Чаму вулічныя акцыі беларускай апазыцыі нешматлюдныя?

Альгерд Невяроўскі, Менск Ужо не адзін год вулічныя шэсьці і мітынгі апазыцыі зьбіраюць ня больш за некалькі тысяч чалавек. У чым прычына таго, што людзі не адгукаюцца на заклікі да ўдзелу ў апазыцыйных мерапрыемствах? Гэтае пытаньне мінакам на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, чаму, на вашую думку, вулічныя акцыі апазыцыі ў Беларусі такія нешматлюдныя?”

(Спадар: ) “Мала хто падтрымлівае, калі апазыцыя выступае. Мне здаецца, проста ня хочуць людзі зьвязвацца”.

(Спадар: ) “Відаць, таму, што апазыцыя ня мае падтрымкі насельніцтва”.

(Карэспандэнт: ) “А вы як лічыце?”

(Спадарыня: ) “Можа, баяцца чагосьці”.

(Хлопец: ) “Я лічу, што, відаць, баяцца ўладаў”.

(Спадарыня: ) “Няма яскравага лідэра і незразумелая праграма. Людзі баяцца, што ад сёньняшняга больш-менш прыстойнага жыцьця будзе яшчэ горш. Людзі баяцца будучыні”.

(Дзяўчына: ) “Таму, што ў нас, беларусаў, такі мэнталітэт. Мы ціха гуляем, ціха жывем — і таму ня будзем высоўвацца. На нас ціснуць, а нам добра”.

(Спадар: ) “Я лічу, што шматлюдная, толькі ў сьвядомасьці сваёй. Я думаю, што ў нас усё атрымаецца”.

(Спадар: ) “Яны ня маюць аўтарытэту, бо не бароняць інтарэсаў іншых людзей”.

(Дзяўчына: ) “Відаць, таму, што сама апазыцыя як сьлед не зарганізаваная. Таму гэтыя акцыі стыхійныя і такія разрозьненыя”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, мала інфармацыі аб апазыцыі ў прэсе, па радыё”.

(Хлопец: ) “Відаць, людзі ў нас запалоханыя, і ўсіх усё задавальняе. Мне здаецца, людзі ня вераць, што можа быць кардынальна зьменена жыцьцё да лепшага з прыходам новага ўраду, альбо новага прэзыдэнта. Таму, як гаворыцца, нашае месца з краю, і ня трэба нам ніякіх праблемаў. А то будуць прыводы ў міліцыю, за мяжу ня зможаш выехаць. Гэта дадатковыя праблемы. Яны думаюць, што лепш пасядзяць дома і паглядзяць тэлевізар”.

(Дзяўчына: ) “За нашага прэзыдэнта амаль уся краіна. Ён шмат чаго робіць для Беларусі, і апазыцыя нават ня можа нічога зрабіць”.

(Хлопец: ) “Многія людзі вельмі баяцца атрымаць фізычныя траўмы. Калі б на ўсіх гэтых мітынгах была гарантаваная бясьпека, то прыйшло б значна больш людзей. Калі Чарнобыльскі шлях будзе санкцыянаваны, то туды прыйдзе значна больш людзей”.

(Спадар: ) “Таму што яны мала кантактуюць з народам”.