У Магілёве адкрыўся кансультацыйны цэнтар для прастытутак

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёве распачаў працу кансультацыйны пункт “Шанец”, які займаецца прафіляктыкай вэнэрычных хваробаў і СНІД сярод жанчын са сфэры сэкс-бізнэсу.
Магілёўская вобласьць далучылася да рэспубліканскага праекту “Прафіляктыка і лячэньне СНІД у Беларусі”, які фінансуецца Глябальным фондам барацьбы са СНІД, малярыяй і сухотамі. Гэта вялікі праект, і ў яго межах кансультацыйны пункт “Шанец”, які адкрылі сябры грамадзкага аб’яднаньня “Магілёўскі жаночы цэнтар падтрымкі і самаадукацыі”, будзе займацца прафіляктыкай хваробаў сярод жанчын са сфэры сэкс-бізнэсу. Гаворыць рэгіянальны каардынатар праекту Валянціна Гвазьдзёва:

(Гвазьдзёва: ) “Мы ня ставім сабе глябальнай мэты перавыхаваць гэтых жанчын з сэкс-бізнэсу. Гэта дарослыя людзі, якія зрабілі свой выбар. Размова ідзе пра прафіляктыку інфэкцыйных захворваньняў, якія распаўсюджваюцца полавым шляхам”.

Бясплатнае абсьледаваньне і лячэньне жанчын у межах праекту будуць рабіць мэдычныя ўстановы Магілёва, а жанчыны з грамадзкай арганізацыі павінны весьці інфармацыйную працу і распаўсюджваць прэзэрватывы сярод прастытутак. Удзельніцы праекту прызнаюцца, што гэта новая і складаная для іх праца, бо, каб атрымаць вынік, трэба спачатку выклікаць давер у жанчын, каб яны змаглі прыняць іх дапамогу.

Удзельнікі праекту знайшлі паразуменьне з уладамі і маюць намер кантактаваць зь дзяржаўнымі службамі, якія занепакоеныя павелічэньнем колькасьці вэнэрычных захворваньняў і СНІД. Гаворыць Валянціна Гвазьдзёва:

(Гвазьдзёва: ) “Найбольш дрэнныя справы цяпер у Гомельскай і Магілёўскай абласьцях, бо тут мяжа з Расеяй. І для вырашэньня гэтай праблемы толькі дзяржаўных мэтадаў недастаткова”.

Супрацоўніцы магілёўскага кансультацыйнага пункту для прастытутак лічаць, што грамадзкая ініцыятыва можа зрабіць свой унёсак у вырашэньне сур’ёзнай сацыяльнай праблемы, якой стаў сэкс-бізнэс. Пункт “Шанец” будзе працаваць у абласным цэнтры гэты і наступны год.