Рэдактара “Вольнага гораду” выклікалі ў пракуратуру

Марыя Ўсьціновіч, Крычаў Рэдактара крычаўскай недзяржаўнай газэты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага выклікалі ў раённую пракуратуру. Там дэмакрату паказалі ўлётку зь ягоным партрэтам і заклікам да крычаўцаў падтрымаць рэвалюцыю Андрэя Клімава і прыехаць 25 сакавіка ў Менск. Гэтую ўлётку, паводле інфармацыі Сяргея Няроўнага, даслалі ў пракуратуру з Крычаўскага райвыканкаму.
Газэта “Вольны горад” друкавала матэрыялы пра Андрэя Клімава і распавядала чытачам пра ягоныя ідэі. А вось улётку, катэгарычна заявіў Сяргея Няроўны, ён бачыць упершыню і ніякага дачыненьня да яе не мае. Ён назваў гэта “правакацыяй уладаў”.

(Няроўны: ) “Канечне, улада запалоханая, што паўторыцца сцэнар Грузіі, Украіны, Кіргізіі. Для гэтага праводзяць меры запалохваньня, завядзеньне крымінальных справаў і гэтай далей”.

Сяргей Няроўны заклікаў крычаўскую пракуратуру разабрацца ў сытуацыі. Ён таксама дапушчае, што гэта можа быць працягам супрацьстаяньня зь мясцовымі ўладамі падчас нядаўніх давыбараў у Магілёўскі абласны савет, у якіх ён браў удзел і патрабаваў законнасьці іх правядзеньня.