Міхаіла Марыніча наведалі ў турэмным шпіталі амбасадары і адвакат

Алег Грузьдзіловіч, Менск 23 сакавіка Міхаіла Марыніча наведалі ў менскім турэмным шпіталі амбасадар Вялікабрытаніі Браян Бэнэт, кіраўнік офісу АБСЭ Эбэргард Гайкен і адвакат Вера Страмкоўская. Пра тое, як пачуваецца цяпер Міхаіл Марыніч, у якіх умовах яго утрымліваюць, нашаму радыё паведаміла адвакат Вера Страмкоўская.
(Страмкоўская: ) “Я ня бачыла Марыніча паўмесяца. Ён вельмі схуднеў, але захаваў маральную моц, якая яму дамапагае трымацца ў гэтым становішчы. Я зьвярнула ўвагу на тое, што ён гаворыць у іншай манеры : цягне словы, паўзы паміж словамі. Але пры гэтым ён разумее ўсё вельмі дакладна, сочыць за сытуацыяй.

У шпіталі ён знаходзіцца ў пакоі разам з чатырма іншымі асобамі. Там не было тэлевізара і радыё, але вырашылі радыё прынесьці. Вырашылі прынесьці і тэлевізар, але потым зразумелі, што гэта не найлепшая ідэя, бо хворыя з астатніх палатаў пачнуць хадзіць да іх, і ён ня будзе мець магчымасьці адпачываць, як трэба. Яшчэ яму дадуць адмысловае прыстасаваньне, каб ён распрацоўваў руку. Ён ня можа варушыць на поўную моц рукой. І лекар, які прысутнічаў на сустрэчы, пацьвердзіў, што ўсе мэдыкамэнты, якія ён патрабуе, будуць яму перададзеныя”.

Паводле Веры Страмкоўскай, Міхаіл Марыніч прасіў падзякаваць усім, хто падтрымлівае яго: амбасадараў, актывістаў апазыцыйных арганізацыяў, прадпрымальнікаў, усіх, хто патрабуе ягонага вызваленьня. Вера Страмкоўская паведаміла, што пададзенае хадайніцтва, каб пасьля выздараўленьня Міхаіла Марыніча не пераводзілі ў аршанскую калёнію, пакінулі ў менскай калёніі. Таксама працягваюцца намаганьні празь юрыдычныя захады дамагчыся, каб Марыніча адпусьцілі на волю, сказала адвакат Вера Страмкоўская.