Чэхія:дамова аб новай урадавай кааліцыі

ПРАГА. Тры чэскія палітычныя партыі дамовіліся аб фармаваньні новага кааліцыйнага ўраду. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Чэхіі Станіслаў Грос. Ён сказаў, што пагадненьне было дасягнутае паміж дзьвюма правымі партыямі – хрысьціянскімі дэмакратамі і Саюзам Свабоды -- і левымі сацыял-дэмакратамі. Усе тры партыі ўваходзілі ў склад кааліцыі, якая развалілася ў мінулым месяцы з прычыны скандалу вакол фінансавых справаў сям’і Гроса. 35-гадовы Станіслаў Грос, самы малады прэм’ер-міністар у Эўропе, адмаўляе абвінавачаньні ў фінансавых злоўжываньнях. Грос заявіў, што ён пойдзе ў адстаўку, як толькі будзе сфармаваная новая праэўрапейская кааліцыя. Найбольш верагодным пераемнікам Гроса называюць Яна Кагоўта, амбасадара Чэхіі ў Эўразьвязе.