Сёлетняе Гуканьне Вясны – сьвята ў Строчыцах

Севярын Квяткоўскі, Строчыцы Фальклёрныя гурты, старадаўняя карчма, вогнішча, гушкалкі ды дзесяткі шчасьлівых наведнікаў – вось вобраз сёлетняга Гуканьня Вясны, зладжанага ў музэі народнай архітэктуры і побыту, што месьціцца блізу вёскі Строчыцы пад Менскам. Менавіта з аднаўленьня старадаўніх сьвятаў у 1980-х у беларускае грамадзтва вярталася нацыянальная самасьвядомасьць. Гісторыя і сучаснасьць Гуканьня Вясны – у рэпартажы карэспандэнта “Свабоды”.
Кабеты гушкаюцца на арэлях і сьпяваюць народную песьню.

(Карэспандэнт: ) “Гэтая песьня менавіта да Гуканьня Вясны?”

(Спадарыня: ) “Так, птушак выклікалі”.

(Карэспандэнт: ) “Арэлі таксама патрэбныя?”

(Спадарыня: ) “Абавязкова патрэбныя. Чым вышэй арэлі ўздымаюцца, тым вышэйшы лён у гэтым годзе”.

Гутару са спадарынямі Тацянай Яцкевіч і Любоўю Сівурай: ўдзельніцамі фальклёрнага гурту “Гуда”. Гуканьне Вясны ня мае вызначанай даты. Гукаць пачынаюць блізу дня вясновага раўнадзенства, і сьвяткуюць некалькі дзён запар. Кожнае слова песьні, кожны рух танца, кожная дэталь упрыгожваньня для абазнаных людзей мае вялікі сакральны сэнс. Галоўная мэта дзеі – дапамагчы вясьне адужаць зіму.

Апрача “Гуды” ў музэі пад адкрытым небам можна было пачуць і пабачыць такія гурты як “Дэсань”, “Каладзей”, “Жаварончакі” ды іншыя. Імпрэза ладзіцца трэці год запар пры ўдзеле Студэнцкага Этнаграфічнага Таварыства. Тлумачыць прадстаўнік Таварыства Аляксей Глушко:

(Глушко: ) “Пастаянна ладзім народныя сьвяты. Яны, праўда, не заўсёды маюць масавы характар. Гуканьне Вясны – прыклад масавага сьвята. А так сьвяты для сваіх – для сяброў таварыства”.

Менавіта са сьвятаў для сваіх – не для шырокага кола – пачыналася вяртаньне забытай культурнай спадчыны ў асяродкі нацыянальна-сьвядомай моладзі ў савецкія часы. Прыгадвае наведніца сёлетняга сьвята ля Строчыцаў Арына Вячорка:

(Вячорка: ) “25 сакавіка мы рабілі Гуканьне Вясны: выяжджалі ў лес, у лесе вывешвалі сьцяг, і там гукалі вясну. Гэтыя сьвяты стваралі аснову. Мы жылі ад сьвята да сьвята. Ад Калядаў да Гуканьня Вясны, ад Гуканьня Вясны да Купальля…”

Упершыню ў паваенным Менску Гуканьне Вясны зладзілі ў Купалаўскім парку ў 1983 годзе. А 20 красавiка 1986 у менскім Траецкім прадмесьці “воiны-iнтэрнацыяналiсы” зьбілі навучэнцаў дзесятае й адзінаццатае клясаў школы-iнтэрнату музыкi й выяўленчага мастацтва iмя Ахрэмчыка. Падлеткі прыйшлi на бераг Сьвiслачы на “Гуканьне вясны”. Як цяпер мяркуецца, “аўганцаў” нацкаваў тагачасны гаркамам камсамолу.

Ад 1979 году публічнае і несанкцыянаванае сьвяткаваньне Калядаў, Гуканьня Вясны і Купальля прыцягвала пільную ўвагу савецкіх уладаў і карных органаў. Бо менавіта старадаўнія народныя сьвяты ядналі нацыянальна-сьвядомую частку беларускай інтэлігенцыі.

Сёлета Гуканьне Вясны супала зь Вялікаднём і блізкае да ўгодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Але ў адрозьненьне ад разгону дэманстрацыі ў Менску на Дзень Волі, Гуканьне Вясны ў Строчыцах пачалося і завяршылася сьвятам.