Паставы (фота)

Ягор Маёрчык, Паставы, Віцебшчына (эфір 31 сакавіка). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.
Тры гады таму пастаўскі гісторык Ігар Пракаповіч вырашыў дасьледаваць падзеі другой усясьветнай вайны. Ён марыў адкрыць невядомыя старонкі — барацьбу з савецкай акупацыяй. Такім чынам спадар Прапаковіч меўся, як ён кажа, аднавіць гістарычную праўду.

(Пракаповіч: ) “Тут дзейнічалі гэтак званыя лясныя браты. Людзі стараюцца пра гэта не гаварыць. Я ім тэлефанаваў, пытаўся. Мужык нешта пачаў гаварыць, а жонка крычыць, каб маўчаў. На гэтым справа і скончылася”.

Мар’яну Бумблісу — 80 гадоў. Ён служыў мараком на паўночным флёце, працаваў кіроўцам і некалькі разоў трапляў на лаву падсудных за нібыта антызаконную релігійную дзейнасьць — папросту бараніў ад разбурэньня пастаўскі касьцёл. На пэнсіі спадар Бумбліс стаў актывістам Беларускага саюзу палякаў. Дапамагае уладам суседняй краіны адшукаць удзельнікаў баявых дзеяньняў 60-гадовай даўніны. (Колішнія жаўнеры могуць разьлічваць на грашовую дапамогу.) У спадара Бумбліса бадай што самая поўная база зьвестак пра ўдзельнікаў антысавецкага руху. І ў яго ёсьць свая праўда пра ўвагу мясцовых уладаў да вэтэранаў.



(Бумбліс: ) “Я тут працую па вэтэранах Войска польскага. Яшчэ я “афамляў” тых, хто быў у польскіх партызанах, у лясных “бандытах”, хто ў сібірскіх турмах за палітыку сядзеў”.

(Карэспандэнт: ) “А такіх у Паставах шмат?”

(Бумбліс: ) “Чалавек 60—70”.

(Карэспандэнт: ) “А як мясцовыя ўлады глядзяць на вашую дзейнасьць?”

(Бумбліс: ) “Крыва. Яна адразу акрысіліся. Я тут аднаго чыноўніка ведаю. Ён ўжо на пэнсіі, але працягвае апекавацца вэтэранамі. Ён мне кажа: “Я гэтага не прызнаю. Я камуністам быў, я камуністам і памру”.

(Карэспандэнт: ) “Цяпер у Беларусі разгарнулася кампанія адзначэньня 60-х угодкаў Перамогі...”

(Бумбліс: ) “Вэтэранам будуць даваць і 100 тысяч, і 80 тысяч, і 60 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “А ад чаго залежыць сума?”

(Бумбліс: ) “Калі чалавек быў у расейскім войску, яму даюць болей, а калі ў польскім — дадуць меней”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму такая несправядлівасьць?”

(Бумбліс: ) “Маўляў, грошай не хапае”.

(Карэспандэнт: ) “Хто так кажа?”

(Бумбліс: ) “Улады”.

Ужо знаёмы нам гісторык Ігар Пракаповіч часова адклаў дасьледаваньне малавядомых старонак гісторыі Паставаў і напісаў пра родны горад турыстычны даведнік: дзе спыніцца, што паглядзець, дзе пасталавацца і гэтак далей. У другім перапрацаваным выданьні спадар Пракаповіч абавязкова дадасьць некалькі абзацаў сваёй праўды пра газыфікацыю Паўночна-Заходняга рэгіёну Віцебшчыны.



(Карэспандэнт: ) “Ня так даўно у вас тут быў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Ён урачыста распачынаў эру газавага жыцьця Паставаў. Наколькі людзям стала лепей жыць пасьля газіфікацыі?”

(Пракаповіч: ) “Слова “газіфікацыя” пакуль што толькі гучыць. Я не магу прывесьці канкрэтных прыкладаў, што некаму стала лягчэй жыць. Каб падвесьці газ да прыватнага дому, трэба болей за тысячу даляраў — гэта даволі вялікія па нашых мерках грошы”.

(Карэспандэнт: ) “Мяркуючы паводле бюджэту вашай сям’і, колькі месяцаў ці гадоў трэба зьбіраць грошы, каб падключыцца да газу?”

(Пракаповіч: ) “Калі ня есьці і ня піць, за год падключыцца можна”.

Горадастваральнае прадпрыемства “Беліт” — гэта філія менскага заводу “Гарызонт”. Вырабляе трансфармаратары. Тры гады таму намотчыца Тэрэза пра стан вытворчасьці адгукалася гэтак:

(Тэрэза: ) “Працуем тут задарма. Палову траўня мы наагул стаялі, бо не было дроту. І сысьці няма куды — працы ў Паставах няма”.

Сёлета сярэдні заробак на заводзе ўжо перакрочыў гарантаваныя ў 2001-м сто даляраў, але яшчэ не дасягнуў нядаўна абяцаных 250. Атрымліваюць тут блізу 150 даляраў.



Афіцыйныя мэдыі неаднаразова паведамлялі, што на “Беліце” распачалі выпуск мікрахвалёвых печак, што менавіта гэтая прадукцыя азалаціць прадпрыемства. Ад шараговых працоўных можна ўведаць іншую праўду заводзкога жыцьця.

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што вы выпускаеце мікрахвалёўкі. Праўда ці не?”

(Працоўны: ) “Няпраўда. Экспэрымэнтальная партыя будзе толькі ў траўні”.

(Карэспандэнт: ) “Прыкладны кошт ужо вядомы?”

(Працоўны: ) “Самая танная — 60 баксаў. Мы гэта ўжо праходзілі. Пачалі былі выпускаць сьвяцільнікі, а праз паўгоду спынілі”.

Спачатку запіс з архіву. Вучань Аляксей Храпавіцкі тры гады таму:

(Храпавіцкі: ) “Я вельмі захапляюся біялёгіяй і пасьля 11 клясаў хацеў бы паступіць у Менскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт. Але сутыкнуўся з такой праблемай, што дапаможнікаў па біялёгіі і хіміі на беларускай мове амаль што няма. А мне вельмі б хацелася рыхтавацца на беларускай мове”.

Маці Аляксея Тамара Храпавіцкая нават запісвалася на прыём да чальца Савету Рэспублікі. Яна спрабавала растлумачыць “сэнатару” неабходнасьць беларускамоўнай вышэйшай адукацыі. Той у адказ толькі пасьмяяўся. А праўда спадарыні Храпавіцкай пра гарантаваную адукацыю на роднай мове такая:

(Храпавіцкая: ) “Летась мой сын паступіў у Менскі мэдычны ўнівэрсытэт. Яму нават ніхто не прапанаваў здаваць тэсты на беларускай мове. Дзевяць гадоў мой сын вучыўся па-беларуску, а 10 і 11 клясы ў яго былі расейскамоўныя. Таму для яго гэта не было вялікай праблемай. Ён меў намер, і ён стаў студэнтам. Мой сын казаў, што яны запаўнялі анкеты: “На якой мове вы хочаце атрымліваць адукацыю?” Ён і яшчэ некаторыя аднакурсьнікі напісалі: “Па-беларуску”. Але, відаць, не набралася група. Але на факультэце лекаваньня на першым курсе дзеці вучацца па-беларуску”.

Некалі ў Паставах выходзіла незалежнае выданьне “Сумежжа”. Сваё існаваньне яно спыніла. Спробы аднавіць газэту робяцца некалькі гадоў. Праўда тутэйшага журналіста Алеся Касьценя ў тым, што мясцовыя ўлады перашкаджаюць афіцыйнай рэгістрацыі.



(Касьцень: ) “Асноўную інфармацыю мясцовым жыхарам нясе тэлебачаньне. У нашай мясцовасьці прымаюцца БТ і ОНТ. З газэтаў найбольшую вагу мае раёнка, якая мае самы высокі ў вобласьці наклад — болей за 7 тысяч. Калі мы пачалі выдаваць газэту “Сумежжа”, мы адарвалі чытачоў. Але такое адбывалася нядоўга — цягам двух-трох гадоў. Пасьля выпускаць “Сумежжа” мы ўжо не маглі. Нам катэгарычна адмаўлялі ў рэгістрацыі. Ёсьць намер аднавіць выданьне “Сумежжа”, але выглядае, што гэта зноў будзе незарэгістраванае выданьне”.

У кіраўніка аддзелу ідэалягічнай працы з насельніцтвам Пастаўскага райвыканкаму Галіны Чаплінскай свой, як яна ўпэўнена, праўдзівы погляд на жыцьцё. Праўда, нешта перашкодзіла спадарыні Чаплінскай падзяліцца ім. Спачатку яна катэгарычна адмовілася ад інтэрвію. Пасьля пільнасьць яе крыху аслабла.

(Карэспандэнт: ) “Я размаўляў з Алесем Касьценем. Некалі ў вас была газэта “Сумежжа”. Яны спрабуюць аднавіць выхад газэты. Той жа Касьцень кажа, што яны неаднаразова падавалі дакумэнты...”

(Чаплінская: ) “Паводле закону, Міністэрства інфармацыі само прымае рашэньне. Значыць, у іх былі нейкія неадпаведнасьці заканадаўству. Магчыма, ня кожны настойліва і пасьлядоўна выконвае гэтую працу, таму “нечего на зеркало пенять, коль рожа кривая”.



Тры гады таму Пастаўскім райвыканкамам кіравала Ванда Януковіч. Тады ў спрынтэрскім забегу па лесьвіцах будынку спадарыня Януковіч спрабавала адарвацца ад карэспандэнта Радыё Свабода. Перасковаючы праз прыступкі, яна вымаўляла:

(Януковіч: ) “Добра нам жывецца. Усе мужчыны мяне падтрымліваюць. Яны выконваюць усе мае загады. А калі яны ня слухаюцца, значыць, яны не павінны тут працаваць. Мясцовая апазыцыя таксама ў нашых руках”.

У мінулым двойчы дэпутат мясцовага савету, а на дадзены момант беспрацоўны Міхась Гіль некалі ачольваў тутэйшую філію сацыял-дэмакратычнай партыі. І ў яго свая праўда пра ўзаемадачыненьні грамадзкіх арганізацыяў і чыноўнікаў вэртыкалі.



(Карэспандэнт: ) “Якія ў вас стасункі з райвыканкамам?”

(Гіль: ) “Цяпер у мяне ніякіх стасункаў няма. Недзе год таму я зразумеў, што размаўляць зь імі безвынікова. Трэба самому рабіць тое, што атрымліваецца. Яны не дапамогуць, а толькі будуць перашкаджаць. У нас было шмат спробаў рэгістрацыі недзяржаўных арганізацыяў, партыйных структураў. Яны цягнуць час, а пасьля не даюць ніякага адказу”.

(Карэспандэнт: ) “Дык трымае вас райвыканкам у руках, ці не?”

(Гіль: ) “Мяне, прыкладам, не трымае. Ужо шэсьць гадоў я беспрацоўны”.

Выснова з камандзіроўкі ў Паставы: каб распавядаць пра жыцьцё, трэба ведаць праўду. А праўда ў кожнага свая. Але гэта лепш, чым адсутнасьць усялякай праўды.