Беларускія сакрэты доўгажыхарства

Іна Студзінская, Менск 6 красавіка нашаму славутаму земляку прафэсару Барысу Кіту споўніцца 95 гадоў. Сёньня а 16-й гадзіне менскага часу Барыс Кіт возьме ўдзел у онлайнавай канфэрэнцыі на вэбсайце беларускай “Свабоды”. У свае 95 гадоў прафэсар Кіт – бадзёры, жвавы, шмат чытае, працуе над мэмуарамі. У чым сакрэт даўгалецьця Барыса Кіта і яшчэ некалькіх тысячаў доўгажыхароў-беларусаў?
Барыс Кіт пражыў нялёгкае жыцьцё, прычым большую частку – далёка ад роднай Беларусі, у эміграцыі ў Амэрыцы і Нямеччыне. Але лічыць сябе беларусам. Што да сакрэтаў даўгалецьця, то сам Барыс Кіт адказаў так:

(Кіт: ) “Шмат элемэнтаў усялякіх. Генэтыка, інтэлектуальнае жыцьцё шмат дае. І ласка божая таксама. Важна, калі чалавек правільна вядзе сваё жыцьцё, ня мае за сабой ніякіх праступкаў. Ён павінен мець чыстае сумленьне. Гэта самае важнае. Я, дзякуй богу, нікому нічога дрэннага не зрабіў, шчыра вам кажу. Не пакінуў нікога ў горы, наадварот, стараўся дапамагаць. Ніколі не здрадзіў свайму беларускаму народу...”

Ці шмат, наагул, доўгажыхароў у самой Беларусі? Паводле градацыі навукоўцаў герантолягаў, доўгажыхарамі лічацца людзі, якім больш за 90 гадоў. Такіх людзей у Беларусі амаль 25 тысяч чалавек. Прычым, сталых жанчын, якім больш за 90, значна больш, чым мужчын – ажно ў шэсьць з паловай разоў! Жанчыны ва ўсім сьвеце жывуць даўжэй. А вось тых, каму пераваліла за 100 гадоў, у Беларусі 422 чалавекі.

Цікава, а хто даўжэй жыве: сельскія жыхары ці гараджане? Паводле дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, з 25-ці тысяч доўгажыхароў, якім больш за 90, прыкладна 13 тысяч жыве ў гарадох, і 12 тысяч – у вёсках. А з 422 чалавек, якія перасягнулі 100-гадовы рубеж, 334 жыве ў гарадах і 88 чалавек у сельскай мясцовасьці. Але тут ёсьць цікавая акалічнасьць: бальшыня доўгажыхароў і нарадзілася, і значную частку жыцьця пражыла ў вёсках, але ў старасьці пераехала ў горад да дзяцей і унукаў, бо ў асноўным гэта – самотныя людзі.

Дарэчы, адна з самых сталых жанчын плянэты жыве ў Беларусі. Гэта Ганна Адамаўна Барысевіч, якой роўна праз месяц споўніцца 117 гадоў. Зараз яна жыве з дачкой і сям’ёй унука ў Менску, але нарадзілася ў вёсцы.

Ганна Адамаўна кажа, што менавіта працалюбівыя людзі доўга жывуць. Нягледзячы на тое, што цяпер дрэнна бачыць, на жыцьцё ня скардзіцца.

(Барысевіч: ) “У мяне бабуля была – пражыла 113 гадоў, але яна не хварэла. Хоць бы і я так памерла, не хварэючы. Ужо ўсе мае сяброўкі паўміралі, толькі я адна засталася. Жыць хораша было, усё добрае было. Самае цікавае, калі чалавек малады. Ці на вечарынку пойдзеш, пагуляеш, хоць і апрануць не было чаго. Адна сукенка была. Але я танцавала дужа лёгка, дык мяне адусюль выцягнуць, каб танцаваць ішла. Яшчэ Бог дае сілы. Я ніколі не курыла. Што да гарэлкі, гэта калі бяседа якая, а так не пілі. Я ніколі ў жыцьці п’янаю не была. Ня трэба нэрвавацца, дык пражывеш доўга, а калі будзеш нэрвавацца, злавацца – то хутка “парыесься”.

Спадар Кіт казаў, што галоўнае – мець чыстае сумленьне, не рабіць дрэнна іншым. Ганна Барысевіч сьцьвярджае, што ня трэба нэрвавацца, злавацца, дык і пражывеш доўга. А што кажуць адмыслоўцы?

Паводле меркаваньняў герантолягаў многіх краінаў сьвету, здароўе і працягласьць жыцьця на 45-55% вызначаецца ладам жыцьця; на 17-20% – зьнешнім асяродзьдзем, экалёгіяй; на 18-20% – генэтыкай; і на 8-10% – аховай здароўя. На гэтую тэму я шмат размаўляла з прафэсарам, галоўным гэрыятрам Міністэрства аховы здароўя Аляксандрам Хапалюком. Ён кажа, што складнікаў вельмі шмат, але ёсьць і агульныя рысы.

(Хапалюк: ) “Гультаёў-доўгажыхароў я не сустракаў. Звычайна гэта сапраўды людзі-працаўнікі. Прычым, ня мае значэньня – ён араў ці ён пісаў. Я сустракаў доўгажыхароў і сярод сялян, і вось вы сказалі пра аднаго прафэсара. Яшчэ быў прафэсар Голуб Давід Маісеевіч, які працаваў практычна да 100 гадоў. Звычайна гэта людзі-працаўнікі”.

І яшчэ: звычайна доўгажыхары не злоўжываюць алькаголем (хаця тая ж Ганна Барысевіч па вялікіх сьвятах – вось нядаўна быў дзень нараджэньня ўнука – у свае амаль 117 выпівае кілішак). Герантолягі сьцьвярджаюць, што аптымісты жывуць звычайна значна даўжэй за пэсымістаў.

Нагадаю, што сёньня а 16-й гадзіне менскага часу ў онлайнавай канфэрэнцыі на вэбсайце беларускай “Свабоды” возьме ўдзел прафэсар Барыс Кіт, якому 6 красавіка споўніцца 95 гадоў.