Ці дапамагае дзяржава беларускім невідушчым?

Аляксандар Уліцёнак, Менск Новая перадача сэрыі “Падарожжы Свабоды”
Вось як прэзэнтуе сваю ўвагу да невідушчых беларуская дзяржава: калі 80 год таму толькі 12 такіх людзей ва ўсёй краіне мелі працу ў прымітыўнай арцелі, дык сёньня блізу 8 тысяч інвалідаў па зроку першай і другой групаў занятыя ў 16 спэцыялізаваных унітарных прадпрыемствах. Паўтары тысячы чалавек займаюцца ў гуртках клюбаў таварыства інвалідаў, каля тысячы невідушчых дзіцятак навучаюцца па адмысловых праграмах... Гэта – на паперы. А што адбываецца ў рэальным жыцьці?

Перадусім я паспрабаваў высьветліць, колькі ж у Беларусі невідушчых? Дакладнага адказу не знайшлося: розныя дакумэнты й афіцыйныя інстанцыі апэлююць толькі прыблізнымі лічбамі. Тлумачаць тое пастаяннай зьменай прычынаў і ўмоваў, якія ўплываюць на пагаршэньне здароўя. Так, нібыта адступаюць чарнобыльскія наступствы, і зараз сытуацыя стабілізуецца: каля 20 тысячаў чалавек маюць інваліднасьць першай і другой групаў, а трэцяй – каля 70 тысяч.

У Таварыства інвалідаў па зроку, паводле афіцыйнай інфармацыі, шырокія магчымасьці для аздараўленьня, працаўладкаваньня сваіх сябраў. Аднак адзін зь лідэраў новых грамадзкіх арганізацыяў для невідушчых Аркадзь Гусарэвіч лічыць, што тут шмат фармалізму:

(Гусарэвіч: ) “Калі зараз чалавек губляе зрок у дарослым узросьце, дык ён толькі атрымлівае пасьведчаньне аб групе інваліднасьці – і ўсё! Далей нікуды паперы не ідуць. Ні ў якія іншыя арганізацыі, якія павінны займацца справамі рэабілітацыі інвалідаў”.

На нядаўняй канфэрэнцыі ў гонар 100-годзьдзя першай школы для невідушчых прагучала: у краіне не зарэгістравана больш за тысячу цалкам пазбаўленых зроку дзяцей і звыш сямі тысячаў інвалідаў першай групы. Чаму так? Самі хворыя не рэгіструюцца, бо лічаць, што ў гэтым няма асаблівага сэнсу, альбо ня ведаюць пра магчымасьці мэдыцыны, сацыяльнай, прафэсійнай рэабілітацыі. А чыноўнікі не асабліва імкнуцца да дакладнасьці, бо кіруюцца правілам: чым менш гаротнікаў, тым менш клопатаў для вэртыкалі...

Далей, кажа Аркадзь Гусарэвіч, атрымліваецца, што людзі застаюцца сам-насам з процьмай праблемаў, сярод якіх адна з самых галоўных – адаптацыя новых і новых інвалідаў...

(Карэспандэнт: ) “Праграма адаптацыі – гэта праблема для адзінак, соцень, тысяч?”

(Гусарэвіч: ) “Для тысяч. Мы стварылі зараз дабрачыннае міжнароднае аб’яднаньне “Ніколь”. Ніколь – гэта дзяўчына са Швэйцарыі, таксама невідушчая, як і мы. Яна добра рэабілітаваная, вывучае славістыку...”

(Карэспандэнт: ) “Яна да вас прыяжджала?”

(Гусарэвіч: ) “У гэтым годзе не – гады паўтары назад... Сродкі на гэта могуць даць толькі замежныя дзяржавы. Бо ў краіне няма законаў, якія б падтрымлівалі тых заможных людзей, што хочуць дапамагчы. Каб тыя меншыя падаткі плацілі... Ёсьць прыклады: чалавек дасьць грошы, але просіць не казаць пра гэта, бо адразу: “Ага, лішнія грошы!”

Да праблемы замежнай дапамогі беларускім невідушчым мы яшчэ вернемся. А пакуль пра тое, як дапамагае ім родная дзяржава. Варта заўважыць, што ў недалёкім мінулым каля двух дзесяткаў прадпрыемстваў Беларускага таварыства інвалідаў па зроку мелі неблагую эфэктыўнасьць. Іхныя грошы інвэставаліся, напрыклад, у будаўніцтва аэрапорту “Менск-2”, карпусоў спартыўнага комплексу “Раўбічы” ды іншыя прэстыжныя аб’екты. Аднак сёньня ні лётчыкі, ні алімпійцы аддачы ня маюць. Рэзка пагоршыліся й прыбыткі заводаў таварыства. Асабліва востра адчулі гэта на сабе невідушчыя, якія жывуць у рэгіёнах.

(Невядомскі: ) “У нас працуючых мала. Зараз пайшлі складаныя пытаньні наконт працаўладкаваньня. З тых, хто працаздольны, у нас мала працуючых”.

Міхаіл Невядомскі ўзначальвае Валожынскую суполку інвалідаў па зроку, якая аб’ядноўвае пад сотню чалавек. Зарабляць хоча кожны, але асабліва мужчыны гадоў пад 40-50: іхныя дзеці вучацца ў школах, інстытутах – трэба карміць, дапамагаць... Аднак рэгіён сельскагаспадарчы, і знайсьці працу – хоць якую – вельмі цяжка...

(Невядомскі: ) “У асноўным, гэта праблема тых, у каго трэцяя група. Таму што яны апынуліся паміж “небам і зямлёй”. Іх ня хочуць браць звычайныя арганізацыі і нашы прадпрыемствы таксама. Таму што яны ідуць як відушчыя”.

На Меншчыне чатыры прадпрыемствы для невідушчых: у сталіцы, Слуцку, Чэрвені і ў Маладэчна. Асноўная спэцыялізацыя – электраўстановачныя вырабы: выключальнікі, пераходнікі, вілкі, патроны... Прадукцыя нібыта ня самая складаная, аднак яна вырабляецца паводле эўрастандартаў і карыстаецца павышаным попытам у Расеі, Прыбалтыцы, Украіне. Маштаб аб’ёмаў лёгка ўявіць па адной толькі лічбе: за дзень прадпрыемствы таварыства вырабляюць мільён выключальнікаў. Дарэчы, спадар Невядомскі – інвалід першай групы – мае да гэтай лічбы непасрэдныя адносіны:

(Невядомскі: ) “Я працую надомнікам. Кручу ўсялякія кантакты для разэтак, для выключальнікаў”.

130 чалавек аб’ядноўвае Мядзельская раённая арганізацыя таварыства інвалідаў па зроку. Шмат хто летась жыў за конт таго, што са спэцыялізаванага электрапрадпрыемства да іх прывозілі дэталі для зборкі пэўных вузлоў, прыбораў. Аднак сёлета, кажа старшыня суполкі Ігар Чырык, становішча пагоршылася:

(Чырык: ) “Вельмі кепска з працай. У мяне 21 інвалід па зроку, якія хочуць працаваць і працавалі. Яны рабілі разэткі фазныя, потым кантакты скручвалі для лямпаў дзённага асьвятленьня, зьбіралі патроны для лямпаў дзённага асьвятленьня. Студзень і люты мы стаім, ніхто нам працу ня возіць”.

Бо ў цяжкую эканамічную сытуацыю патрапілі базавыя прадпрыемствы. Дастаткова сказаць, што 80 працэнтаў абсталяваньня там сёньня патрабуе замены. І дзяржава нібыта ідзе насустрач: таварыству нядаўна дазволілі ствараць інавацыйныя фонды для мадэрнізацыі вытворчых магутнасьцяў.

Аднак адначасова ва ўрадзе нарадзіўся законапраект, які пазбаўляе прадпрыемствы невідушчых права няўплаты падатку на прыбытак, а таксама страхавых сацыяльных і пэнсійных ўзносаў. І хто ў такіх умовах стане папаўняць інавацыйныя фонды? Інваліды сабралі ўжо 16 тысяч подпісаў супраць намеру ўладаў пазбавіць іх апошніх ільгот – своеасаблівай кампэнсацыі за свой абдзелены лёс...

(Рагель: ) “Вось 35 тысяч рублёў гэтым разам за газ заплаціла. Ну й таксама за ваду, за сьвятло. Я ўсяго атрымліваю 120 тысяч. А яшчэ гэтыя таблеткі дарагія… А што рабіць? Купляем. Так і жывём…”

Пра свой лёс інваліда другой групы гаварыла пэнсіянэрка Фаіна Рагель з Валожыншчыны. Прыблізна тое самае чакае й шмат іншых, хто сёньня пакуль яшчэ мае працу. У суседнім Мядзельскім раёне людзям з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі толькі й застаецца жыць на мізэрную пэнсію па інваліднасьці. Калі здароўе пагаршаецца і чалавек не праходзіць мэдкамісію, яго адразу звальняюць. Апошні прыклад – лёс Генадзя Берляковіча й Надзеі Балоба, якіх скарацілі пасьля пераводу з трэцяй на другую групу. Расказвае Ігар Чырык:

(Чырык: ) “А дзе тут уладкуесься? У нас тут абсалютна нічога няма. У калгас жа працаваць інвалід ня пойдзе. У раёне няма ніякіх прадпрыемстваў. На рыбзаводзе, як я ведаю, яшчэ трымалі людзей з 3-й групай. Як толькі дадуць 2-ю групу, нават моладзі, іх адразу ж звальнялі”.

Гэта ў Амэрыцы ёсьць спэцыяльныя дзяржаўныя службы, якія бясплатна дапамагаюць невідушчым у хатніх клопатах. А ў Беларусі наадварот: калі ўрад “праб’е” свой законапраект, ён фактычна “даб’е” і матэрыяльную, і сацыяльную інфраструктуру таварыства інвалідаў па зроку. Гэта пацьвярджаюць ужо першыя – пакуль толькі “пробныя” спробы ўвядзеньня новых правілаў для іх. Расказвае лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Ніколь” Аркадзь Гусарэвіч:

(Гусарэвіч: ) “Грошай няма, а ў канцы мінулага году ад нас запатрабавалі арэндаваць памяшканьне пад офіс. Тым больш – не абы-якое, не падвальнае... Са сьнежня мінулага году – 35 квадратных мэтраў і павінны плаціць добрыя грошы за гэта... А мы ім не карыстаемся, яно не патрэбна, таму што праца праходзіць па месцы жыхарства інвалідаў”.

На думку спэцыялістаў, новаўвядзеньні ўладаў адмоўна адаб’юцца ня толькі на невідушчых. Гэта пацьвярджае і досьвед суседняй Расеі, дзе пасьля падобнай жа з дазволу сказаць “рэформы” датацыі інвалідам па зроку ўзрасьлі ў чатыры разы. Мядзелец Ігар Чырык перасяліўся ў вёску, бо ня бачыць пэрспэктывы працаўладкаваньня ў горадзе:

(Чырык: ) “Я ў вёсцы абаснаваўся, дык вось трымаю і кароўку, і коніка, і сьвіней трохі, і трусоў, і курэй, і бычкоў. Дзецям жа трэба неяк дапамагчы”.

Каб утрымацца на плыву, беларускае таварыства інвалідаў пайшло пакутлівым шляхам скарачэньня кадраў. І найперш – са сфэры нематэрыяльнай. Бяз працы адразу апынуліся спэцыялісты сацыяльна-прафэсійнай рэабілітацыі невідушчых. У альтэрнатыўных грамадзкіх суполках спрабуюць уладкаваць іх за конт спонсарскай дапамогі.

(Гусарэвіч: ) “Яны будуць займацца праблемай рэабілітацыі інвалідаў. Каб чалавек, які згубіў зрок, змог бы схадзіць у булачную, паліклініку, на прыпынак... Карацей, стаць больш самастойным па месцы свайго жыхарства. Другое. Існуюць спэцыяльныя кампутарныя праграмы, якія дазваляюць чалавеку са згубленым зрокам добра карыстацца кампутарам: выходзіць у інтэрнэт, ладзіць перапіску, чытаць літаратуру, якая існуе ў электронным выглядзе...”

Аркадзю Гусарэвічу, лідэру суполкі “Ніколь”, не спадабаецца вызначэньне “альтэрнатыўнае” грамадзкае аб’яднаньне. Але фактычна так атрымліваецца, бо дзяржава самаўхіляецца ад працы зь невідушчымі. Пра дапамогу з боку ўладаў расказвае валожынец Міхаіл Невядомскі:

(Невядомскі: ) “У нас фінансаваньня няма. За гэты час мы атрымалі ад аблвыканкаму для праслухоўваньня толькі 3 магнітафоны. Мы жывём толькі за конт спонсарскіх сродкаў”.

Гэткая дзяржаўная няўвага тлумачыцца ня толькі абмежаванымі магчымасьцямі сёньняшняй беларускай улады, казалі многія мае суразмоўцы. Яны зьвярталі ўвагу, што прадстаўнікоў невідушчых ды іншых групаў людзей з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі няма ні ў Палаце прадстаўнікоў, ні ва ўрадзе краіны, ні ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Між тым ва ўсіх заходнеэўрапейскіх краінах такія катэгорыі грамадзянаў маюць абавязковае прадстаўніцтва ў важнейшых органах дзяржаўнага кіраваньня. А Беларусь ігнаруе ня толькі замежны досьвед, але й замежную дапамогу. Расказвае кіраўнік аб’яднаньня “Ніколь” Аркадзь Гусарэвіч:

(Гусарэвіч: ) “У мінулым годзе была падпісаная дамоўленасьць з амэрыканскай арганізацыяй “Контрлпарт Інтэрнэшнл”. У яе, здаецца, цяжкасьці з уладамі, таму яна неўзабаве пакінула Менск. Нягледзячы на гэта ў сьнежні мы атрымалі падтрымку – каля трох тысячаў даляраў”.

Кіраўнік аб’яднаньня афіцыйна зарэгістраваў дапамогу. І што ў выніку?

(Гусарэвіч: ) “Мы атрымалі адказ, што на тыя грошы мусім плаціць падатак на прыбытак, як быццам зьяўляемся камэрсантамі і атрымалі такую вось выручку ў касе, а ня грошы, якія паступілі на дабрачынныя мэты... 24 працэнты – падатак на прыбытак, 4 працэнты транспартныя і некалькі працэнтаў на раку Сьвіслач... Усяго каля 30 працэнтаў з гэтай сумы павінны будзем заплаціць. Грошы былі пералічаныя з разьлікам на тры месяцы працы ў чатырох гарадох – Менску, Берасьці, Слуцку й Горадні. А зараз гэта будзе толькі два месяцы замест трох...”

Вось і атрымліваецца: дзяржава дэкляруе сваю ўвагу да інвалідаў па зроку, але нават тыя, хто маюць найгоршую катэгорыю – першую, кажуць, што насамрэч для ўладаў яны – людзі другога гатунку. І небеспадстаўна лічаць: наперадзе новыя, яшчэ больш складаныя выпрабаваньні…