Максім Шчур, Прага Новая перадача сэрыі "Магія мовы"
Мой дзядуля часта пускаўся ў згадкі пра сваю маладосьць: як у Заходняй Беларусі хадзіў у польскую школу, потым – на сходкі Беларускай сялянска-работніцкай грамады, дзе сьпявалі “Адвеку мы спалі”, як у дваццаць год эміграваў за далёкімі сваякамі ў Аргентыну па “лепшае жыцьцё”, як аднаго разу заблукаў у сэльве і жыў цягам трох месяцаў між індыянаў, як нарэшце знайшоў сабе працу на чыгунцы, дзе даслужыўся да пасады начальніка станцыі. Пры гэтым ён меў тэндэнцыю сваю маладосьць у экзатычнай краіне крыху ідэалізаваць, што аповедам старых людзей увогуле ўласьціва. “Была ў мяне там свая хатка, – апавядаў дзед у гады застойнага савецкага дэфіцыту, – а вакол яе рос апэльсінавы сад. Як захацеў, у любы момант мог выйсьці й зьесьці апэльсін. А за домам цякла рака, у якой было поўна стронгі. Захацеў рыбы – зайшоў у ваду, рукі наставіў і злавіў. От як яно было...”
Бабця слухала гэтыя ягоныя ўздыхі з пэўнай доляй уласьцівага ёй скептыцызму. Ня толькі таму, што спазнала на чужыне й менш рамантычныя бакі жыцьця – давялося папрацаваць і швачкай, і пакаёўкай, – але й таму, што ўсьведамляла, відаць, марнасьць такіх нараканьняў і незваротнасьць колішніх часоў. Таму ў адказ на дзедава “От, у мяне было...” часта льга было пачуць ад яе саркастычныя словы: “Была ў сабакі хата...”