"Як навука астраномія ў Беларусі не разьвіваецца"

Алег Грузьдзіловіч, Менск У сьвеце заўтра, 16 красавіка, адзначаюць Міжнародны дзень астраноміі, але беларускія аматары зорак сьціпла прызнаюць, што на гэты дзень не плянуюць сьвяточных імпрэзаў. Гэтаму, маўляў, ёсьць пэўныя прычыны. Чаму беларускія астраномы адстаюць ад сваіх замежных калегаў?
У сталіцы агульнай польска-беларускай дзяржавы Рэчы Паспалітай Кракаве была пабудаваная выдатная абсэрваторыя, а грамадзянін гэтай дзяржавы Мікалай Капернік адкрыў Сонечную сыстэму. Між тым неба над сярэднявечным Кракавам было ясным не часьцей, чым цяпер над Менскам. Дзе ж падзеліся беларускія Капернікі, чым яны занятыя і калі праславяць сваю дзяржаву?

Кіраўнік гуртку астраноміі з Рэспубліканскага дзіцячага цэнтру тэхнічнай творчасьці Канстанцін Цыркун прызнае, што Міжнародны дзень астраноміі беларускія аматары зорак адзначаць сьціпла, але гэта ня значыць, што ім зусім няма чым ганарыцца.

(Цыркун: ) “Калі разглядаць адукацыйны напрамак, то ўпершыню ў гісторыі Беларусі выдадзеныя свае дапаможнікі па астраноміі. І да гэтага дапаможніка выйшла шмат кніжак, для настаўнікаў і для вучняў. Выйшаў таксама астранамічны атляс, якога ніколі не было. Дзяржава дапамагае ў гэтым. А калі гаварыць пра разьвіцьцё астраноміі як навукі, то заўважу, што астраномія ёсьць фундамэнтальнай навукай, для яе патрэбная моцная матэрыяльна-тэхнічная база, якой, так склалася гістарычна, ў Беларусі няма. Таму як навука астраномія не разьвіваецца. Хаця ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце навукоўцы займаюцца блізкімі да астрафізыкі напрамкамі. Але прыярытэтнага напрамку ў нас астраномія мець ня можа, на жаль”.

З матэрыяльна тэхнічнай базай у беларускай астраноміі сапраўды праблемы. Дагэтуль няма вялікай рэспубліканскай абсэрваторыі, абсталяванай на сучасным узроўні, кшталту тых, якімі ганарацца навукоўцы суседніх краінаў – Польшчы, Украіны, Расеі, нават Літвы і Латвіі. Праўда, пры навучальных установах дзейнічаюць невялікія абсэрваторыі – тры ў Менску, па адной ў Віцебску і Гомелі, некалькі маленькіх абсэрваторыяў дзейнічае пры сярэдніх школах.

Яшчэ апошнім часам зьявіліся прыватныя абсэрваторыі. Пад Віцебскам сваю прыватную абсэрваторыю з магутным тэлескопам адкрыў аматар Віталь Неўскі, а пад мястэчкам Барань таксама праз прыватны тэлескоп углядаецца ў неба аматар Сяргей Шурпакоў. Ён аддае перавагу каметам і, паводле адмыслоўцаў, лічыцца адным з найлепшых астраномаў-аматараў у краінах СНД.

Як аказалася, ужо некалькі дзесяткаў беларусаў набылі ўчасткі на Месяцы, якімі праз інтэрнэт гандлююць бізнэсоўцы ад космасу. Попыт на такі тавар у Беларусі ёсьць, хаця акр віртуальнай зямлі на Месяцы каштуе да 99 даляраў. Але Міжнародны астранамічны саюз папярэдзіў, што такія зьдзелкі незаконныя і параіў грошы на іх не траціць. Прынамсі, сапраўдныя астраномы гэтага і ня робяць, бо, як і ў часы Каперніка, застаюцца самымі беднымі сярод навукоўцаў. Тыя, праўда, якія з Беларусі ня зьехалі за мяжу. Паводле Канстанціна Цыркуна, некалькі ягоных былых вучняў робяць добрую навуковую кар’еру ў Расеі, пасьпяхова працуюць астраномамі беларусы і ў заходніх краінах.

А чым зьдзівіць нас зорнае неба ў астранамічным 2005 годзе? Канстанцін Цыркун зазаначыў, што год будзе гэткім жа сьціплым, як і цяперашняе сьвята беларускіх астраномаў. Вось ў 2004 быў парад плянэтаў, альбо Вэнэра заходзіла на Сонца, а сёлета такіх выразных нябесных падзеяў ня будзе. І ўсё ж, як сапраўдны кухар можа зь сякеры зварыць кашу, гэтак сама і сапраўдны астраном знойдзе чым парадаваць аматараў яснага начнога неба.

(Цыркун: ) “Сёньня калі будзе яснае надвор’е, на паўднёва-усходняй частцы неба цудоўна бачная плянэта Юпіцэр. Калі ў вас ёсьць хаця б бінокль васьмікратнага ці дзесяцікратнага павялічэньня, і вы замацуеце яго на штатыве, то ўбачыце нават спадарожнікі. Гэта Іё, Эўропа, Ганімэд і Каліста. Яны як невялічкія кропачкі вакол яснага дыска. Вельмі прыгожа!"