Як вы ставіцеся да патрабаваньняў вызваліць М. Марыніча?

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Як вы ставіцеся да патрабаваньняў міжнароднай супольнасьці аб вызваленьні Марыніча? Ці падтрымліваеце іх? — з такімі пытаньнямі зьвярнулася да жыхароў Магілёва наша карэспандэнтка. У апытаньні бралі ўдзел мінакі на магілёўскіх вуліцах і актывісты розных грамадзкіх арганізацыяў.
(Спадар: ) “Падтрымліваю намаганьні міжнароднай супольнасьці ў абарону Марыніча. Рэжым папросту выкарыстаў Марыніча як пудзіла ў запалохваньні чынавенства, вышэйшага чынавенства перадусім”.

(Спадарыня: ) “Канечне, падтрымліваю. Таму што гэта ганьба для краіны — тое рашэньне суду, якое вынесена ў дачыненьні да Марыніча”.

(Спадар: ) “Канечне. Я яго ведаю асабіста: добры чалавек, вельмі кампэтэнтны, граматны і, я мяркую, вельмі прыстойны чалавек”.

(Спадар: ) “Тое, што зрабіла наша ўлада з Марынічам, зусім не стасуецца з тым, што адбываецца з тымі людзьмі, якія былі асуджаны за крадзеж у вялікіх памерах, напрыклад Жураўковай. І чалавека бязьвіннага пакаралі больш жорстка, чым людзей, якія вінаватыя, скралі вялікія грошы і яны не сядзяць у турме”.

(Спадар: ) “Калі шчыра, то я нават ня ведаю, хто гэта такі. Калі гэта апазыцыянэр і яго за нешта ўлады зачынілі, то, можа, гэта і правільна, што спрабуюць зрабіць нешта, прыцягнуць увагу грамадзкасьці, хоць неяк спрабуюць паўплываць на нашага прэзыдэнта”.

(Спадар: ) “Прозьвішча Міхаіла Марыніча я недзе чуў. А высілкі міжнародных арганізацыяў у яго вызваленьні — я ня думаю, што яны будуць мець нейкі сэнс, таму што немагчыма ціснуць на нашае кіраўніцтва такім чынам. Яно толькі азлабляецца, і будзе яшчэ горш”.

(Спадар: ) “Я лічу, што вызваленьне Марыніча — гэта цяпер тая праблема, ад вырашэньня якой залежыць, як замежныя дзяржавы будуць сябе паводзіць у дачыненьні да кіраўнікоў нашай дзяржавы”.

(Спадар: ) “Я гэта падтрымліваю і лічу, што ягонае знаходжаньне ў турме абсалютна палітычна матываванае. А апошнія падзеі, зьвязаныя зь ягоным інсультам і паводзінамі турэмнай адміністрацыі паказваюць, што ягонае жыцьцё пад пагрозай”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэта справа чыста палітычная У нашай краіне ўсе намаганьні міжнароднай супольнасьці… На гэта глядзяць скрозь пальцы, таму цяжка сказаць, чым гэта скончыцца”.

Магілёўцы распавядалі, як яны ставяцца да намаганьняў міжнароднай супольнасьці аб вызваленьні Міхаіла Марыніча.