Сяргей Дубавец, Вільня Мэтамарфоза немцаў. Новая перадача сэрыі “Беларусь на вайне”, якую падрыхтаваў Сяргей Дубавец.
Кажуць, каб засьцерагчыся ад паўтарэньня бяды, трэба ведаць яе прычыну. Але ў тым і рэч, што прычыны мы звычайна не знаходзім. Найвялікшай бядой мінулага стагодзьдзя прынята лічыць нямецкі фашызм, калі адна з найбольш разьвітых і культурных нацыяў сьвету ператварылася раптам у бесчалавечны мэханізм. Чаму так здарылася? Адназначнага адказу няма, і таму пытаньне паўтараецца зноў. Сёлета яно зноў прагучала з вуснаў генэральнага сакратара ААН Кофі Анана ў часе адмысловай сэсіі гэтай арганізацыі, прысьвечанай 60-м угодкам вызваленьня Асьвенціму. І зноў па сутнасьці засталося без адказу.
“Як такое зло магло здарыцца ў высокакультурнай і разьвітай краіне, разьмешчанай у самым сэрцы Эўропы, чые мастакі і філёзафы далі так шмат сьвету?” – пытаўся Кофі Анан і далей казаў нібыта пра іншае: “Дзеля перамогі зла патрэбна ўсяго толькі бязьдзеяньне добрых людзей”.
З гэтым, натуральна, не паспрачаесься. Асабліва калі мець на ўвазе, што дабро, як правіла, рукатворнае, яго трэба рабіць, каб яно было. А зло найчасьцей апаноўвае чалавека і сьвет само, як стыхія, якой заўсёды на карысьць ваша бязьдзейнасьць. Але гэта ўсё занадта агульныя словы, каб мы маглі зразумець, што адбылося і засьцерагчыся ад паўтарэньня.
Заўважу, што гаворка не пра вайну. Войны вядуць кіраўнікі і арміі. Гаворка пра паводзіны цэлага народу, які даў сьвету клясычную літаратуру, музыку і філязофію, а таксама фабрыкі сьмерці, масавае вынішчэньне мірных людзей з асаблівым нават не цынізмам, а мэдычным і статыстычным разьлікам.
Калісьці, яшчэ ў 1983 годзе я задаў гэтае пытаньне Васілю Быкаву, робячы гутарку зь ім для часопіса “Полымя”. З чаго пачынаецца фашызм? Быкаў адказаў так:
“Уся справа ў тым, што фашызм пачынаецца з адной вельмі старой, як сьвет, пасылкі: мы не такія, як іншыя, мы – лепшыя, разумнейшыя, вышэйшыя, і таму “мы павінны”, “мы маем права”...
Інакш кажучы, Быкаў думаў пра грэх гардыні. Але штосьці павінна было заразіць гэтай гардыняй цэлую нацыю далёка ня самых цёмных у сьвеце людзей.
Празь некалькі гадоў мне давялося ўжо для “Нашай Нівы” рабіць гутарку са знаным польскім інтэлектуалам Земавітам Фэдэцкім, юнацтва якога прайшло пад нямецкай акупацыяй у Беларусі. Адказ Фэдэцкага на тое самае пытаньне быў зусім іншы, хутчэй сацыяльны. Фашызм, казаў ён, пачынаецца з “чвэрцьінтэлігенцыі”, зь недавучаных вясковых настаўнікаў. Гэта значыць, глебаю служыць недаадукаванасьць, недавыхаванасьць, недааформленасьць асобы як адзінкі нармальнага грамадзтва. Чалавек быццам крыху дзікаваты ў тым сьвеце, у якім жыве, а гэта спрыяльны стан для выхаду навонкі самых цёмных поклічаў арганізму.
Пазьней даводзілася сустракаць мноства вэрсіяў нямецкай мэтамарфозы, прычым з кожным годам працэс пошуку адказу не спыняецца, а наадварот, робіцца больш глыбокім і аб’ектыўным. Прынамсі такое ўражаньне пакідаюць вэрсіі, якія прагучаць у нашай сёньняшняй перадачы.
На маю просьбу Зьміцер Бартосік адправіўся да філёзафа і музыколяга, якія ня першы год разважаюць над праблемай: чаму нашчадкі выдатных нямецкіх мысьляроў і кампазытараў ператварыліся ў нацыстаў-людабойцаў.
(Бартосік: ) “Калі бачу ў дакумэнтальных тэлефільмах, як чысьценькія, мілыя, кранальныя нямецкія дзядулі, вэтэраны другой сусьветнай распавядаюць пра цяжкія баі пад Сталінградам і Масквой, мяне не пакідае ўражаньне, што гэтыя сівенькія спадары – толькі акторы. Ніяк ня ўдзельнікі тых падзеяў. Настолькі вялікая розьніца паміж іхнымі зморшчынкамі і кадрамі ваеннай кінахронікі. З горамі абгарэлых трупаў. Тым больш складана зьвязаць гэтыя трупы з абагульненым вобразам нямецкай культуры, з імёнамі Бэтховэна і Гётэ.
Нямецкая культура тут ні пры чым. Гэта ўсё зрабілі праклятыя фашысты. Гітлер, Гебельс ды іншыя людажэры. Але што ж тады атрымліваецца? Што культура – гэта нішто? Музыка, літаратура і філязофія – толькі для баўленьня вольнага часу? І яна зусім не засьцерагае ад жаданьня заліць крывёю ўвесь сьвет? І нават больш за тое. У нямецкім выпадку якраз культура стала спускавым кручком самай страшнай вайны? І менавіта Моцарт, Вагнэр і Бэтховэн далі падставу, нават не падставу, а п’едэстал для нямецкай гардыні. І такім чынам, замардаваны жыд, спалены жыўцом беларус, палеглы на фронце узбэк, павінны дзячыць ня толькі Гітлеру, але і Моцарту з Гайднам таксама? І таму вялікая культура – гэта не прыгожая цацка, а рэч рэальна небясьпечная? Якая, пры ўмелым яе выкарыстаньні, можа зрабіць рэчамі аднаго парадку штодзённа чыстую кашулю і ўласнаручна застрэленае дзіця, замілаваньне ад добрай музыкі і добрай... шыбеніцы – неад’емнай часткі краявіду?”
Філёзаф Валянцін Акудовіч над гэтым пытаньнем разважае даўно.
(Акудовіч: ) “Над гэтай праблемай пачалі задумвацца задоўга да Нюрнбэрскага працэсу, ужо ў 30-я гады, калі пачаўся гвалт над гэбраямі, Эўропа здрыганулася і ўжо тады пачало фармулявацца пытаньне: як адна з самых культурных нацыяў, нацыя вялікіх паэтаў, філёзафаў, мастакоў, вялікая нацыя, адным словам, можа рабіць такое? І ўжо тады высьветлілася досыць хутка, што ніхто ня можа знайсьці адказ. Бэтховэн, Гётэ, Шылер, Кант, Гегель... самыя перадавыя ў сьвеце ўнівэрсытэты, самая адукаваная інтэлігенцыя... і вось такое робіцца. Сытуацыя не перамянілася і сёньня. Чалавецтва дыскутуе над гэтай праблемай больш за паўстагодзьдзя, а ўцямнага адказу няма.
Давайце паглядзім з розных ракурсаў на гэтую праблему. Нямеччына была ня першай вялікай нацыяй, якая распачала вялікую вайну. Згадаем Напалеонаўскую Францыю і Напалеона. Французы заваявалі і перайначылі ўсю Эўропу. І ня толькі Эўропу. І ніхто ніколі не абвінавачваў французаў у большай жорсткасьці, чым яе ёсьць на любой вайне. Значыць, можа быць вялікая нацыя і з гэтага зусім не паўстае, што вялікая нацыя павінна быць звышжорсткай.
У свой час, яшчэ за саветамі, калі я спрабаваў прааналізаваць гэты фэномэн, я згадаў казкі братоў Грым. У дзяцінстве ў мяне быў таўшчэзны том і гэта былі страшныя казкі. Але прыцягальныя. Я іх баяўся, але чытаў. Потым, ужо прафэсійна, я зразумеў, што тыя казкі братоў Грым былі адаптаваныя, прыўкрашаныя, харошанькія. Аўтэнтычны нямецкі фальклёр – гэта проста жах, гэта горш, чым Асьвенцім. І я тады падумаў, што гэтая звышжорсткасьць немцаў, магчыма, у генах. Паколькі фальклёр – гэта маладосьць нацыі, значыць, яна заўсёды такой і была, хоць і не заўсёды праяўлялася. Праўда, потым я зразумеў, што аўтэнтычны фальклёр у кожнай нацыі досыць страшны.
Тады я пачаў разважаць далей і параўнаў першую сусьветную вайну і другую. Першая сусьветная вайна, якую таксама распачалі немцы, якія таксама ваявалі з усёй Эўропай, пры ўсім пры тым не пазначана вось гэтай жорсткасьцю. Гэта была звычайная вайна. Так – сусьветная, так – імпэрыялістычная, так – немцы былі і ў нас. Ясна, несалодка і там было, але нічым у той вайне немцы не вылучаліся.
Значыць, штосьці з нацыяй здарылася ў прамежку паміж 1918 і 1933 годам. І што ж такое здарылася, што ў 2-й сусьветнай вайне, якую немцы распачалі, яны былі ўжо зусім іншымі? І вось тут я кажу рытуальную фразу: у мяне адказу няма, у мяне ёсьць адно зь меркаваньняў, якое не прэтэндуе на паўнату адказу. Рэч у тым, што вынікі 1-й сусьветнай вайны, калі немцы прайгралі, абярнуліся вельмі жорсткім да іх прысудам. Можа залішне жорсткім. Я не кажу пра кантрыбуцыі. Але былі адабраныя тэрыторыі і нацыя была прыніжана тым, што ён шмат чаго не дазволілі. Забаранілі мець сваё войска і г.д. І вось гэтая вялікая траўма ўсёй нацыі хутчэй і адбілася на тым, што потым выявілася. Каб яе пераадолець, трэба было адпомсьціць усім і ўся сторыцай. Яны пайшлі на гэтую вялікую вайну, каб зноў стаць вялікай нацыяй, але вось гэтым шляхам...”
(Бартосік: ) “Якія цудоўныя ў баварцаў застольныя песьні! Пры чым тут Асьвенцім і Хатынь, скажаце вы. А вось музыколяг Кірыла Насаеў дапускае, што сувязь ёсьць”.
(Насаеў: ) “... Але ж пачалася новая сытуацыя ў сярэдзіне 19-га стагодзьдзя: хопіць нам “Арфэя і Эўрыдыкі”, давай нам “Трыстана і Ізольду”. Тое самае адбылося ва ўсіх культурах: Сметана ў чэхаў, Шапэн у палякаў, Вэрдзі ў італьянцаў, а ў немцаў нарадзілася, нават не нарадзілася, а грымнула свая зьява – застольныя песьні – калі мужыкі зьбіраліся ў кабаках і пад піва сьпявалі разам. Менавіта немцы, таму што яны са сваім мэнталітэтам дасканалай нацыі ўзьнялі гэта ўсё да хрэстаматыйнага матэрыялу. І кампазытары такія вядомыя, як Шубэрт, Шуман... У Шубэрта ўся харавая творчасьць – мужчынскія хоры, якія вялі свой радавод менавіта ад застольных песень. З другога боку, я думаю, што такая зьява як нацызм не зьявілася б у Гамбургу ці, напрыклад, у Кёнігсбэргу. Таму што такія штукі зьяўляюцца заўсёды на поўдні, чамусьці. Заўсёды пачынае бурліць поўдзень. І традыцыя гэтых піўнушак, калі мужыкі зьбіраліся, вырашалі праблемы, – чамусьці, яна не зьявілася зноў-такі ў Ніжняй Саксоніі ці Кёнігсбэргу. Гэта зусім іншыя немцы”.
(Бартосік: ) “Аднойчы я вырашыў пачытаць чатырохгадовай пляменьніцы казачку на ноч. Узяў з паліцы зборнік братоў Грым. Разгарнуў першую казку. І літаральна праз абзац скончыў сваё чытаньне. Мяркуйце самі:
“Жыў на ўзьлесьсі глухога бору бедны дрывасек са сваёю жонкаю і дваімі дзецьмі. Хлопчыка назвалі Гензэль, а дзяўчынку Грэтай. Жыў дрывасек надгаладзь, але наступіла аднойчы на той зямлі такая дарагоўля, што не было яму за што купіць нават хлеба замарыць чарвячка. І вось пад вечар, лежачы на пасьцелі, пачаў ён думаць. І ўсё адольвалі яго розныя думкі і клопаты. Паўздыхаў ён і кажа жонцы:
– Што ж цяпер будзе з намі? Як нам пракарміць няшчасных дзяцей? Нам і самім няма чаго есьці.
– А ведаеш, што? – адказала жонка. – Давай раненька, як толькі пачне днець, завядзем дзяцей у лес, у самы глухі гушчар, запалім ім вогнішча, дадзім кожнаму па лусьце хлеба, а самі пойдзем на работу і пакінем іх адных. Дарогі дадому яны ня знойдуць, вось мы ад іх і пазбавімся”.
(Акудовіч: ) “Аказваецца, сама па сабе вялікая культура не абараняе ад таго, што можа рабіць кожны канкрэтны прадстаўнік нацыі. Дарэчы, усе дыктатары, і самыя крывавыя, ці вершы пісалі, ці музыку ці нешта яшчэ, гэта значыць, былі дастаткова культурнымі людзьмі. Які-небудзь неадукаваны варвар, той яшчэ такой бяды не нарабіў бы. Культуры больш агрэсіўныя, чым самі народы. Расейская культура зьнішчыла больш культур, чым расейскае войска зьнішчыла войскаў іншых народаў. Міт пра тое, што культура – гэта адназначна станоўчая зьява – прыдумалі рамантычныя старэючыя цётачкі калісьці, і ўсім гэта вельмі спадабалася.
Культура ў сваім кантэксьце – вельмі жорсткая. У дадатак, культура не абараняе ад жорсткасьці ні таго, хто зьяўляецца яе носьбітам, ні таго, супраць каго носьбіт скіраваны”.
(Дубавец: ) “Паводле пашыранага ва ўсім сьвеце ўяўленьня, культура – ледзьве ня тоесная гуманізму. Пры гэтым такія характарыстыкі як “талент ад д’ябла” ці ленінскае знакамітае – “нялюдзкая музыка” – пра Апасіянату Бэтховэна – успрымаюцца як прыватнасьці. Дзіва што самое пытаньне пра нямецкую мэтамарфозу застаецца для нас рытарычным. Адказ можа папросту не прабіцца праз нашыя стэрэатыпы.
Але ставячы гэтае пытаньне зноў і зноў, мы зноў падкрэсьліваем тое, што ніяк ня можам уцяміць: як такая КУЛЬТУРНАЯ нацыя магла ператварыцца ў малох?
Быццам, калі б не былі яны такімі, дык і не ператварыліся б? Ну вось мы ж ня сталі нацыяй нацыстаў. І ніхто больш ня стаў. А яны – культурныя, разьвітыя і выхаваныя – сталі. Можа быць, яны таму і сталі бесчалавечнымі нацыстамі, бо былі найбольш культурнымі, разьвітымі і выхаванымі...
Ніхто ня стане спрачацца, што немцы – першая нацыя, якая прыходзіць на памяць, калі мы гаворым пра схільнасьць да парадку і законапаслушэнства. Такімі яе зрабілі стагодзьдзі ўпартае працы, прыроднага розуму і рацыянальнага мысьленьня. У выніку ў 20-м стагодзьдзі яны сталі найбольш самаарганізаванай супольнасьцю ў Эўропе ці нават у сьвеце. І аказалася, што абсалютызацыя парадку і законапаслушэнства, як і ўсялякая падобная абсалютызацыя, дае ўрэшце адваротны вынік. Дастаткова толькі на такую глебу кінуць зерне дзяржаўнае ідэалёгіі.
Пасьля ўвядзеньня ў Беларусі дзяржаўнае ідэалёгіі мы з вамі на працягу некалькіх перадач спрабавалі зразумець, што ж гэта такое, і таксама не знаходзілі адказу. Мы пыталіся ў экспэртаў, у вулічных мінакоў, нарэшце, шукалі паралеляў у іншых краінах сьвету, у тым ліку і ў сёньняшняй Нямеччыне. Але паўсюль сустракалі такую зьяву як дзяржаўная палітыка. У галіне культуры ці адукацыі, выхаваньня маладога пакаленьня, аховы здароўя, эканомікі і г.д. Дзяржаўнае ідэалёгіі ў такім крышталізаваным выглядзе – як наступальнай задачы – ні ў воднай разьвітай краіне цяперашняга сьвету няма. Гэта відавочна штука архаічная, паралелі якой знаходзяцца ў гісторыі, а не ў сучаснасьці, альбо ў тых сучасных краінах, якія жывуць архаічнымі рэаліямі, як Куба альбо Паўночная Карэя. Там на дзяржаўнай ідэалёгіі трымаецца ўсё.
Аднак што ж гэта такое, дзяржаўная ідэалёгія і чым яна адрозьніваецца ад дзяржаўнай палітыкі. На маю думку, якраз у гэтым адрозьненьні і хаваецца адказ на пытаньне – як разьвітая нацыя можа ператварыцца ў армію дзетазабойцаў. Дзяржаўная ідэалёгія, у адрозьненьне ад дзяржаўнай палітыкі, прэтэндуе на ўсеахопнае, татальнае валоданьне розумамі і душамі нацыі. А для таго, каб мабілізаваць усіх на такое вось адзінства, у ідэалёгіі ёсьць ключавое слова – вораг. У нашага народа і нашай краіны ў сьвеце – мноства недабразычліўцаў і ворагаў. І тыя з нас, хто з гэтым ня згодны, тыя, лічы, ужо на баку ворага. А таму нацыя павінна ачысьціцца ад іх і стаць маналітным атрадам, гатовым для выкананьня любое задачы.
Драматычная выснова з гэтых развагаў напрошваецца сама. Няма абсалютна ніякае розьніцы ў тым, які зьмест вы ўкладаеце ў панятак дзяржаўнае ідэалёгіі. (Вось чаму мы так толкам і не зразумелі, што прапануе нам цяперашні прэзыдэнт). Вы можаце ставіць перад нацыяй задачу забіць усіх цыганоў і габрэяў альбо збудаваць камунізм, – гэта нічога ня значыць, бо сама прырода дзяржаўнае ідэалёгіі як зьявы мае на мэце вызначэньне ворага і толькі. Інакш гэта не дзяржаўная ідэалёгія, а штосьці іншае. Ключавое слова ідэалёгіі – вораг – разьвязвае кіраўнікам рукі, гіпнатызуе масы, апраўдвае ўсё, што мы робім насуперак заканадаўству і маралі. Ідэалёгія – вышэй за ўсё. Яна – унівэрсальны псыхатропік, узьдзеяньне якога ў гітлераўскай Нямеччыне было пастаўленае на індустрыйны падмурак. А гэта значыць, што кожны кіраўнік, які прагне ідэалягізацыі грамадзтва, – усяго толькі недалужны плягіятар усемагутнага доктара Мэндэле, які яшчэ ў асьвенцімскіх лябараторыях даказаў, што дзяржаўная ідэалёгія ў абсалюце сваім – гэта зусім ня словы, а тое, каб вось гэтыя людзі, прыпадобненыя да авечак, елі траву і пры гэтым – тут самае істотнае – пачуваліся шчасьлівымі і ўдзячнымі свайму кіраўніку.
Зразумела, вынік залежыць ад таго, на якую глебу абрынецца газавая атака дзяржаўнае ідэалёгіі. Скажам, высокаарганізаваная і законапаслухмяная нямецкая нацыя, атрымаўшы такую вось ін’екцыю, дружна ўзялася вызваляць сабе жыцьцёвую прастору ад іншых народаў. А нашмат менш арганізаваны, менш аднародны і законапаслухмяны савецкі народ, атрымаўшы сваю дозу таго самага ўнівэрсальнага рэчыва, раптам убачыў агромністую колькасьць ворагаў у сабе самім.
Бадай толькі сёньня мы спакваля пачынаем разумець, чым па сутнасьці стаў разгром гітлераўскай Нямеччыны, і які галоўны вынік таго разгрому лёг адбіткам на ўсю пасьляваенную гісторыю Эўропы і сьвету. Сёньня, калі мінула столькі гадоў, мала каго турбуе, што гэта быў канец вайны, бо ў гісторыі было шмат войнаў і ўсе яны некалі сканчаліся. Нічога, апроч патасу, няма і ў словах пра Вялікую Перамогу, бо і вялікіх перамог у гісторыі было мноства. Што нам да тога. Галоўны вынік у тым, што скансалідаванымі намаганьнямі іншых народаў нямецкая нацыя была вызваленая ад узьдзеяньня дзяржаўнае ідэалёгіі. Толькі пасьля гэтага высокаразьвітая і культурная нацыя павярнула свой рэсурс на стваральную дзейнасьць. Узровень жыцьця і перадавыя пазыцыі сучаснай Нямеччыны маглі б служыць паказальным прыкладам для тых кіраўнікоў, якія зноў пачынаюць гаворку пра дзяржаўную ідэалёгію і паміж дабрабытам людзей і іх здольнасьцю ўдзячна есьці траву выбіраюць другое.