П. Марыніч: “Не пазналі яго – паголены, цягне нагу, вельмі худы, колер твару нездаровы”

Алег Грузьдзіловіч, Менск У Рэспубліканскім цэнтры кардыялёгіі прайшоў кансыліюм Міхаіла Марыніча. Пасьля таго, як Міхаіла Марыніча агледзелі дактары Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру кардыялёгіі, яго зноў накіравалі ў гарадзкі турэмны шпіталь. Між тым, сыны Міхаіла Марыніча настойваюць на тым, што бацьку трэба лячыць толькі ва ўмовах спэцыялізаванай мэдычнай установы.
21 сакавіка ў першай палове дня Міхаіла Марыніча прывезьлі з гарадзкога турэмнага шпіталю ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнта кардыялёгіі, дзе прайшоў кансыліюм з удзелам дактароў цэнтру. Сынам Міхаіла Марыніча, аднак, не паведамілі пра вынікі кансыліюму. Убачыцца з бацькам ім удалося толькі здалёк і на вельмі кароткі час. Вось што распавёў малодшы сын Марыніча Павал пра гэтую сустрэчу:

(Павал Марыніч: ) “Бачылі яго, прычым спачатку нават не пазналі. Быў апрануты ў чорную турэмную робу, паголеная галава, цягне нагу, вельмі худы, колер твару вельмі нездаровы. Стан ягонага здароўя нас палохае”.

Павал Марыніч паведаміў, што дагэтуль да іх бацькі не дапусьцілі адваката, хаця заява аб такой сустрэчы была напісаная яшчэ на мінулым тыдні.

Паводле Ігара Марыніча, каб выключыць магчымасьць кантактаў зь іх бацькам, уладамі былі зробленыя надзвычайныя захады. У прыватнасьці, у 4-й гарадзкой бальніцы, на тэрыторыі якой знаходзіцца Рэспубліканскі цэнтар кардыялёгіі, дзяжурылі міліцыянты і супрацоўнікі ў цывільным, іх пасты былі на кожным паверсе і ля ўваходу. У шпіталь не дапусьцілі ніводнага журналіста.

У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры кардыялёгіі ня кажуць пра тое, да якой высновы прыйшлі дактары ў выніку кансыліюму. Там спасылаюцца на лячэбную таямніцу. Пасьля кансыліюму Міхаіла Марыніча адвезьлі ў турэмны шпіталь на вуліцы Кальварыйскай, дзе ён знаходзіцца з 15 сакавіка. Кіраўнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Уладзімер Коўчур заявіў Радыё Свабода:

(Коўчур: ) “З нашага боку робіцца ўсё, што магчыма, каб захаваць здароўе Міхаіла Марыніча. Цяпер ён адчувае сябе здавальняюча”.

Між тым, сваякі Міхаіла Марыніча працягваюць настойваць на тым, каб яго лячылі ў спэцыялізаванай мэдычнай установе, дзе ёсьць неабходнае абсталяваньне.