Паводле Бакіева, Акаеву зарана вяртацца ў Кіргізстан

БІШКЕК.Новы прэм’ер-міністар і выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Кіргізстану Курманбэк Бакіеў сёньня заявіў, што яшчэ зарана казаць аб вяртаньні ў краіну адхіленага ад улады прэзыдэнта Аскара Акаева. Паводле Бакіева, ягонае вяртаньне можа прывесьці да новых хваляваньняў у Кіргізстане. Аскар Акаеў, які пакінуў краіну ў выніку масавых акцый пратэсту, знаходзіцца цяпер у Падмаскоўі. Адказваючы на пытаньне, ці гатовы ён пайсьці ў адстаўку, Акаеў сказаў у наўпроставым тэлеэфіры:(Акаеў) “Канешне, калі мне будуць дадзеныя адпаведныя гарантыі, і калі гэта будзе цалкам адпавядаць дзейнаму заканадаўству Кіргізстану”. Адзін з лідэраў новай улады ў Кіргізстане Фэлікс Кулаў склаў з сябе паўнамоцтвы каардынатара рэспубліканскіх сілавых структураў. Прэм’ер-мінстар Курманбэк Бакіеў заявіў, што палітычны пераварот у Кіргізстане адбыўся паводле ўнутраных прычынаў і без дапамогі звонку, і яго трэба разглядаць асобна ад рэвалюцыяў ва Украіне і Грузіі. У інтэрвію кіргіскаму тэлебачаньню Курманбэк Бакіеў адзначыў, што новы ўрад прыцягне да адказнасьці ўдзельнікаў нядаўніх акцый марадэрства ў Бішкеку. Бакіеў заявіў таксама, што ўсе СМІ ў Кіргізстане павінны быць незалежнымі. Неабходна, каб не было нават ўрадавых газэтаў, падкрэсьліў ён.