Ян Павал ІІ і Беларусь – спэцыяльны выпуск (аўдыё)

Сяргей Абламейка, Прага Спэцыяльны выпуск перадачы "Сымбаль Веры", прысьвечаны значэньню пантыфікату папы рымскага Яна Паўла ІІ для Беларусі і сьвету. У фармаце Real Audio вы можаце паслухаць архіўны запіс Янa Паўла II, калі ён прамаўляе па-беларуску.
У гэтыя дні ўвага сьветных сродкаў масавай інфармацыі прыцягнутая да асобы папы рымскага Яна Паўла ІІ, які памёр у суботу, 2 красавіка, і ў пятніцу, 8-га красавіка, быў пахаваны ў крыпце Сабору Сьвятога Пятра ў Рыме. Шмат пішуць і гавораць таксама аб будучыні Каталіцкай царквы.

Адзначаецца, што Ян Павал ІІ спрычыніўся да развалу камуністычнай сыстэмы, да адраджэньня цэркваў ва Ўсходняй Эўропе, да паляпшэньня адносінаў з пратэстантамі, праваслаўнымі і юдэямі. Ян Павал ІІ стаўся першым папам, які пачаў шмат езьдзіць па сьвеце – ён зьдзейсьніў больш за 120 замежных паездак, і гэта моцна ўзьняло папулярнасьць Каталіцкай царквы. За час пантыфікату Яна Паўла ІІ было апублікавана і шмат крытыкі. Напрыклад, нямецкі тэоляг-дысыдэнт Ганс Кунг у швайцарскай газэце Sonntagszeitung сьцьвярджаў, што за час пантыфікату Яна Паўла ІІ мільёны вернікаў сышлі з Каталіцкай царквы. Прыгадвалі крытыкі і нязьменна цьвёрдую пазыцыю Яна Паўла ІІ ў захаваньні цэлібату сьвятароў, непрызнаньні гомасэксуальных шлюбаў і змаганьні з абортамі.

Што да ўкладу папы ў паразу камунізму, дык варта згадаць і яго непрыняцьце чыстага капіталізму. Ян Павал ІІ заявіў, што (цытую) “свабодны рынак ня можа сам па сабе забясьпечыць усеагульны дабрабыт, бо існуе шмат чалавечых патрэбаў, якім няма месца ў рынку”. (канец цытаты)

Мы, аднак, сёньня засяродзім сваю ўвагу на значэньні пантыфікату Яна Паўла ІІ для Беларусі. Менавіта гэты папа прызначыў першага ў другой палове ХХ стагодзьдзя каталіцкага біскупа ў Беларусі – Тадэвуша Кандрусевіча, а пасьля ў 1993 годзе павялічыў колькасьць дыяцэзіяў, прыўзначыў новых біскупаў і першага ў гісторыі беларускага кардынала Казімера Сьвёнтака.

Калі гаварыць пра значэньне пантыфікату Яна Паўла ІІ для Беларусі, нельга абысьці і тэмы адносінаў Каталіцкай царквы з Праваслаўнай. Менавіта з-за напружаных адносінаў Ватыкану з Рускай Праваслаўнай царквой Ян Павал ІІ так і ня змог прыехаць у Беларусь. Як вядома, з суседзяў Беларусі ён наведаў Польшчу, Літву і Ўкраіну, і ня быў толькі ў самой Беларусі і ў Расеі. Афіцыйная прычына напружанасьці з боку РПЦ – Унія на Ўкраіне і заснаваньне каталіцкіх структураў у Расеі. Пры гэтым, пратэстуючы супраць заснаваньня каталіцкіх эпархіяў у Расеі, РПЦ замоўчвае факт, што ў каталіцкіх краінах Эўропы свабодна дзейнічаюць эпархіі Рускай Праваслаўнай Царквы. У часы Расейскай імпэрыі і Савецкага Саюзу з краінаў Прыбалтыкі, з Польшчы, Беларусі і Ўкраіны ў Сыбір на выгнаньне былі вывезеныя сотні тысяч католікаў лацінскага і ўсходняга абрадаў, і вось цяпер Руская Праваслаўная царква пратэстуе супраць стварэньня для іх і іх нашчадкаў нармальных царкоўных структураў, спрабуе перашкодзіць прызначэньню для іх эпіскапаў.

У гэтыя дні беларускія католікі асабліва шкадуюць, што візыт папы ў Беларусь так і не адбыўся. Беларусь – незалежная краіна, у Беларусі няма праблемаў у адносінах праваслаўных з католікамі, але Масква так і не дала згоды на візыт Яна Паўла ІІ ў Беларусь.

Вось як супрацоўнік каталіцкага выдавецтва “Про Хрысто” Мікола Гракаў адказвае на пытаньне, ці не адчуваюць сябе беларускія католікі ў пэўнай ступені закладнікамі палітыкі Маскоўскага патрыярхату, калі гаворка ідзе пра візыт папы ў Беларусь.

(Гракаў: ) "Безумоўна гэта ёсьць, гэта адчувалася ўчора падчас ранішніх нядзельных набажэнстваў, калі вернікі сабраліся ўпершыню, ужо ведаючы пра сьмерць папы. Безумоўна, папа сам у 1995 годзе сказаў: "Да сустрэчы ў Беларусі..." Ён сам спадзяваўся, вельмі хацеў прыехаць. У прынцыпе, сама Беларуская Праваслаўная царква, калі пачалася адліга і адраджэньне рэлігійнага жыцьця, калі толькі першыя пробліскі свабоды зазьзялі ў нашай краіне, тады адбыўся візыт у Беларусь польскага кардынала Юзафа Глемпа. Тады ў нас, фактычна, сваёй гіерархіі не было. Зьявіўся толькі першы Апостальскі адміністратар для католікаў у Беларусі Тадэвуш Кандрусэвіч. Тады было поўнае адчуваньне, што візыт папы ў Беларусь магчымы. А тое, што пасьля ў выніку не зусім зразумелых міжканфэсіянальных адносінаў (тут не вядома, якія інтарэсы ўваходзілі ў гульню), гэты візыт не адбыўся, дык гэта вельмі крыўдна. Папа быў амаль ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю краінах, а ў Беларусі – не, гэта ня проста крыўдна, але гэта наш боль. Гэта вялікі чалавек, вялікая асоба, і ён так і ня змог прыехаць на нашую зямлю ня гледзячы на тое, што і ён хацеў, і вернікі тут яго заўсёды чакалі і вельмі горача маліліся аб магчымасьці гэтага візыту".

Да думкі Міколы Гракава далучаецца і рэдактарка каталіцкіх часопісаў “Ave Maria” і “Наша Вера”, пісьменьніца Хрыстына Лялько. Яна асабіста сустракалася з папам і гаварыла зь ім пра візыт у Беларусь.

(Лялько: ) "Я ў першую сваю сустрэчу з папам таксама гаварыла зь ім пра візыт у Беларусь. Я сама яго – прыватна – запрасіла тады ў Беларусь. Ён усьміхнуўся і сказаў: "Вядома, я вельмі хацеў бы ступіць на вашу зямлю, пабачыць Беларусь, якую я вельмі люблю". Пасьля запрашэньне прыехаць у Беларусь неаднойчы паўтараў кардынал Казімер Сьвёнтак. Але ж вы ведаеце, што гэтага запрашэньня было мала, каб Ян Павал ІІ да нас прыехаў. Я думаю, што тыя сілы, якія не хацелі, каб ён ступіў на нашу зямлю, каб ён сустрэўся зь беларускімі католікамі, на жаль, здолелі перашкодзіць гэтаму".

Гаварыла Хрыстына Лялько.

Яшчэ ў 1995 годзе на Сусьветнай сустрэчы моладзі Ян Павал ІІ выказаў жаданьне і надзею пабываць у Беларусі. 22 жніўня 2002 году нават Аляксандар Лукашэнка заявіў пра магчымасьць візыту папы ў Беларусь і яго сустрэчу ў Менску з расейскім патрыярхам Алексіем, але візыт так і не адбыўся. Вось што сёньня сказаў афіцыйны прадстаўнік экзархату Рускай Праваслаўнай царквы ў Беларусі архімандрыт Аляксей Шынкевіч у інтэрвію нашаму Радыё. Мы спыталіся ў яго, чаму, ня гледзячы на адсутнасьць у краіне канфліктаў паміж праваслаўнымі і католікамі, Ян Павал ІІ так і не атрымаў ад мітрапаліта Філарэта запрашэньня прыехаць у Беларусь.

(Шынкевіч: ) "Супярэчнасьцяў няма толькі зьнешне. Мы жывем паміж сабой разумна, лагодна, мірна. Але вось тая палітыка, якая была распачатая спачылым папам, яна ня вельмі адпавядала тым адносінам, якія ўсталяваліся сёньня і раней, у гады бязбожжа, існавалі паміж Праваслаўнай царквой і Рама-каталіцкім касьцёлам. Нам не падабаецца палітыка празэлітызму. Гэта проста дзякуючы мудрай пазыцыі мітрапаліта Філарэта, які вельмі станоўча адносіцца да Рыма-каталіцкага касьцёлу, у нас усё мірна і, можна сказаць, спакойна.

А ў Расеі, ці, напрыклад, узяць Украіну, перш за ўсё заходнюю, там наогул кроў нават пралівалася. І, будучы падпарадкаваныя менавіта папу, уніяты з дапамогай католікаў рабілі страшэнныя рэчы: зьдзекаваліся са сьвятыняў Божых, з алтароў, са сьвятых прастолаў, зь іншых сьвятыняў. Толькі таму, што яны падпарадкоўваліся Маскоўскаму патрыярхату. Такія вось паводзіны пры маўклівым садзеяньні ватыканскіх уладаў вельмі і вельмі падарвалі нашы добрыя адносіны, якія існавалі ў цяжкія гады выпрабаваньняў. У тыя цяжкія гады выпрабаваньняў, калі гналі ўсіх – і праваслаўных, і католікаў, і іншых вернікаў – гэта нас неяк аб''ядноўвала, а калі стала свабода, кожны з нас паказаў свой характар. І менавіта вось гэтая духоўная агрэсія супраць Рускай Праваслаўнай царквы – канкрэтная, фактычная – яна зрабіла нашыя адносіны вельмі напружанымі і адмоўнымі.

А што тычыцца Беларусі, то я лічу, што дзякуючы толькі мітрапаліту Філарэту... Таму што сьвятары і іншая гіерархія вельмі адмоўна адносяцца да таго, што ў Беларусі столькі многа каталіцкіх місіянэраў з розных краінаў... Я канкрэтна ведаю, вельмі многа місіянэраў. Наколькі мне вядома, цяпер болей за 100 місіянэраў дзейнічаюць у Беларусі – будуюць за 6 месяцаў касьцёлы, касьцёльныя дамы, у іх няма праблемаў з грашыма, зь фінансаваньнем, у іх няма праблемаў з уладамі, таму што, як кажуць цяпер у народзе, грошы робяць усё. За грошы можна ўсё купіць, і любога чыноўніка, любога начальніка. І мы жывем усё-ткі на сваёй зямлі, мы ведаем, што робіць Каталіцкі касьцёл, як ён працуе, і гэта нам не падабаецца. Але вось цярпеньне нашай царквы, цярпеньне нашых царкоўных улад, яно робіць так, што мы церпім і жывем, як кажуць, у згодзе. Колькі гэта будзе працягвацца, мы ня ведаем. Мы спадзяемся, што з прыходам новага папы такога на нашай кананічнай тэрыторыі – тэрыторыі Рускай праваслаўнай царквы – ня будзе! У тым ліку і на Беларусі".

Гэта была думка афіцыйнага прадстаўніка экзархату Рускай Праваслаўнай царквы ў Беларусі архімандрыта Аляксея Шынкевіча. Айцец Аляксей агучыў даволі рэзкую і крытычную ацэнку дзейнасьці папы Яна Паўла ІІ. Але ня ўсе праваслаўныя людзі ў Беларусі думаюць гэтак сама.

Мы зьвярнуліся да вядомага беларускага філёзафа, прафэсара Ўладзімера Конана як да прадстаўніка праваслаўнай інтэлігенцыі з просьбай выказаць сваю думку на гэты конт.

(Конан: ) “ Я думаю пэўна ж ён ня змог пабываць у Беларусі бо Расейская праваслаўная царква не дазволіла. Ня ўсёй Царквой (бо гэта шырокае паняцьце), а яе ярархамі. А паколькі Беларуская царква ёсьць часткай Расейскай, хаця й аўтаномная, але такіх рашэньняў самастойна не прымае. Але з другога боку паўплываў той факт, што РПЦ заўсёды была залежная ад сьвецкай дзяржавы.

Што да Беларусі, то вельмі шкада, што Папа сюды не прыехаў. Я думаю, што ён бы садзейнічаў духоваму адраджэньню беларускай нацыі, дзякуючы таму, што яго хрысьціянства хаця й каталіцкае, але разам з тым унівэрсальнае. А для Беларусі гэта вельмі важна паколькі тут ёсьць розныя хрысьціянскія канфэсіі. Ён бы садзейнічаў хрысьціянскаму адзінству ў Беларусі, а з другога боку ён мог бы паўплываць на нацыянальнае беларускае адраджэньне. Ва ўсялякім выпадку быць яго паскаральнікам”.

Гэта была думка прафэсара Ўладзімера Конана. Наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі пагутарыў зь іншым беларускім філёзафам, адным з заснавальнікаў Беларускага Праваслаўнай брацтва Трох віленскіх мучанікаў Алесем Анціпенкам.

(Анціпенка: ) “Я думаю, што гэта была выбітная асоба ў тым сэнсе, што яна самым істотным чынам спрычынілася да зьменаў перадусім у нашай частцы сьвету. Я маю на ўвазе і падзеньне камунізму, і вызваленьне Царквы ды Касьцёла з пад камуністычнай улады. Я лічу, што гэта была фігура ўсясьветнага маштабу, якая зрабіла магчымым ужо зараз і ў будучыні дыялёг паміж самымі рознымі ўсясьветнымі рэлігіямі. Я думаю, што гэта быў чалавек, які ў ХХ стагодзьдзі найбольш пасьпяхова пераадолеў самыя розныя стэрэатыпы, якія існавалі ў сьвеце.

Я думаю, што для Беларусі мэсыдж Папы таксама быў вельмі важны. Я маю на ўвазе, што за гэтым мэсыджам адчувалася прызнаньне Беларусі, як сувэрэннай краіны. Як нацыі, якая мае ўсе правы быць разам з астатнімі нацыямі ў цывілізаваным сьвеце.

Мне цяжка гаварыць пра інсьпірацыі Маскоўскага патрыярхату. Адзінае, што я дакладна ведаю – Маскоўскі патрыярхат дужа раўніва ставіўся да ўсялякіх спробаў прыезду Папы ў Беларусь. Заяўляючы пра кананічнасьць тэрыторыі, якая належыць, нібыта, Расейскай праваслаўнай царкве. Так, што гэта можа быць адной з прычынаў. А другая прычына – гэта правінцыяналізм нашай палітыкі й яе залежнасьць ад Крамля”.

Зь філёзафам Алесем Анціпенкам гутарыў Альгерд Невяроўскі.

Мы папрасілі Апостальскага візытатара для грэка-католікаў у Беларусі, доктара тэалёгіі архімандрыта Сяргея Гаека сказаць слова пра значэньне пантыфікату Яна Паўла ІІ для Беларусі.

(а. Гаек: ) "Якраз у вечар, калі кардынал Вайтыла быў выбраны на Папу Рымскага, я быў на пляцы Сьвятога Пятра ў Ватыкане і калі пачуў, што папам стаў славянін, я ня меў сумневу, што яго пантыфікат прынясе шмат карысьці для цэркваў ва ўсім славянскім сьвеце – ва Ўсходняй Эўропе, і, натуральна, у Беларусі. Ужо пешыя словы, якія ён накіраваў для вернікаў "Non abiate paura" ("Ня бойцеся") – былі вялікім заклікам для ўсяго эўрапейскага Ўсходу. Я не сумняваўся, што ён у новы спосаб будзе шукаць месца царквы ў грамадзтве і місію царквы ва ўсім сьвеце, але асабліва ў той частцы сьвету, якая была пад камуністычным ярмом.

Вельмі хутка Сьвяты айцец пачаў у прывітаньнях да ўсяго сьвету на Пасху і на Раство Хрыстова кіраваць некалькі словаў і па-беларуску. У той час, калі Беларусь была ў складзе Савецкага Саюзу. Першы візыт папы ў Польшчу ў 1979 годзе меў значэньне і для Беларусі і для ўсяго Савецкага Саюзу. Асабліва, калі папа ў Гнезьне накіраваў свой заклік да ўсіх краінаў Ўсходняй Эўропы. Пасьля таксама ў Асьвенціме, у Аўшвіцы, Сьвяты айцец згадаў ахвяры таталітарызму, фашызму, але таксама і ахвяры ўсіх таталітарызмаў, у тым ліку і сталінскага. Зразумела, што ўжо падчас наступных пілігрымкаў у Польшчу, на гэтыя сустрэчы маглі прыяжджаць некаторыя пілігрымы зь Беларусі. І гэта заўжды была крыніца вялікай духовай сілы.

Сьвяты айцец Ян Павал ІІ прыняў два разы біскупа Часлава Сіповіча зь беларускімі сьвятарамі, якія ў той час жылі ў вольным сьвеце – у Заходняй Эўропе і ў Амэрыцы. Гэта давала магчымасьць паінфармаваць Сьвятога айца пра рэальную сытуацыю, у якой жыла царква ў Беларусі.

Пасьля прыйшлі бэатыфікацыя 13 мучанікаў Падляскіх, пасьля 13 беларускіх мучанікаў часоў ІІ Сусьветнай вайны ў рамках бэатыфікацыі ў Варшаве 108 мучанікаў, пасьля 11 сясьцёр-назарэцянак з Наваградку. Вось гэта такія канкрэтныя моманты, якія канкрэтна абуджалі надзею і сілу веры ў вернікаў Беларусі.

Вядома, калі глядзець на навучаньне Сьвятога айца – а навучаньне Сьвятога айца мае характар унівэрсальны, і энцыклікі – гэта лісты, якія папа накіроўвае да ўсіх вернікаў Каталіцкай царквы, – але некаторыя з гэтых энцыклікаў у асаблівы спосаб адносіліся да Ўсходняй Эўропы, да Ўсходу. Я нагадаю толькі апостальскі ліст "Magnum baptismi donum" ("Вялікі дар хрышчэньня"), які быў накіраваны да ўсіх, хто ў 1988 годзе сьвяткаваў хрышчэньне Кіеўскай Русі, і гэта таксама адносілася да Беларусі. Пасьля была энцыкліка пра славянскіх апосталаў Кірыла і Мятода – "Slavorum apostoli". Пасьля было апостальскае настаўленьне "Orientale lumen" ("Сьвятло Ўсходу"), якое вельмі канкрэтна гаварыла пра ўсходнія цэрквы, у тым ліку і пра Грэка-Каталіцкую царкву, гэта значыць таксама і пра Беларускую Грэка-Каталіцкую царкву. Далей была адна з апошніх энцыклікаў "Ut unum sint" ("Хай усе будуць адно"), дзе гаворыцца пра экумэнічнае заангажаваньне Каталіцкай царквы і пра неабходнасьць прымірэньня паміж хрысьціянамі, у тым ліку і паміж праваслаўнымі і католікамі. Гэта азначае, вядома, вялікі выклік, вялікае заданьне для ўсіх хрысьціянаў, у тым ліку і ў Беларусі”.

Гэтак Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек ацэньвае значэньне пантыфікату Яна Паўла ІІ для Беларусі. Ён лічыць, што першыя візыты папы Яна Паўла ІІ ў Польшчу і першыя беатыфікацыі беларускіх мучанікаў абудзілі ў беларускіх верніках надзею і сілу веры.

З просьбай ацаніць значэньне пантыфікату Яна Паўла ІІ для Беларусі мы зьвярнуліся і да галоўнай рэдактаркі беларускіх каталіцкіх часопсаў “Ave Maria” і “Наша Вера”, пісьменьніцы Хрыстыны Лялько.

(Лялько: ) "Пантыфікат Яна Паўла ІІ стаўся крыніцаю сілы і надзеі для грамадзтва найперш у краінах так званага сацыялістычнага лягеру. Ён стаўся заклікам для адновы сумленьня, а таксама як бы прадвесьцем тых зьменаў, якія сапраўды неўзабаве наступілі. Раней касьцёлы ва Ўсходняй Эўропе называлі касьцёламі маўчаньня. Зь першых дзён пантыфікату папа даў зразумець, што гэтыя касьцёлы маўчаньня могуць разьлічваць на яго падтрымку. І так яно сталася. Папа адразу зьмяніў аб''ект, да якога скіроўваў свае пасланьні. Гэта ўжо былі не камуністычныя ўлады, а вернікі і ўсе людзі добрай волі ў гэтых паднявольных краінах. І калі ўжо казаць пра значэньне гэтага пантыфікату для вяртаньня рэлігійнай свабоды, то трэба згадаць адну зь першых папскіх энцыклік "Redemptor hominis" ("Адкупіцель чалавека"), у якой папа падкрэсьлівае, што ігнараваньне рэлігійнай свабоды – гэта радыкальная несправядлівасьць адносна таго, што ёсьць асабліва глыбокім у чалавеку, што ёсьць сапраўды чалавечым. Галоўным ва ўсім навучаньні Яна Паўла ІІ заўсёды была ня толькі павага да правоў чалавека, але і да годнасьці асобы.

Ацэньваючы значэньне гэтага пантыфікату нельга не сказаць пра адносіны папы да Грэка-Каталіцкай царквы – найбольш перасьледуемай каталіцкай супольнасьці на тэрыторыі былога Саюза. У часе папярэдніх пантыфікатаў гэтая праблема замоўчвалася. Ян Павал ІІ адразу ўзьняў свой голас у абарону ўніятаў. На пачатку 80-х, калі жалезная заслона здавалася яшчэ непарушнай, Ян Павал ІІ заклікаў касьцёл пераступіць усе існуючыя межы і дыхаць двума лёгкімі – усходнім і заходнім. Гэта быў прарочы заклік, бо ён зьмяняў людзкую сьвядомасьць, ён вяртаў надзею ў сэрцы людзей. З пэрпэктывы часу добра бачна, які агромністы быў ўнёсак гэтага пантыфікату ў распад камунізму, у вяртаньне рэлігійнай свабоды ва Ўсходняй Эўропе.

Пантыфікат Яна Паўла ІІ мае асаблівае значэньне таксама для Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, для яго адраджэньня. Папа добра ведае пакутную гісторыю каталіцтва ў нашым краі, разумее ўсе мінулыя і сёньняшнія праблемы касьцёлу ў Беларусі, які называе ўмілаваным і блізкім ягонаму сэрцу. На пачатку 90-х Сьвяты айцец рэарганізаваў дыяцэзіяльныя структуры ў Беларусі, прызначыў касьцёльную гіерархію. Ён неаднаразова падкрэсьліваў, што "я нашу глыбока ў сэрцы ўсё тое, што сталася вашым лёсам". І гэта для нас, беларусаў, асабліва дорага”.

Вось так рэдактарка беларускіх каталіцкіх часопсаў “Ave Maria” і “Наша Вера”, пісьменьніца Хрыстына Лялько ацэньвае пантыфікат Яна Паўла ІІ і яго значэньне для Беларусі.

І яшчэ дзьве думкі пра агульначалавечае значэньне пантыфікату Яна Паўла ІІ. Гаворыць прафэсар Ўладзімер Конан.

(Конан: ) “Я думаю, што пантыфікат Яна Паўла ІІ – цэлая эпоха ў жыцьці хрысьціянскай цывілізацыі. Гэты пантыфікат быў на пераломным этапе, калі ў жыцьці хрысьціянскай цывілізацыі адбываліся вялікія крызысы. І ён змог аб’яднаць ня толькі хрысьціянства. Ён зьменшыў канфлікты паміж асобнымі хрысьціянскімі канфэсіямі. Папа набыў вялікі аўтарытэт сярод іншых веравызнаньняў. У прыватнасьці сярод юдэяў і мусульманаў. Такім чынам, яго кіраўніцтва Касьцёлам фактычна папярэдзіла палітычнае аб’яднаньне хрысьціянскай цывілізацыі Эўропы. У гэтым сэнсе ягоны пантыфікат мае ўсеагульнае значэньне і асабліва ў кантэксьце хрысьціянскай цывілізацыі”.

Гэта была думка прафэсара Ўладзімера Конана.

Дзейнасьць Яна Паўла ІІ сапраўды мела надзвычайнае значэньне для чалавецтва і Каталіцкай царквы. Ён браў удзел у ІІ Ватыканскім Саборы, які дазволіў служыць літургію на нацыянальных мовах. Стаўшы папам, Караль Вайтыла як бы завяршыў пачатую ІІ Ватыканскім Саборам справу. Ён ператварыў Каталіцкую царкву з фармальна ўнівэрсальнай у рэальна ўнівэрсальную, у рэальна паўсюдную, сусьветную. Ён надаў гэтай унівэрсальнасьці бачную, відочную форму. Ян Павал ІІ зьдзейсьніў, як вядома, каля 120 замежных паездак. Ён абвясьціў сьвятымі каля 2000 тысяч прадстаўнікоў розных народаў. Цяпер кожны каталіцкі народ мае сваіх сьвятых, кожны гаворыць з Богам на сваёй мове, і з кожным з гэтых народаў на яго мове гаварыў сам Ян Павал ІІ. У сваіх пасланьнях “гораду і сьвету” на Каляды і Вялікдзень папа выкарыстоўваў 65 моваў.

Менавіта Ян Павал ІІ першым стаў зьвяртацца два разы на год да беларускага народу па-беларуску. Ён шмат разоў прамаўляў па-беларуску на сустрэчах зь беларускімі вернікамі і біскупамі. Ад 2002 году беларуская мова зьяўляецца афіцыйнай мовай Каталіцкай царквы ў Беларусі, па-беларуску служацца набажэнствы і прамаўляюцца казаньні ў большасьці каталіцкіх парафіяў Беларусі і вядзецца навучаньне ў Вышэйшай каталіцкай сэмінарыі ў Пінску. Пачынаючы з 1991 году выйшла больш за 20 каталіцкіх малітоўнікаў на беларускай мове – для параўнаньня, у праваслаўных за гэты ж час выйшла толькі перавыданьне малітоўніка мітрапаліта Мікалая Мацукевіча. 16 кастрычніка 2003 году, калі адзначаўся 25-гадовы юбілей пантыфікату, Таварыства Беларускай мовы накіравала Яна Паўлу ІІ віншаваньне з падзякай за пашырэньне беларускай мовы ў Беларусі і сьвеце.

Пры Яну Паўлу ІІ беларускае ўніяцтва або грэка-каталіцтва было прызнанае Ватыканам асобным каталіцкім абрадам і занесенае ў штогадовыя зборнікі, так званыя Annuario Pontificio, а поўны звод беларускіх усходнекаталіцкіх багаслужбовых тэкстаў у перакладзе айца Аляксандра Надсана атрымаў канчатковае афіцыйнае зацьверджаньне і пачаў шырока ўжывацца.

Калі ў 1978 годзе на папу абралі кракаўскага кардынала Караля Вайтылу, шмат хто ў Беларусі падумаў, што палянізацыя беларускіх католікаў толькі павялічыцца. На практыцы аказалася наадварот. Вось беларускамоўная прамова кардынала Казімера Сьвёнтака, якую ён сказаў падчас сустрэчы з папам увосень 1998 году.

(Сьвёнтак: ) “Як жа мы радуемся, якім жа шчасьцем напоўненыя нашыя сэрцы і як жа мы бясконца ўдзячныя, што ўдастоіліся быць прынятыя Вашаю Сьвятасьцю. Просім лічыць нашу пілігрымку як відочны і выразны знак адраджэньня касьцёла на Беларусі. А прыбылі мы ў Вечны Горад, каб пакланіцца вашай Сьвятасьці ў 20-ю гадавіну Вашага пантыфікату. Каб падзякаваць за пастаянны айцоўскі клопат пра вернікаў на Беларусі. Каб засьведчыць нашую нязломную вернасьць Богу, Касьцёлу і Апостальскай Сталіцы. Каб запэўніць аб нашай пастаяннай малітоўнай памяці пра Вас – нашага ўмілаванага Сьвятога Айца. Каб ад імя ўсіх католікаў на Беларусі перадаць шчырае, сардэчнае запрашэньне Вашай Сьвятасьці наведаць партыкулярны Касьцёл на Беларусі!”

8 красавіка падчас разьвітальнай літургіі на пляцы Сьвятога Пятра ў Рыме раз за разам народ перапыняў набажэнства воклічамі і пачынаў скандаваць “адразу сьвяты”, “адразу сьвяты...” Многія вернікі ўжо лічаць папу сьвятым. Яго пахаваньне стала найвялікшым у сьвеце. Нікога ніколі не праводзілі ў апошні шлях больш за чатыры мільёны паломнікаў і больш за 200 дзяржаўных дэлегацыяў. Сьвет ужо быў прывык да папы, а як ён памёр, дык людзі і народы як бы спахапіліся і сьпяшаюцца аддаць Яну Паўлу ІІ апошнюю даніну павагі....

А ў тую восень 1998 году, калі 800 беларускіх паломнікаў на чале з карыдналам Казімерам Сьвёнтакам прыехалі ў Рым для адзначэньня 20-годзьдзя папскага пантыфікату, Ян Павал ІІ зьвярнуўся да іх са словамі, якія для беларусаў актуальныя цяпер і застануцца актуальнымі надоўга – Ян Павал ІІ стаў першым рымскім пантыфікам, які зьвярнуўся да беларусаў на іх мове.

(Ян Павал ІІ: ) “Няхай усе жыхары вашай зямлі чуюцца шчасьлівымі. Супольна будуйце ваш сёньняшні дзень і вашу будучыню. Карыстаючыся нагодай, жадаю таксама павіншаваць тут, з гэтага месца ўсіх грамадзян Беларусі. Я жадаю вашаму краю ўсяго добрага, а перадусім пасьпяховага духоўнага і матэрыяльнага разьвіцьця”.