Палітвязьня Аляксандра Васільева перавялі ў турэмны шпіталь, які знаходзіцца ў Менску

Сяргей Астраўцоў, Горадня. Палітвязень Аляксандр Васільеў павінен сёньня быць у нацыянальным турэмным шпіталі ў Менску. Пра гэта паведаміў ягоны адвакат з Горадні Аляксандар Бірылаў.
Паводле адваката, спадара Васільева днямі перавялі з аршанскай калёніі ў сталіцу. У шпіталі вязень пройдзе агульнае абсьледаваньне. Адміністрацыя папраўчай калёніі павінна была згадзіцца з гэтым, бо Аляксандар Васільеў наракаў, што з увагі на стан здароўя ён ня можа выконваць тых працаў, якія яго прымушаюць рабіць. Аляксандар Бірылаў гаворыць, што ў турэмным шпіталі вязень можа прабыць прыблізна месяц. Адвакат мяркуе сустрэцца з Аляксандрам Васільевым на наступным тыдні, калі атрымае на гэта дазвол.

7 верасьня 2004 году Аляксандар Васільеў быў асуджаны да двух гадоў зьняволеньня за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі, злучанай з абвінавачаньнем яго ў цяжкім злачынстве (артыкул 368, частка ІІ Крымінальна-працэсуальнага кодэксу) . Ён таксама быў прызнаны вінаватым у арганізацыі “групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак” (артыкул 342 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу), а калі больш дакладна — у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу гарадзенскіх прадпрымальнікаў, які адбыўся 1траўня 2004 году.

Адначасова з Васільевым за публічную абразу прэзыдэнта на два гады пасадзілі кіраўніка Нацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага. Рашэньне па іхнай крымінальнай справе прыняў Ленінскі раённы суд Горадні.