Вера Страмкоўская прадстаўляла Беларусь у Нью-Ёрку

Алеся Сёмуха, Нью-Ёрк Адвакат і праваабаронца Вера Страмкоўская прадстаўляла Беларусь у Нью-Ёрку на міжнародным саміце па жаночым лідэрстве “Vital Voices”. У саміце прымалі ўдзел вядомыя жанчыны-палітыкі, як напрыклад сэнатарка Гілары Клінтан, а таксама грамадзкія актывісты з усіх рэгіёнаў сьвету. Зь Верай Страмкоўскай сустрэлася і гутарыла нашая карэспандэнтка.
(Карэспандэнтка: ) “У параўнаньні зь іншымі краінамі, як выглядае сытуацыя з правамі жанчын у Беларусі?”

(Страмкоўская: ) “Я была вельмі зацікаўленая выступамі жанчын з былых савецкіх рэспублік, такіх як Таджыкістан, Украіна, Расея. Тыя праблемы, зь якімі мы зараз маем справу, у іх ужо адышлі на другі плян. Напрыклад, прадстаўніцы Таджыкістану больш былі зацікаўленыя вырашэньнем прафэсійных і лякальных праблем. А ў Беларусі трэба зараз бараніць правы чалавека і пераглядаць канстытуцыйныя правы, якія не адпавядаюць дэмакратычным нормам. Тут я перш за ўсё маю на ўвазе незалежнасьць судовай сыстэмы і балянс уладаў, магчымасьць бараніць правы чалавека ў судзе, магчымасьць свабоды асацыяцый, мітынгаў, шэсьцяў, карацей, усе глябальныя правы чалавека, якія ў нас парушаюцца. Гэтыя фундамэнтальныя праблемы мусяць быць вырашаныя, перш чым зьвяртацца да вырашэньня жаночых правоў ці гандлю людзьмі”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы рэпрэзэнтуеце ў судзе правы людзей, чыя грамадзянская ці палітычная пазыцыя не падабаецца ўладзе. Вынікі такіх судовых працэсаў звычайна прадказальныя. У чым палягае Вашая прафэсійная сатысфакцыя брацца за справы, якім загадзя наканавана быць прайгранымі, бо Вы не кантралюеце правілы гульні?”

(Страмкоўская: ) “Я іх не кантралюю, але як абаронца, калі я страчу надзею на перамогу, дык я ня маю права бараніць кліента. Я павінна выкарыстоўваць і свой вопыт, і веданьне заканадаўства, каб абараніць правы майго кліента.

Па-першае, прафэсійнае валоданьне заканадаўствам падае надзею, што тыя промахі, якія былі зробленыя падчас разгляду крымінальнае справы сьледзтвам ці судом, будуць вырашаныя на карысьць кліента. Я б узгадала справу Марыніча, эпізод са зброяй, па якім ён быў апраўданы – гэта і ёсьць прафэсійная перамога. Калі б не было нашага прафэсійнага падыходу да гэтай справы, дык гэтае вельмі сур’ёзнае абвінавачваньне засталося б.

Па-другое, я лічу, што павінна быць дадзеная юрыдычная абгрунтаваная ацэнка ўсёй гэтай справе, ці ёсьць яна насамрэч крымінальным злачынствам. Гэта можна зрабіць толькі прафэсійна, ведаючы закон і матэрыялы справы. Я так і рабіла, падаючы ў сродкі масавай інфармацыі мае прафэсійныя камэнтары. Усё гэта мусіла быць зроблена вельмі тактоўна і прафэсійна, бо любы памылковы крок быў бы заўважаны ўладай ці Калегіяй адвакатаў, і да мяне былі б прынятыя адпаведныя меры. Такі падыход дае людзям магчымасьць валодаць інфармацыяй, а ацэнкі яны могуць рабіць самі.

Па-трэцяе, калі разам з абвінавачаным знаходзіцца прафэсіянал, які можа падказаць, накіраваць, нешта параіць, дык гэта чалавеку вялікая дапамога, бо ён ведае, што нехта на ягоным баку і маральна, і з пункту гледжаньня закону.

Нарэшце, Беларусь як краіна не падпісала і не ратыфікавала міжнародныя пагадненьні, якія тычацца судоў. Гэта і Рымскі статут, і магчымасьць абараняць правы чалавека ў Страсбурскім судзе. Але ўсё ж такія часы настануць. І калі гэта станецца, і мы як краіна зможам удзельнічаць у гэтых судовых сыстэмах, я лічу, мы вернемся да перагляду некаторых спраў, якія тычацца парушэньняў правоў чалавека. Гісторыя нам паказвае шмат доказаў таго, што раней ці пазьней людзі вяртаюцца да мінулага і пераацэньваюць яго. Напрыклад, Літва, а зараз і Ўкраіна”.

(Карэспандэнтка: ) “Пракуроры, судзьдзі – людзі ці не найбольш адукаваныя...”

(Страмкоўская: ) “Я б не сказала так пра ўсіх...”

(Карэспандэнтка: ) “Скажам, юрысты атрымліваюць шмат адукацыі. Існуе пабытовае меркаваньне, што яны паслужлівыя да ўладаў толькі каб захаваць працы і карміць свае сем’і. Як, на Вашу думку, гэта ўплывае на іх прафэсіяналізм, і ці ёсьць сярод гэтай катэгорыі прафэсіяналаў патэнцыял да грамадзкага непадпарадкаваньня?”

(Страмкоўская: ) “Патэнцыял у чалавеку заўсёды ёсьць. Я ў гэта веру. Таму я стаўлюся да сваіх калегаў, якія зараз ідуць насуперак свайму прафэсіяналізму, са шкадаваньнем. Мы маглі б прадстаўляць Беларусь як прафэсіяналы ў міжнародных арганізацыях і рухаць нашу краіну наперад да дэмакратыі і да таго, каб нашыя людзі жылі лепш. А яны, на жаль, цягнуць гэты рухавік, нашую дзяржаву, ня ў тым накірунку. Усё гэта, вядома, адаб’ецца на будучым пакаленьні і на пакаленьні маладых юрыстаў. Я ім не судзьдзя, але як прафэсіяналу, мне бывае сумна за тое, што ў нас адбываецца”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы маеце багаты досьвед праваабаронцы. Ці заўважылі Вы за апошнія 5-6 гадоў розьніцу ў рэакцыі людзей на несправядлівыя прысуды? І калі так, дык якая тэндэнцыя?”

(Страмкоўская: ) “Я назіраю за рэакцыяй людзей, скажам, у транспарце, калі яны чытаюць Народную Волю, ці калі яшчэ была “Белорусская Деловая Газета”, разважаюць і спачуваюць. Такое бывае і ў судах. Судзьдзі, якія ня могуць адкрыта гэта выказаць, выходзяць за дзьверы, паціскаюць мне руку і кажуць: працягвай і надалей змагацца. У мяне гэта часам выклікае усьмешку, бо ж судзьдзі маюць такія ж самыя правы. Яны маюць права вырашаць, якое пакараньне даць, ці штраф у тысячу даляраў, ці папярэджаньне. Дык яны даюць штраф у тысячу даляраў. Чаму? У Польшчы такога не было пад час панаваньня рэжыму. У Польшчы судзьдзі якраз давалі меншы прысуд з магчымых, а нашыя наадварот”.

(Карэспандэнтка: ) “Што было б найбольш істотнай дапамогай краінаў Захаду Беларусі ў справе абароны правоў чалавека?

(Страмкоўская: ) “Найбольш істотнай я лічу дапамогу ў сфэры інфармацыі. У закрытым грамадзтве пэрспэктываў няма. Калі інфармацыя пра нашу сытуацыю становіцца набыткам іншых краін і арганізацый, дык тады яны могуць рэагаваць і памагаць. Мне вельмі шкада было, калі падчас маіх сустрэч з нават і адукаванымі амэрыканцамі, некаторыя ня мелі ўяўленьня пра тое, дзе знаходзіцца такая краіна, Беларусь. Важна, каб пра Беларусь не забываліся, каб ведалі пра нашу нацыю, пра нашы праблемы і, можа, суперажывалі”.