карэспандэнт: ) “Ці дапускаеце Вы, што нашая суседка, Расійская Фэдэрацыя, разваліцца на некалькі дзяржаваў?
(Галасы: ) "Так. Будзе прыкладна так, як разваліўся Савецкі Саюз".
"Дапускаю. Ужо ёсьць развал. Напрыклад, Чачня".
"Не. Не дапускаю. Расея – вялікая дзяржава. СССР – яшчэ куды ні ішло. Але Расія... Занадта яна моцная. Ня хопіць грошай у амэрыканцаў ці яшчэ ў каго".
"Я думаю, што праблемы ў любой краіне ёсьць і яны заўжды будуць. Таму і тая ж Чачня, і яшчэ штосьці будзе. Але развалу такога ня будзе".
"Я думаю, гэта магчыма. Паколькі краіна шматнацыянальная, народ можа захацець незалежнасьці. Кожны народ для сябе".
"Расея ніколі не разваліцца. Гэта ж імпэрыя. Яна будавалася, як імпэрыя стагодзьдзямі. І таму за некалькі гадоў не разваліцца".
"Думаю, што можа. І вельмі хутка. Вы бачыце прыклады? Аранжавая рэвалюцыя. І апошні прыклад у Бішкеку".
"Я лічу, што ў прынцыпе пэрспэктывы ў яе такія ёсьць. Шматэтнічная дзяржава, якая складалася не без ужыцьця, скажам так, гвалту. Таму, я лічу, раней ці пазьней людзі прыйдуць да высновы, што патрэбна жыць сваім жыцьцём. Чымся ў нейкай агульнай камунальнай кватэры. Лепш мець сваю хату".
"Калі СССР распаўся, то можа і Расея зрабіць тое самае".
"Можа разваліцца, але лепш няхай не развальваецца. Калі развальваецца хата – хіба гэта варыянт? Гэта ж гора. А калі гора ў суседа, дык заўжды сказваецца і на нас. Я асабіста супраць вашых гэтых апытаньняў".
"Складанае пытаньне. Калі ня знойдуць нейкую агульную ідэю, якая іх аб''яднае, тады расколюцца. А так... пакуль усё ідзе на разрыў. Кожны цягне на сябе. Пытаньне ў ідэі".
"Не. Не дапускаю. А чаму? Я сама на тэлебачаньні працую".
"Хутчэй за ўсё расколецца. Як паглядзець, у іх войны ідуць пастаянна. Там тэрарысты ўсялякія намагаюцца нешта адваяваць. Так што, хутчэй за ўсё расколецца. Нам да яе ня трэба ісьці ў саюз".
"Дапускаю. Таму, што быў у Расеі тыдзень таму. Бачыў, як там жывуць людзі. Таму і дапускаю. Там поўны развал. Акрамя Масквы, канечне. Ну, Масква – гэта асобная краіна".
"Я думаю, што народ не дапусьціць гэтага. Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі не дапусьціць".
"Я думаю, што не. Таму што ў адзіночку складаней выжыць. Таму як бы імкнёмся абагульніць агульныя інтарэсы. Расея павінна заставацца Расеяй".
"Не. Я так ня думаю. Ня верыцца ў такое проста. У думках такога не было. Падставаў для гэтага няма. Расея – вялікая краіна. Чаго ім не хапае? Навошта ім дзяліцца?"
"Не. Я не дапускаю. Як гэта? Усё жыцьцё была Расея адзінай і цяпер... Не… Ня можа гэтага быць. Народ не дапусьціць".
"Славяне і там, і тут. Народ дружны. Харошы. А беларусы ваабшчэ замечацельны народ. Ніякага расколу і быць ня можа. Толькі аб’яднаньне. Толькі разам. Калі гэта будзе мэтазгодна эканамічна – чаму не? Палітычна таксама”.
(Бартосік: ) “Якая вялікая розьніца ў адказах паміж тымі людзьмі, якія жылі і выхоўваліся за Саветамі, і тымі, якія сталелі ў незалежнай Беларусі! Для першых само слова “Расея” гучыць урачыста і ўзьнёсла. Гэтае слова ня можа асацыявацца ні з чым ганебным. Расеяй можна толькі ганарыцца. Бо Расея – гэта тры багатыры і Аляксандар Неўскі, Гагарын і Спаская вежа, “Вайна і мір” і “Масква сьлязам ня верыць”. Расея і развал – паняцьці несумяшчальныя, і нават пытаньне маё блюзьнерскае. Я гэта выразна бачыў у іхных вачах. Што тычыцца другіх, маладзейшых, дык для іх Расея – гэта суседняя дзяржава. Самая здаравенная пляма на мапе сьвету. Суседка, ад якой можна чакаць як добрага, так і благога. І якую ня варта ні абагаўляць, ні дэманізаваць. Чаму наканавана разваліцца, тое разваліцца.
* * * Па Расеі варта аднойчы праехаць на аўтамабілі. Прычым не ў Маскву ці Піцер, а за Ўрал. Каб зьдзівіцца ня толькі неабдымнаму прастору, дарозе, якой, здаецца, няма канца і краю. Але яшчэ і тым кантрастам. Сапраўдны “край хмарачосаў і раскошных віл”. І праз колькі гадзінаў – край хібараў і будаўнічых вагончыкаў. А якое багацьце расаў і тыпажоў! І чым далей на Ўсход, тым больш губляе сэнс сэнтэнцыя пра славянскае брацтва. Загаварыць, вядома, можна любое слова. Але я, чуючы пра беларуска-расейскі саюз і славянскае брацтва, вельмі пакрыўдзіўся б на месцы татар, якутаў, башкіраў, аварцаў, алтайцаў, чачэнцаў, комі, эвэнаў і яшчэ добрай сотні неславянскіх народаў.
Беларусам трэба часьцей гасьцяваць у сваёй славянскай старэйшай сястры. Хаця б дзеля таго, каб адчуць гонар за сваю нерасейскасьць. Я яе адчуў у цюменскім валютным абменьніку. Касірка, якая ўзяла мой пашпарт, не здагадалася пагартаць усе старонкі, а адразу зазірнула ў апошнюю. Тую, дзе фотакартка. “Ой, а где же ваше отчество?”, – зьбянтэжана спыталася ў мяне. “Нету у нас отчеств, – схлусіў я. – Адмянілі, як каляніяльны перажытак”. Бачылі б вы яе вочы! Такімі вачыма ў застойныя гады дзяўчаты праводзілі заежджых ангельцаў з французамі.
* * * Няма ў сьвеце лепшых анэкдотаў за расейскія. Паводле ляканічнасьці і ступені самаіроніі... Сабраліся зьвяры на палянцы. Лісічка кажа: я сярод вас самая разумная і хітрая. Ніколі не прападу. Зайчык кажа: а ў мяне затое шкурка белая, ногі моцныя і ніхто мяне ня зловіць. Вожык кажа: а такіх іголак, як у мяне, ні ў каго няма. І абараніцца імі змагу, і ежу прынесьці. Мішка сядзеў, слухаў. А пасьля сказаў: “А ў мяне… А мне… А я вам зараз такой п... дам!..” Вельмі тонкі анэкдот. На гэтым мішку трымаліся ўсе расейскія міты. Любы алкаш, які ляжаў пад плотам у калюжыне, быў тым мішкам. Нават у брудзе ён быў вялікі і магутны і зь любога будуна памятаў, што “ягоныя танкі за тры гадзіны могуць дайсьці да Парыжа”. І тут такі сюрпрыз. Зайчыкі з вожыкамі ня толькі баяцца перасталі, але нават і заўважаць ня хочуць.
Але выйсьце ў мішкі ёсьць. Ці можаце ўявіць сабе такую карцінку? Расейскі МЗС выказвае занепакоенасьць станам правоў чалавека ў Беларусі. Расейскі прэзыдэнт уводзіць мараторый на двухбаковыя сустрэчы зь беларускім калегам. Расея далучаецца да эўрапейскіх эканамічных санкцыяў супраць дыктатарскага рэжыму. У аднабаковым парадку ўводзіцца візавы рэжым зь Беларусьсю. Каб дыктатарская зараза не распаўсюдзілася на тэрыторыю дэмакратычнай Расеі... Нават у сьне такое не сасьніш. Але ж гэта той самы накірунак, куды трэба мішку рухацца. Прычым, як мага хутчэй. Каб не спазьніцца.
* * * “Вы, напэўна, ня любіце Расею?” Я такое чуў не аднойчы. З ноткамі абвінавачваньня. Бо як можна “не любіць Расею”? Гэта для расейца – злачынства. Асабіста мне гэтыя клятвы ў любові нагадваюць культ маці ў расейскіх зэкаў. Ледзь ня ўсе блатныя песьні прысьвечаныя любімай маме. Але каб палец аб палец ударыць дзеля таго, каб мама ня плакала – гэта вышэй сілаў. Тое самае зь любоўю да Расеі. Можна, аказваецца, любіць Расею, аддаючы перавагу “мэрсам” перад “волгамі”, адпачываючы на францускіх Рыўерах і марачы пра амэрыканскага жаніха...
Расейскі паэт Гумілёў неяк напісаў, што “няма лепшага месца ў Расеі для адпачынку, чым паўднёвая Польшча”. Сёньня з такой самай натуральнасьцю можна сказаць, што самае цікавае месца ў Расеі – гэта першабытныя стаянкі Якуціі. Ці мячэты Дагестану...
Расею нельга любіць ці не любіць. Любіць можна расейскую літаратуру. Можна захапляцца расейскім тэатрам. Быць апалягетам расейскага праваслаўя. Але любіць гэтую краіну таксама абсурдна, як любіць Эўразію.
Я люблю горад Ніжні Ноўгарад. Сталіцу Паволскай Фэдэральнай Акругі. Самай нерасейскай акругі Расеі. Я ведаю ніжагародзкую няпрыязь да Масквы. На волскім адхоне, дзе за саветамі плянавалася пабудаваць вялізны гатэль, сёньня пабудаваны мячэт. І ні ў кога гэта не выклікае пярэчаньняў. І на татарскіх сабантуях гуляюць усе. І я цалкам дапускаю думку, што Паволжа на працягу гэтага стагодзьдзя стане фэдэрацыяй у складзе Расейскага Саюзу. Канфэдэратыўнай дзяржавы, у якой агульная валюта, але розныя канстытуцыі. У якой агульная эканамічная прастора, але розныя войскі. Дзяржава, у якой Масква ня можа адправіць сыбірскія палкі на Каўказ. Бо войскі Сыбірскай Рэспублікі могуць быць задзейнічаныя толькі і выключна для абароны ад зьнешняга ворага. Я цалкам дапускаю, што на далёкім Усходзе будуць дзьве дзяржаўныя мовы – расейская і кітайская. Я дапускаю, што Чачэнія, а, можа, і Тува выйдуць з Расейскага Саюзу без адзінага стрэлу. Што Масква стане ня карным мячом, а мудрым каардынатарам усёй эўразійскай прасторы. Я шмат чаго дапускаю лепшага за расейскі фашызм і вайну ў краіне, дзе ў гэтым стагодзьдзі, паводле прагнозаў дэмографаў, неславянаў будзе большая частка.
“Русская судьба”. Ад аднога гэтага словазлучэньня ўжо патыхае трагізмам і кепскім канцом. Але так хочацца верыць, што расейскі лёс – гэта не абавязкова турма, гарэлка і рабства.
Скончыць хачу абстрактным расейскім анэкдотам. Які немагчыма перакласьці ні на якую мову. Па адной чыгуначнай каляіне з пункту А і пункту Б выйшлі два цягнікі. Яны імчацца на поўнай хуткасьці насустрач адзін аднаму. І... не сутыкаюцца. Ведаеце чаму? “Не судьба”.
(Дубавец: ) "Хто ж быў бы супраць, каб Масква стала мудрым каардынатарам у расейскай канфэдэрацыі, як таго хоча Зьміцер Бартосік. Але толькі на нашай памяці мы ня раз пераконваліся, што так не бывае. Развод адбываецца да самага канца. Народы, якія складаюць імпэрыю, павінны набыць поўную і абсалютную незалежнасьць, толькі тады яны могуць стаць раўнапраўнымі ўдзельнікамі наступнай гісторыі. А ўсялякія палавінчатыя рашэньні, кшталту СНГ – гэта толькі шанец расьцягнуць у часе застой, пасьля чаго немінуча адбудуцца новыя распадзелы, як у Грузіі і Ўкраіне. Аж датуль, пакуль ня будзе дасягнутая поўная незалежнасьць.
Эўропа перажыла імпэрыялізм сваіх дзяржаваў, і сёньня ўсе мэханізмы Эўразьвязу працуюць на фарматаваньне ўсіх краінаў кантынэнту – малых і вялікіх, перадавых і адсталых, старых і новых – для роўнай, адэкватнай, зразумелай гаворкі. Па вялікім рахунку, усё, што сёньня адбываецца вакол нас у эўрапейскім сьвеце, зводзіцца да гэтага самага фармату. Краіны Балтыі і Польшча выканалі патрабаваньні Эўразьвязу і селі за агульны стол зь італьянцамі, немцамі, французамі як адэкватныя суразмоўцы. Гэта значыць, не ўваліліся на арыстакратычны баль у кажуху з адарваным каўняром, а прыйшлі як усе, як людзі. Увайшлі ў сучасны эўрапейскі кантэкст. Занялі крэслы міністраў у эўрапейскім урадзе, атрымалі сваю долю эўрапейскага бюджэту. Бяднейшыя імкнуцца жыць так, як жывуць больш багатыя. І ніякай вам дзяржаўнай ідэалёгіі.
Цяпер вось Баўгарыя і Румынія – самыя бедныя эўрапейскія краіны – таксама “фарматуюцца” да Эўразьвязу. Гэтым самым фарматаваньнем аб’ектыўна тлумачыцца і ўкраінская рэвалюцыя. Словам, Эўропа шыхтуецца сьпісам. Краіны параўноўваюць сябе з суседзямі і страшэнна радуюцца, калі ў тых ці іншых паказчыках апынаюцца не ў канцы сьпісу. Паводле ўзроўню даходаў насельніцтва Беларусь сёньня – на перадапошнім месцы ў Эўропе. І тое, што мы не ў Эўропе, павінна нібыта апраўдваць гэтае перадапошняе месца. За намі толькі Малдова. Але, гледзячы на яе імкненьня да эўрапейскай інтэграцыі, можна меркаваць, што быць не зусім апошнімі нам застанецца нядоўга.
Расея як імпэрыя стаіць на мяжы распаду. Гэта так, нават калі распад пачнецца ня сёньня. Гістарычная “турма народаў” непазьбежна рассыплецца і паўстане ў зусім іншым выглядзе многіх краін і дзяржаваў. Перашкодзіць гэтай аб’ектыўнай хадзе гісторыі можа толькі вайна, генацыд або якое-небудзь чарговае перасяленьне народаў – у кожным разе злачынства супраць чалавечнасьці. Мы з вамі не паўплываем на гэтыя працэсы, але мы можам прынамсі ўсьведамляць, у які бок рухаецца паравоз эвалюцыі, што яму замінае, а што паскорыла б ягоны рух і дзе ўва ўсёй гэтай карціне месца для нас".