МАСКВА. Адхілены ад улады прэзыдэнт Кіргізстану Аскар Акаеў заявіў, што ён і надалей застаецца на сваёй пасадзе і не зьбіраецца падаваць у адстаўку. Акаеў заявіў пра гэта сёньня ў інтэрвію радыёстанцыі “Эхо Москвы”.
Акаеў сказаў, што застаецца адзіным абраным і легітымным прэзыдэнтам і ня бачыць ніякіх прычынаў або апраўданьняў для адстаўкі. Адзінай легітымнай уладай у Кіргізстане ён лічыць новаабраны парлямэнт. Акаеў таксама паведаміў, што ён цяпер знаходзіцца ў Падмаскоўі. Заява Акаева прагучала неўзабаве пасьля таго, як сёньня скончылася супрацьстаяньне вакол статусу легітымнасьці паміж новым і старым парлямэнтамі Кіргізстану. Гэты палітычны крызыс вырашыўся на карысьць новаабранага аднапалатнага парлямэнту. Новы парлямэнт зацьвердзіў учора прэм’ер-міністрам Кіргізстану Курманбэка Бакіева. Бакіеў таксама часова выконвае абавязкі прэзыдэнта. Сьпікер парлямэнту Амурбэк Тэкебаеў сказаў, што гатовы сустрэцца з Акаевым, але толькі каб прыняць ад яго заяву аб адстаўцы.