У Ваўкавыску галадаюць ужо дванаццаць чалавек

Сяргей Астраўцоў, Горадня Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч галадае восьмы дзень. Да яго ў знак салідарнасьці далучыліся 11 кіроўцаў таксовак і грузавых машын.
Апошнія тры галадоўнікі занесьлі свае заявы пра абвяшчэньне галадоўкі ў райвыканкам сёньня. Першымі да Мікалая Аўтуховіча далучыліся кіроўцы, якія, як і сам прадпрымальнік, калісьці ваявалі ў Аўганістане.

З 19 сакавіка, напрыклад, галадае 40-гадовы Анатоль Чыжык.

(Чыжык: ) “Нас чыноўнікі ніяк не разумеюць і ня хочуць разумець. Мы ўжо зь 19-га галадаем, нават нас ніхто не наведаў — з таго ж райвыканкаму”.

Анатоль Чыжык працаваў на грузавой машыне ў фірме “Ніка-транс”. З Новага году сем грузавікоў гэтай фірмы арыштаваны. Спадар Чыжык гаворыць, што з гэтага часу ўся сям’я жыве на заробак жонкі. А ў іх дзьве дачкі, адна навучаецца ў мэдыцынскім каледжы на платным аддзяленьні.

У сваёй заяве на галадоўку Анатоль Чыжык напісаў, што Мікалая Аўтуховіча і іх незаконна ўціскаюць. Ён напісаў, што калі яны не загінулі на аўганскай вайне, гэта ня значыць, што зь іх можна зьдзекавацца цяпер.

Нагадаем, прадпрымальнік Аўтуховіч пратэстуе супраць таго, што ўлады ствараюць перашкоды ў ягонай працы. Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”, якой выстаўлены штраф на два мільярды рублёў. Улады лічаць, што фірма аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта адпаведнай ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што не парушаў заканадаўства: паміж ім і “Ніка-транс” падпісана дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня.