Аляксандар Уліцёнак, Менск Новая перадача з цыклю “Падарожжы Свабоды”.
Шмат хто лічыць, што беларускі тэлевізійны эфір практычна манапалізаваны дзяржавай. Аднак насамрэч з 56 зарэгістраваных у краіне тэлестудый 39 належаць прыватным асобам ці кампаніям. Што да кабэльнага тэлебачаньня, дык 60 працэнтаў абанэнтаў таксама зьяўляюцца кліентамі недзяржаўных структур, аб’яднаных у Беларускую тэлевізійную асацыяцыю. Большасьць гэтых рэдакцый маюць рэгіянальную прапіску. Пра іх клопаты, праблемы, пэрспэктывы і пойдзе размова.
Эфірнае і кабэльнае недзяржаўнае тэлебачаньне ёсьць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Яно нарадзілася разам зь першымі незалежнымі газэтамі, і неўзабаве найстарэйшая, Кобрынская рэдакцыя будзе адзначаць сваё 15-годзьдзе, а ў шэрагу іншых сёлета – дзесяцігадовыя юбілеі. За гэты час яны заваявалі сваю сталую аўдыторыю. Лічбы ўражваюць, гаворыць экспэрт у галіне беларускіх электронных мэдыяў Леанід Міндлін:
(Міндлін: ) “Ня многія разумеюць, што гэта такое – рэгіянальнае тэлебачаньне. Але ж яшчэ ў 1996 годзе па замове фірмы “Проктар энд Гэмбэл” праводзілася сацыялягічнае дасьледаваньне. Гэта аўдыторыя на той час была прыкладна 3-3,5 мільёна. Калі ў 2003 годзе зьявіўся адыёзны фільм “Павуціньне”, да якога меў дачыненьне КДБ Беларусі, была названая лічба ў 2,8-3 мільёны гледачоў”.
Рэгіянальнае, ці як яшчэ кажуць – мясцовае тэлебачаньне ва ўсім сьвеце разьвіваецца надзвычай дынамічна. Дарэчы, як і мясцовы друк. Бо людзі стамляюцца ад маштабных катастроф, забойстваў ды іншых надзвычайных здарэньняў, пра якія бясконца паведамляюць цэнтральныя мэдыі. У процівагу гэтаму ўсё большую інфармацыйную цікавасьць набываюць лякальныя падзеі – блізкія, зразумелыя, карысныя, так бы мовіць...
(Міндлін: ) “Глядач мясцовага тэлебачаньня, як правіла, жыве ў гарадах на 100-150 тысяч, 200, дзе людзі амаль усе адзін аднаго ведаюць”.
(Карэспандэнт: ) “Але гэтых гарадоў у Беларусі недзе 12-15”.
(Міндлін: ) “У нас 16 эфірных тэлекампаній, якія адносяцца да так званай тэлевяшчальнай сеткі”.
ТВС, пра якую казаў Леанід Міндлін, найперш заклапочана матэрыяльнай і прававой базай дзейнасьці мясцовых тэлестудый. Часьцей за ўсё яны маюць вельмі прымітыўнае абсталяваньне. Дый таго не хапае. Бо самы просты камплект каштуе прыкладна 15-20 тысяч даляраў – хіба ці не для ўсіх рэдакцый сума вялікая. Раней больш зараблялі на рэкляме, але сёньня яе паменела.
(Карашкова: ) “У нас засталася толькі адна праграма – “Падзеі тыдня”, раз на тыдзень. Да гэтага ў нас было 8. Але зараз усё пераходзіць на камэрцыйную аснову, і таму ў стадыі пошуку спонсараў, якія б маглі фінансаваць праграмы. У нас горад маленькі, 30 тысяч насельніцтва, гаварыць пра вялікую рэкляму проста не даводзіцца. Таму жывем толькі за кошт уласных сродкаў”.
Паводле галоўнага рэдактара смаргонскай тэлестудыі Тацяны Карашковай, фірма-заснавальніца сёньня мусіць датаваць рэдакцыю. Аднак у буйнейшых гарадах справы трохі лепшыя. Баранавіцкая кампанія “Інтэкс”, напрыклад, штодня выходзіць у эфір і цалкам забясьпечвае двухгадзінныя праграмы, кажа намесьнік дырэктара Юры Шасьцярнёў:
(Шасьцярнёў: ) “За свае заробленыя грошы. Самі зарабляем: рэкляма, “Прыміце віншаваньні”..."
Многія лічаць платныя віншаваньні гэткім беларускім вынаходніцтвам: маўляў, як небагата рэклямадаўцаў, дык рэгіёны выжываюць за конт народзінаў, вясельляў, прызнаньняў у каханьні людзей незаможных, затое шчырых... Але такое меркаваньне памылковае: у краінах захаду, у Амэрыцы, Японіі, Кітаі тое самае. Гэта сусьветная мадэль. Яна выдатна спрацоўвае паўсюль. Вось што кажа палачанін Алесь Аркуш:
(Аркуш: ) “Калі інфармацыя датычыцца жыцьця рэгіёну, то гэта выклікае сапраўды цікавасьць. Цікава патэлефанаваць ў гэты тэлеканал і павіншаваць родных, і гэта пачуюць жыхары твайго мікрараёну… Гэта такое ўдзячнае віншаваньне...”
Адна з самых вялікіх рэгіянальных тэлекампаній Беларусі месьціцца ў Воршы. “Скіфу” дванаццаць год, ён мае свае філіі ў Барысаве, Полацку і Віцебску. Слова – галоўнаму рэдактару Сяргею Бойку:
(Бойка: ) “Нам асноўны даход дае “Бягучы радок”, праграма “Віншаваньні” і тэлегазэта рэклямная. Плюс – у нас ёсьць уласная тэлегазэта “Тэлекам-экспрэс” і кабэльная тэлевізія. Усё гэта ў сукупнасьці і дае магчымасьць працаваць. Проста аднаму тэлебачаньню выжываць вельмі цяжка”.
Некалькі год таму афіцыйна акрэдытаваныя ў Беларусі міжнародныя арганізацыі па падтрымцы СМІ “Айрэкс” і “Інтэрньюз” спрабавалі дапамагаць рэгіянальным тэлежурналістам. Ладзіліся адмысловыя навучальныя сэмінары, выдаткоўваліся сродкі для закупкі апаратуры. Гэта была вялікая дапамога, што й занепакоіла ўлады... І ў 2003-м годзе замежнікі мусілі спыніць сваю дзейнасьць, дасталося і рэдакцыям: дзьве наагул былі пазбаўленыя абсталяваньня пад надуманымі прычынамі. Узгадваем тую гісторыю з экспэртам у галіне электронных мэдыяў Леанідам Міндліным:
(Карэспандэнт: ) “Абсталяваньне яны атрымалі праз “Айрэкс” альбо “Інтэрньюз”?"
(Міндлін: ) “Але – легальна. Усё гэта адзначалася ў дакумэнтах”.
(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, ўлады напужаў амэрыканскі акцэнт?”
(Міндлін: ) “Безумоўна. Улады напужала нейкая магчымасьць дапамогі недзяржаўным, незалежным СМІ. Вось гэты канал дапамогі яны і перакрылі. Перакрылі, павінен сказаць, вельмі жорстка. Зараз ніякай дапамогі тэхнічнай не атрымліваюць. І гэта для іх праблема”.
Такім чынам, незалежнае мясцовае тэлебачаньне адчувае пільны кантроль вэртыкалі. Напрыклад, два гады таму перад выбарамі ў мясцовыя органы ўлады ўсе так званыя “вяшчальнікі і кабэльныя апэратары” мусілі прайсьці перарэгістрацыю. Тады ж зьявіўся дакумэнт, які рэглямэнтуе конкурс на права займацца наземным эфірным тэлевяшчаньнем. Сярод іншага чыноўнікі сёньня ацэньваюць – цытую: “пэрспэктыўнасьць творчых канцэпцый”, “інфармацыйнае напаўненьне эфіру”... Экспэрты лічаць, што гэта дазваляе трымаць рэдакцыі, як кажуць, на кароткім павадку. Дарэчы, дзяржаўныя электронныя СМІ вызваляюцца ад абавязковага праходжаньня конкурсу. Як жа паўплывалі на праграмную палітыку рэгіянальных тэлестудый гэткія навацыі?
(Новікава: ) “Маладэчанскае тэлебачаньне ў асноўным асьвятляе ўсе падзеі мясцовага маштабу. Тое, што адбываецца ў горадзе. Хто прыяжджае, хто ад’яжджае...”
Паводле кіраўніцы Маладэчанскай тэлестудыі Тацяны Новікавай, інфармацыйныя праграмы дапаўняюцца забаўляльнымі, дзіцячымі. Ці ёсьць крытычныя сюжэты?
(Новікава: ) “Калі мы ўздымаем праблему, то бярэм пункт гледжаньня аднаго боку, пункт гледжаньня другога... Так, як гэта трэба рабіць”.
Спадарыня Новікава запэўнівала, што ўлады з паразуменьнем ставяцца да такога падыходу, гучных канфліктаў не было. Прыблізна тое самае і ў міжрэгіянальнай тэлекампаніі “Скіф”, кажа яе галоўны рэдактар Сяргей Бойка:
(Бойка: ) “У нас з гарадзкімі ўладамі, дзякуй Богу, нармальныя стасункі, яны нам не перашкаджаюць працаваць. У нас вельмі шмат сумесных праектаў. Я сам зьяўляюся дэпутатам гарадзкога Савету, а генэральны – абласнога”.
А вось як ацэньвае ўзровень барысаўскай рэдакцыі “Скіфу” тамтэйшы тэлеглядач Алесь Абрамовіч:
(Абрамовіч: ) “Іх рамкі дзейнасьці абмежаваныя. Абмежаваныя ўладамі. Улады не дазваляюць ім вялікай незалежнасьці. Але аднойчы прарвала мясцовае тэлебачаньне, і яно зрабіла даволі крытычны выступ супраць гарвыканкаму. Але гэта быў адзінкавы выпадак”.
На барысаўскім тэлебачаньні даволі вялікая цякучасьць кадраў. Магчыма таму, што ў горадзе чатыры газэты, у тым ліку тры незалежныя. У адну зь іх – “Барысаўскія навіны” – пасьля трох год працы тэлежурналістам сышоў Андрэй Міновіч. Свой пераход ён тлумачыць незадаволенасьцю творчай палітыкі “Скіфа”, якая нібыта кантралюецца гарвыканкамам:
(Міновіч: ) “Калі я працаваў, то рабілі бліц-апытаньні на вуліцах. Прыходзіш у студыю мантажаваць і табе кажуць: усе водгукі, якія ў падтрымку прадпрымальнікаў, выразаем, выкідваем. А пакідаем толькі тыя. якія асуджаюць прадпрымальнікаў. Кажуць, што яны спэкулянты і жыруюць за кошт народу”.
Прыблізна тое самае, лічыць салігорская актывістка жаночага руху Ларыса Насановіч, і на мясцовым тэлевізійным канале СТК. Ларыса прафэсійная журналістка, аднак з-за сваіх дэмакратычных поглядаў уладкавацца на працу ў мясцовых СМІ, у тым ліку і ў Салігорскім тэлеканале, ня можа. Вось як ацэньвае яна працу калегаў:
(Насановіч: ) “Вядома, у асноўным даюць адзін пазытыў. Крытыкі вельмі мала. Напрыклад, у нас праходзіў мітынг прадпрымальнікаў. Прысутнічаў і журналіст ад СТК. Але далі адзін кадр, што адбыўся мітынг і ўсё. Без усялякіх камэнтароў”.
Шмат хто са сталых гледачоў рэгіянальных тэлеканалаў адзначаў, што напачатку 1990-х яны мелі рэпутацыю незалежных: не цырымоніліся з уладамі, давалі аб’ектыўную інфармацыю пра апазыцыю – сьмялей паводзілі сябе. Аднак разьвіцьця гэтая тэндэнцыя не атрымала, лічыць полацкі літаратар Алесь Аркуш. На Полаччыне, дарэчы, ажно тры тэлекампаніі – “Скіф”, “Вэктар” і “Квант”. Апошні заўважна зьмяніўся, калі яго набыў вядомы тамтэйшы прадпрымальнік:
(Аркуш: ) “Ён дазваляў вельмі востра крытыкаваць улады Наваполацку, але ўжо прасочваліся інтарэсы гэтага бізнэсоўцы. Але ў апошні год ужо назіраецца, што гэтыя электронныя СМІ вельмі пільна кантралююць. Інфармацыя, якая ў іх праходзіць, настолькі стала шэрая, нецікавая, нэўтральная, што проста ўжо навіны мне асабіста глядзець нецікава”.
У адрозьненьне ад звычайных гледачоў Леанід Міндлін выдатна ведае “кухню” мясцовых тэлестудый, ацэньвае іх прадукцыю з прафэсійных патрабаваньняў. І ягоная ацэнка сюжэтаў полацкіх журналістаў вельмі высокая:
(Міндлін: ) “Як параўнаць станцыю “Скіф”, яе навіны, і навіны агульнанацыянальнага тэлебачаньня, дык вось, я павінен сказаць – там працуюць два журналісты і два апэратары, яны робяць 20 хвілінаў у дзень, і гэтыя навіны па якасьці не саступаюць навінам АНТ”.
(Карэспандэнт: ) “Таксама цікава, што на апошнім конкурсе “Тэлевяршыня” адзіная рэгіянальная тэлестудыя, якая там была прадстаўлена – гэта “Скіф”, і яна атрымала прыз”.
(Міндлін: ) “Калі быў Першы ўсебеларускі нацыянальны фэстываль рэгіянальнага тэлебачаньня (2002 год), там тэлекампанія “Скіф” атрымала прыз за лепшую інфармацыйную праграму. І як лепшы вядучы (ён жа, падаецца, дырэктар станцыі) прыз атрымаў Сяргей Бойка”.
Асьцярожнасьць рэгіянальных студый, пра якую шмат хто кажа, тлумачыцца найперш тым, што ў адрозьненьне ад мясцовых газэт яны ствараліся найперш не як сродкі масавай інфармацыі, а як бізнэс-структуры. Адсюль імкненьне да кампрамісаў з уладамі: заснавальнікі хочуць зьберагчы справу, у якую ўкладзена шмат грошай і ад якой яны чакаюць дывідэндаў хоць бы заўтра. Леанід Міндлін зусім ня схільны агулам вінаваціць гаспадароў тэлеканалаў і журналістаў:
(Міндлін: ) “Ніводная станцыя практычна ні ў якой палітычнай кампаніі ня ўдзельнічала. Але ў іх ёсьць іншы сродак, каб давесьці да аўдыторыі, да электарату пэўную інфармацыю. Яны паказваюць жыцьцё, якое існуе ў гэтай правінцыі. На тым, мясцовым узроўні, яны займаюцца палітыкай, але палітыкай разумнай. І, дарэчы, ва ўсім сьвеце мясцовыя станцыі не займаюцца вялікай палітыкай. У іх свая, маленькая палітыка”.
(Карэспандэнт: ) “2006 год ім не перашкодзіць?”
(Міндлін: ) “Мне здаецца, улады абралі тут іншы шлях – больш тонкі ўціск на іх ідзе. Самацэнзура. Будзе асабісты кантроль над сабой. Гэта, магчыма, самы-самы моцны сродак кіраваньня сродкамі масавай інфармацыі...”
Такім чынам, да шматлікіх праблемаў рэгіянальнага тэлебачаньня дадасца яшчэ адна. Як яна будзе вырашацца, пабачым. Але ўжо сёньня зразумела: нягледзячы ні на што, ні на якія ацэнкі і прагнозы мясцовыя студыі маюць рэальную пэрспэктыву разьвіцьця, канкурэнцыі з агульнанацыянальным тэлебачаньнем. Гэтым шляхам ідзе ўвесь сьвет, і Беларусь ня стане выключэньнем.