Школьнікаў і студэнтаў амаль да вечара трымалі ў аўдыторыях, каб тыя не далучыліся да акцыі 25 сакавіка

Ігар Карней, Менск Навучэнцаў старэйшых клясаў бальшыні менскіх школаў і прафэсыйна-тэхнічных вучэльняў, а таксама студэнтаў ВНУ на загад адміністрацыяў навучальных установаў не адпускалі сёньня з заняткаў да трох-чатырох гадзінаў дня. Вучаніца адной зь менскіх гімназіяў Аліна апавяла, што ім загадалі сядзець у клясе да трох гадзінаў дня, хоць напярэдадні абяцалі адпусьціць дадому а дванаццатай, паколькі гэта апошні дзень напярэдадні веснавых вакацыяў.
(Аліна: ) “На другім уроку клясны кіраўнік нам сказаў, што мы ў абавязковым парадку мусім адседзець у гімназіі да трох гадзінаў дня”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму, навошта?”

(Аліна: ) “Сказаў, што сёньня ў горадзе быццам будзе нейкі вялікі парад…”

(Карэспандэнт: ) “А пра Дзень Волі вам сёньня штосьці расказвалі?”

(Аліна: ) “Не, нічога”.

Іншыя крыніцы паведамляюць, што аналягічным чынам трымалі ў аўдыторыях і студэнтаў сталічных ВНУ. Як распавядаюць бацькі, дзеці тэлефануюць і кажуць, што першыя “пары” заняткаў нечакана былі аднесеныя замест пятых і нават шостых. А некаторых студэнтаў наўпрост папярэджвалі пра недапушчальнасьць удзелу ў апазыцыйных акцыях, прымеркаваных да Дня Волі.

У Міністэрстве адукацыі запэўніваюць, што ніякіх загадаў з гэтай нагоды падначаленым навучальным установам не давалі, аднак удакладняюць: адміністрацыі школаў і ВНУ самі могуць карэктаваць расклад заняткаў.