Гомельшчына вінаватая Фонду сацыяльнай абароны больш як 3 мільярды рублёў

Казімір Яноўскі, Гомель У Гомельскай вобласьці звыш 180 прадпрыемстваў і гаспадарак рэгіёну маюць вялікую запазычанасьць перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва. Калі падобная практыка будзе пашырацца, то ня выключана, што гэта можа істотна паўплываць на своечасовую выплату насельніцтву пэнсій ды розных сацыяльных дапамог. Што робяць у гэтай сытуацыі мясцовыя органы ўлады?
Даўгі прадпрыемстваў, розных таварыстваў, калгасаў ды саўгасаў дасягалі апошнім часам 3 мільярдаў 300 мільёнаў рублёў. Аблвыканкам змушаны быў складаць адмысловы графік пагашэньня даўгоў, але і ён ня выконваецца.

Да прыкладу, аб''яднаньне “Гомельдрэў” завінавацілася Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва 344 мільёны рублёў. Графік не дапамог. Даўгі ў аб''яднаньня апошнім часам падвысіліся. Не накіроўвае ўжо два гады унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны акцыянэрнае таварыства “Мазырдрэў”. Ягоная запазычанасьць дасягнула амаль 600 мільёнаў рублёў. Багата вінны Фонду многія сельгаспрадпрыемствы Лельчыцкага, Петрыкаўскага, Акцябрскага раёнаў, Добрускага раёнаў.

У адмыслоўцаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва я пацікавіўся, якім жа чынам спаганяць даўгі з неплацельшчыкаў? Магчыма, зьвяртацца ў гаспадарчы суд, каб ён паспрыяў? Прынамсі, гэткім чынам Фонд паступае, калі яму завінавацяцца дробныя бізнэсоўцы. Гаворыць спэцыялістка аддзелу арганізацыі збору падаткаў рэгіянальнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Зоя Грышачкіна:

(Грышачкіна: ) “А што толку на іх у суд падаваць? У іх нават тэлефонаў звычайных няма: адключылі за даўгі. Каб знайсьці галоўнага бугальтара, трэба на “сотавік” тэлефанаваць. Нічога ня можам зрабіць, калі няма сродкаў. Каму крэдыт даюць, каму не, бо ўжо ўвесь загруз у даўгах”.

Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва сапраўды спаганяе ўнёскі з прадпрымальнікаў праз гаспадарчы суд. На першым часе, калі прадпрымальнікаў абавязалі плаціць у Фонд сацыяльнай абароны, а яны адмаўляліся гэта рабіць з прычыны адсутнасьці асабовых рахункаў, пазовы ў гаспадарчы суд пра спагнаньне ўнёскаў з прадпрымальнікаў накіроўваліся (без перабольшваньня) сотнямі. Прадпрымальнікаў абавязвалі да таго ж сплачваць судовыя выдаткі.

Цяпер пазоваў у дачыненьні прадпрымальнікаў таксама шмат, хаця іхнія даўгі – мізэрныя ў параўнаньні з даўгамі дзяржаўных прадпрыемстваў ды калгасаў, якія, паўтару, завінаваціліся Фонду звыш 3 мільярдаў рублёў.

Цяпер адмысловым указам дазволена і прадпрымальнікам афармляць растэрміноўку на даўгі ў Фонд сацыяльнай абароны. Самі ж прадпрымальнікі лічаць, што розныя нядоімкі ў іх асяродку зьвязаныя ў большасьці з надзвычай высокімі падаткамі, платай за месца, за сэртыфікацыю тавараў, рознымі іншымі зборамі. Гаворыць прадпрымальніца Людміла з Прудкоўскага рынку абласнога цэнтру:

(Людміла: ) “Калі ўлады бясконца будуць лазіць у нашу кішэню, то наша кішэня заўтра застанецца пустою”.